Новая пешаходная зона ў гістарычным цэнтры захопіць частку вуліцы Камсамольскай (ад Інтэрнацыянальнай да Нямігі) і Рэвалюцыйную.
Працы тут стартавалі ўвосень з перакладкі інжынерных сетак, а цяпер ідзе актыўнае пераўтварэнне прасторы. Працэс рэканструкцыі практычна завяршыўся на Камсамольскай, а вось на Рэвалюцыйнай у самым разгары: ідуць земляныя работы, афарбоўка фасадаў.
Мы падышлі да будучай пешаходнай зоны з боку вуліцы Інтэрнацыянальнай. У гэты час спецыялісты генпадраднай арганізацыі завяршалі брукаванне гранітам. Фактычна новае аблічча Камсамольскай ужо бачнае. Па цотным баку пакінута паласа для праезду тэхналагічнага транспарту і заезду аўтамабіляў жыхароў у свае двары. Гэтая зона з абодвух бакоў аддзеленая адмысловымі слупкамі-абмежавальнікамі. Уся астатняя прастора вымашчана гранітам, на тэрыторыі разбітыя новыя клумбы, устаноўлены сімпатычныя ліхтары.
Тут ужо прыгожа, а будзе яшчэ лепш, калі з'явяцца лаўкі для адпачынку, а на ўчастку Рэвалюцыйнай ад Камсамольскай да Гарадскога Вала летам адкрыюцца выносныя кафэ. Скрыжаванне вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай ўпрыгожыць дэкаратыўна-скульптурная кампазіцыя "Гадзіннік". Хранометр будзе сапраўдны, яго робяць на заказ на мінскім прадпрыемстве. Кампазіцыю дапоўняць указальнікі з назвамі аб'ектаў гістарычнага цэнтра.
Таксама абмяркоўваецца пытанне ўстаноўкі на Камсамольскай некалькіх невялікіх гандлёвых павільёнаў, стылізаваных ў духу забудовы XIX стагоддзя.
minsknews.by [1]
Спасылкі
[1] https://minsknews.by/k-kontsu-iyunya-v-stolitse-poyavitsya-novaya-peshehodnaya-zona/
[2] https://zviazda.by/be/tags/minsk