Жыхарка аўстралійскага Мельбурна ўказала ў латарэйных білетах дату свайго вяселля і выйграла 9,6 мільёна аўстралійскіх долараў (каля 14,5 мільёна беларускіх рублёў), паведамляе Nеws.со.аu.
Жанчына купіла два латарэйныя білеты ў якасці падарунка сабе і мужу на 19-ю гадавіну шлюбу. Каб атрымаць першы прыз, патрабавалася адгадаць восем лічбаў. Яна ўзяла іх з даты свайго вяселля і дзён нараджэння дзяцей. Камбінацыя аказалася выйгрышнай, і паколькі квіткі былі запоўненыя аднолькава, прыз будзе выплачаны ў падвойным памеры. Кожны месяц на працягу 20 гадоў пераможца будзе атрымліваць 40 тысяч аўстралійскіх долараў. Жанчына плануе выкарыстаць грошы, каб расплаціцца з даўгамі, а таксама пабываць у Порт-Дуглас — папулярным месцы адпачынку на поўначы Аўстраліі. Пра гэта марылі з вяселля.
У Новай Зеландыі з'явіўся незвычайны гатэль у форме чаравіка, паведамляе Thе Sun.
Гасцявы дом пабудавала сямейная пара — Сціў і Джудзі Рычардс. Яны распавялі, што ідэя нарадзілася за куфлем віна, а будаўніцтва гатэля заняло ўсяго год. «Мы заўсёды лічылі, калі нешта і рабіць, то толькі з гумарам. Па-мойму, гэта выдатны спосаб, каб зблізіць людзей», — падзялілася Джудзі Рычардс. Новы гатэль знаходзіцца ў лясным гаі, і ў ім адсутнічае тэлевізар. «Гэта значыць, што месца ідэальна падыходзіць для пар. Мы называем яго «чаравіком кахання», — распавяла гаспадыня. З пераваг жылля ўладальнікі адзначаюць наяўнасць каміна для рамантычных вечароў і ўнутраны сад з ручаём. Дом прапануецца наведвальнікам па цане 205 фунтаў (каля 290 рублёў) за ноч.
Вонг Ва Ют купіў квіток на самалёт і цэлы год бясплатна абедаў у рэстаране аэрапорта Сіань у горадзе Шэньсі.
Праз некалькі месяцаў яго мудрагелісты план раскрылі супрацоўнікі авіякампаніі Сhіnа Еаstеrn Аіrlіnеs. Пры гэтым нічога супрацьзаконнага хлопец не рабіў, а толькі скарыстаўся магчымасцю, прадстаўленай авіякампаніяй, якая гарантуе кожнаму пасажыру першага класа бясплатны абед перад палётам. Вонг набыў білет і затым на працягу года амаль штодня прыязджаў у аэрапорт, няблага абедаў, потым ішоў перарэгістраваць свой білет на наступны дзень. Зразумела, супрацоўнікі авіякампаніі звярнулі ўвагу на дзіўнага пасажыра, які больш як трыста разоў за год «перадумаў» ляцець. Авіякампанія прыняла рашэнне ануляваць «шчаслівы» білет з вяртаннем поўнага яго кошту.
Іван КУПАРВАС
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ivan-kuparvas
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/zamore