Двайняткі прыбеглі засмучаныя:
— Нам так шкада нашу сяброўку!
— А што з ёй?
— У яе дагэтуль няма ніводнага светлага бонстыка.
Рыдаем разам.
***
— Што вы там пішаце, дзеці?
— Складаем спіс падарункаў на Новы год.
— Так. І што там у спісе?
— Напрыклад, ланцужок з каштоўнымі каменьчыкамі.
— А там напісана, дзе тату ўзяць на гэта грошыкі?
— Прычым тут ты? Мы ж Дзеду Марозу падарункі заказваем!
— А, дакладна. Прабачце, забыўся.
Спадзяюся, пенсія ў Дзеда Мароза большая, чым зарплата ў Таты Холада. Бо ў адваротным выпадку «трапілі» абодва.
Гэта была рубрыка «Рыхтуй сані летам»
***
Дзеці слухаюць на камп'ютары казку.
Да мяне даносяцца словы добрага казачніка: «І тут з'яўляецца страшны монстр з гаджэта». Старэйшая дачка тут жа тлумачыць малодшым:
— Гаджэты — гэта тое ж самае, што дэвайсы.
Малодшыя з разуменнем ківаюць.
А я думаю пра тое, што калі-небудзь з гаджэтаў і сапраўды пачнуць вылазіць монстры. І нашых унукаў гэта ніколькі не здзівіць.
***
Вярталіся ўвечары дадому з малодшымі дзецьмі.
— Тата, а чаму нам здаецца, што ў месяца ёсць твар?
— Гэта не твар, гэта кратары.
— Якія яшчэ кратары?
— Ямы ўтварыліся ад падзення метэарытаў.
— А што такое метэарыты?
— Гэта такія вялікія камяні, якія лётаюць у космасе.
— А што такое космас?
— Так, я ўсё зразумеў: у месяца ёсць твар.
Павел ХОЛАД
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/pavel-holad
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/natatki-tatki