Міжнароднае свята традыцыйнай культуры "Браслаўскія зарніцы" пройдзе 26-27 мая ў Браславе Віцебскай вобласці, паведамілі ў Міністэрстве культуры.
У праграме першага дня фестывалю - конкурс харавых калектываў Віцебскай вобласці, урачыстае шэсце, канцэрты з удзелам прафесійных і аматарскіх калектываў з Беларусі і замежных краін (Расіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Эстоніі).
Увечары 26 мая на пляцоўцы старажытнага гарадзішча "Замкавая гара" адбудзецца свята сярэднявечнай культуры "Меч Брачыслава" з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі, вулічнага тэатра "Гістрыён" і фолк-гурта "Лiты Талер" (Мінск).
У другі дзень фестывалю пройдзе заключны гала-канцэрт і выступ ганаровых гасцей форуму Тэатра народнай песні і танца Смаленскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў. На працягу святочных дзён будзе працаваць "Браслаўскі фальварак" з прэзентацыямі сельскіх падворкаў, рамеснымі радамі, выставамі-продажамі прадпрыемстваў Браслаўскага раёна. Увечары на беразе маляўнічага возера Дрывяты адбудзецца фестываль-конкурс "Танец ветру". У неба ускінуцца паветраныя змеі.
Фестываль "Браслаўскія зарніцы" з'яўляецца адным з найстарэйшых у Беларусі, свой 50-гадовы юбілей ён адзначыў у 2017 годзе. Мерапрыемства праходзіць у статусе міжнароднага з 2009 года.
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/braslau