Даволі няўстойлівае надвор'е з дажджамі і навальніцамі чакаецца ў краіне на гэтым тыдні, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Сёння ўдзень атмасферныя франты абумовяць на большай частцы тэрыторыі краіны кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Максімальная тэмпература паветра будзе ад плюс 18 да плюс 24 градусаў. У сераду франтальныя падзелы, якія змяшчаюцца з паўднёвага захаду Еўропы, абумовяць пераважна па заходняй частцы Беларусі кароткачасовыя дажджы рознай інтэнсіўнасці, у асобных раёнах з навальніцамі. Тэмпература паветра ўначы складзе 9—14 цяпла, удзень у асноўным будзе ад плюс 20 да плюс 26 градусаў, па паўднёвым захадзе — да 19 цяпла.
Захаваецца няўстойлівае надвор'е і ў чацвер, калі на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тады ў асобных раёнах прагрымяць навальніцы, удзень па паўднёвым захадзе — з парывістым ветрам. Тэмпература паветра ўначы складзе 10—15 цяпла, удзень чакаецца ад плюс 20 да плюс 26 градусаў, у паўднёва-заходніх раёнах з-за шчыльнай воблачнасці і дажджоў будзе не вышэй за плюс 16—19 градусаў.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пятніцу ўначы месцамі, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах з навальніцамі. Тэмпература паветра ўначы складзе 8—13 цяпла, удзень прагназуецца ад плюс 16 да плюс 22 градусаў, па ўсходзе краіны паветра прагрэецца да 24 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/naviny-nadvorya-1