Літаратурнае свята провадаў вясны "Бэзавае полымя паэзii" пройдзе 26 мая ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі, паведамілі ва ўстанове.
"У садзе завяршаецца сезон цвіцення бэзу - прыгожая пара. Каб паспець атрымаць асалоду ад гэтых цудоўных вясновых імгненняў у рамантычнай атмасферы пад гукі гітары і лірычныя вершы арганізавана свята з адмысловымі гасцямі - таленавітымі беларускімі паэтамі розных пакаленняў, музыкантамі і спевакамі", - распавялі ў Батанічным садзе.
Спецыяльным госцем мерапрыемства стане камерны хор Salutaris, неаднаразовы пераможца і прызёр міжнародных конкурсаў. Запрошаны на свята і прадстаўнікі вядучых беларускіх часопісаў: "Вясёлкі", "Маладосці", "Полымя", "Верасня", якія шмат гадоў адкрываюць свету новыя імёны і творы. На паэтычным свяце таксама не абыдзецца без адкрыццяў - плануецца творчы дэбют, імя выступоўцы пакуль трымаецца ў сакрэце.
Трапіць на свята можна па кодавай фразе: "Бэзавае полымя паэзіі". Кожны, хто скажа пароль пры ўваходзе, патрапіць у Батанічны сад бясплатна, атрымаўшы яшчэ адзін бонус у падарунак - экскурсію па аранжарэі трапічных раслін.
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by/
[2] https://zviazda.by/be/tags/batanichny-sad
[3] https://zviazda.by/be/tags/bez
[4] https://zviazda.by/be/tags/paeziya
[5] https://zviazda.by/be/tags/tvorchasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/paet