Больш за 10 млн рублёў выдзеляць з рэспубліканскага бюджэту Нацыянальнай акадэміі навук на стварэнне новых тэхналогій для аграпрамысловага комплексу краіны. Такая інфармацыя змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў № 378 ад 22 мая 2018 года.
У дакуменце сказана, што Савет Міністраў узгадніў аб'ём фінансавання ў памеры 10,18 млн рублёў, які пойдзе на стварэнне ў НАН пілотных праектаў па распрацоўцы перспектыўных тэхналогій, машын і абсталявання для аграпрамысловага комплексу ў рамках Дзяржпраграмы развіцця аграбізнесу ў 2016—2020 гадах.
Усяго прафінансуюць 12 праектаў. Сярод іх будаўніцтва свінагадоўчага комплексу ў вёсцы Расошнае Смалявіцкага раёна і рэканструкцыя комплексу «Інстытут рыбнай гаспадаркі НАН Беларусі». Таксама ў спісе прадугледжана стварэнне комплексу для мікракланальнага размнажэння і дыягностыкі фітаінфекцый бульбы ў пасёлку Самахвалавічы Мінскага раёна і стварэнне навукова-эксперыментальнай вытворчасці сухіх малочных прадуктаў і інгрэдыентаў у Інстытуце мяса-малочнай прамысловасці. Акрамя гэтага, плануецца пабудаваць шматфункцыянальнае ўніверсальнае сховішча селекцыйных матэрыялаў.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/inavacyynyya-praekty
[4] https://zviazda.by/be/tags/groshy