Гавайскія астравы — безумоўны сімвал раскошы, дарагога і паспяховага жыцця, увасобленая мара — гэтай вясной ператварыліся ў прамым сэнсе слова ў гарачую кропку. Тут цяпер насамрэч «пекла»: на працягу некалькіх тыдняў бесперапынна льюцца патокі лавы з вулкана Кілаўэа, які распачаў магутнае вывяржэнне. Эвакуяваны ўжо тысячы чалавек, і, як гэта ні фантастычна гучыць, само існаванне Гаваяў (у тым выглядзе, як мы іх ведаем з часоў падарожжаў Джэймса Кука) знаходзіцца пад пагрозай. Лава, якая прарываецца вонкі ўжо з двух дзясяткаў вулканічных расколін, месцамі застыла, утварыўшы сцены вышынёй з чатырохпавярховы дом. Вулканічная актыўнасць закранула не толькі Вялікі востраў Гавайскага архіпелага, але і суседнія: іх паверхня таксама пакрыта вогненным павуціннем. Што чакае «райскія мясціны»?
Акіянскі хаб
Крыху традыцыйнай навігацыі. Гаваі — штат ЗША. Ён размешчаны на Гавайскіх астравах у цэнтральнай частцы Ціхага акіяна ў Паўночным паўшар'і на адлегласці 3700 км ад кантынентальнай часткі Злучаных Штатаў. У склад федэрацыі на правах штата Гаваі ўвайшлі 21 жніўня 1959 года, стаўшы 50-м па ліку штатам. Нароўні з англійскай выкарыстоўваецца японская мова, многія надпісы прадубляваныя іерогліфамі (канай).
Аснову эканомікі складаюць турызм і сфера паслуг. На астравах ёсць шэраг прыродных і гістарычных славутасцяў, у тым ліку нацыянальных паркаў, якія ўваходзяць у сістэму нацпаркаў ЗША. Тут уладкавана мноства курортаў. Асноўныя галіны прамысловасці — цукровая і фруктова-кансервавая. Галоўная сельскагаспадарчая культура — рыс. Лепшыя землі занятыя плантацыямі экспартных культур — ананасаў, цукровага трыснягу, кавы, сізалю, бананаў, гуавы. Вырабляюцца таксама арэхі макадаміі. Важкі прыбытак прыносіць кветкаводства.
Гаваі — найважнейшы транспартны хаб паўночнай часткі Ціхага акіяна, праз які праходзяць транскантынентальныя шляхі, якія злучаюць ЗША і Канаду з Усходняй Азіяй, Філіпінамі, Аўстраліяй і Новай Зеландыяй.
Манастыр Пеле
З гавайскіх наземных вулканаў Кілаўэа самы малады, з агульнай колькасці дзеючых вулканаў на Зямлі адзін з найбольш актыўных. Папярэднім разам Кілаўэа вывяргаўся ў студзені 1983 года. Гэта так званы шчытавы вулкан, які ўтварыўся з мноства адносна тонкіх слаёў застылай вадкай лавы, якая вылілася на паверхню падчас папярэдніх вывяржэнняў. Размешчаны ён на тэрыторыі Нацыянальнага парку Hawaі`і Volcanoes, прычым размясціўся прама на баку ў яшчэ больш буйнога вулкана Маўна-Лоа. Дарэчы, усяго на Гаваях шэсць вулканаў: Коха (вышынёй 1670 метраў над узроўнем мора) — патухлы, Маўна-Кеа (4205 м), Хуалалаі (2523 м) — дрымотныя, Маўна-Лоа (4169 м, самы вялікі актыўны вулкан на Зямлі: за апошнія 175 гадоў — 33 разы) і Кілаўэа (1247 м) — актыўныя, Лойхі (на 975 метраў у глыбіню) — падводны актыўны.
У карэнных жыхароў Гавайскіх астравоў вулкан Кілаўэа спрадвеку лічыўся «манастыром» багіні агню і ветру па імені Пеле. Адпаведна, маленькія кроплі лавы, якія застылі прама ў паветры і ператварыліся ў кропелькі або шарыкі, называюцца «слёзы Пеле», а застылыя ніткі — вынік астуджэння пырскаў лавы на ветры — гэта «валасы» багіні.
Знакаміты амерыканскі пісьменнік-фантаст Дэн Сіманс прысвяціў магчымаму вывяржэнню вулкана Кілаўэа свой раман «Вогнішчы Эдэма» (у іншым перакладзе — «Падпалены Эдэм»). Калі вы яшчэ не чыталі, напэўна, цяпер самы час. Дарэчы, багіня Пеле ў гэтай кнізе — адзін з цэнтральных персанажаў. Як нядзіўна, тэкст рамана часам нагадвае рэпартаж пра цяперашнія падзеі на Гаваях. Прынамсі, мяркуйце самі. «Наш шлях да кратара Кілаўэа заняў, напэўна, не больш за гадзіну, але з-за невыноснай спякоты, пастаяннай небяспекі і неабходнасці сачыць за кожным крокам ён здаўся нам бясконцым. Раптам, без усялякага папярэджання, мы апынуліся на беразе вогненнага возера — славутага Хале-Маўмаў. Звычайныя словы нічога тут не значылі. Усё, што прыходзіла на розум — «агонь», «вывяржэнне», «выбух», «паток», — не магло нават у малой ступені перадаць адчуванне грознай, нялюдскай сілы і жахлівай велічы, якія паўсталі перад намі, — напісаў Дэн Сіманс 13 гадоў таму. — Перш за ўсё маю ўвагу прыцягнула само вогненнае возера. Ручаі кіпячай лавы абвальваліся ў яго, накотваючы на чорныя прыбярэжныя скалы і звіваючы на яго паверхні тысячу лютых віроў. Прама перад намі з возера вырываліся і падалі назад адзінаццаць вогненных фантанаў. Паўсюль чуліся трэск камянёў, шыпенне пары, што вырывалася з тысяч расколін, дрыготкі стогн зямлі і над усім гэтым — магутныя прылівы і адлівы гэтага вогненнага акіяна, гэтага ёмішча некранутай прыроды, які дыхае прама ля нашых ног». Нічога не нагадвае?
Прыцягальнае «пекла»
Можа здацца нелагічным жыць побач з гарой, якая можа абрынуць на вас і вашу сям'ю воблака попелу і патокі распаленай лавы. Аднак у такім суседстве ёсць некаторыя перавагі. Калі ў пачатку мая зямля каля Леілані-Эстэйтс раскрылася і з яе пачалі выходзіць атрутныя пары і лава з гары Кілаўэа, жыхары наваколля самага актыўнага вулкана на Зямлі былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Узнікае лагічнае пытанне: навошта жыць побач з актыўным вулканам, калі вам, магчыма, давядзецца ў адно імгненне пакінуць свой дом, прабіраючыся між вогненных рэчак праз попел і таксічны дым?
Як нядзіўна гэта гучыць, вулканічнае асяроддзе ў пэўным сэнсе з'яўляецца асновай жыцця. Геатэрмальная энергія вулкана можа прыводзіць у дзеянне тэхналагічныя сістэмы. Глеба паблізу дзеючых вулканаў часта багатая мінеральнымі адкладамі і дае выдатныя магчымасці для сельскай гаспадаркі. Вулканы прыцягваюць турыстаў, што забяспечвае працоўныя месцы ў гатэлях, рэстаранах, сувенірных крамах. І, нарэшце, у некаторых людзей проста няма фінансавых рэсурсаў для пераезду. Акрамя культурных і рэлігійных прычын, многія жыхары раёнаў вакол Кілаўэа апраўдваюць рызыку прыгажосцю і аддаленасцю рэгіёна. «Мы былі гатовыя да гэтага, калі купілі тут дом. Усё будзе ў парадку, калі што, мы пабудуем яго зноўку», — сказала Стэйсі Уэлч, чый дом у Леілані-Эстэйтс, магчыма, быў знішчаны, перадае gіsmeteo.ru.
У «кальцы»
Цяперашняе вывяржэнне Кілаўэа (дваццатае па ліку з 1750 года) пачалося сёлета 3 мая і суправаджалася землятрусам сілай 6,9 бала. Тады ж правялі першую эвакуацыю, адсялілі жыхароў найбліжэйшых да вулкана пасёлкаў. Мера засцярогі, відавочна, выратавала дзясяткі жыццяў: патокі распаленай лавы знішчылі каля 30 навакольных дамоў. 9 мая губернатар штата Гаваі Дэвід Ігэ абвясціў раён вывяржэння зонай бедства і звярнуўся па дапамогу да кіраўніка дзяржавы. У адказ Дональд Трамп вылучыў на барацьбу са стыхіяй 400 тысяч долараў.
16 мая ўлады штата Гаваі аддалі распараджэнне прыступіць да поўнай эвакуацыі ўсходняга ўзбярэжжа самага буйнога іх гавайскіх астравоў; размешчаныя там прамысловыя прадпрыемствы і заводы зліваюць паліва і гаручыя вадкасці, каб не дапусціць пажараў. На астравах абвешчаны найвышэйшы, «чырвоны» ўзровень небяспекі, але геолагі перасцерагаюць, што гэта яшчэ не мяжа: у любы момант вулканічная актыўнасць можа стаць яшчэ больш інтэнсіўнай. У паветры назапашваецца небяспечная канцэнтрацыя шкодных газаў, якія прарываліся з нетраў вулкана, дыханне абцяжарвае попел, які разносіць вецер. Камякі распаленай лавы, так званыя вулканічныя бомбы, узлятаюць на вышыню да 150 метраў. Пакінуць зону бедства жыхары могуць толькі на верталётах. Апошнія шляхі выезду перакрытыя распаленымі патокамі і вогненнымі фантанамі. Навукоўцы папярэдзілі: адразу пасля вывяржэння Гаваі накрые кіслотны дождж.
Аднак узровень лавы ў самым вулкане знізіўся, што павышае верагоднасць фрэатычнага выбуху — маланкавага выпарэння падземных вод, якія ўступілі ў кантакт з распаленай магмай, тлумачаць геолагі. Спрагназаваць, калі адбудзецца выбух і якая будзе яго магутнасць, вельмі складана. Па адным з горшых сцэнарыяў, выбух будзе такой сілы, што расколе і гэты востраў, і суседнія на мноства частак. Гаваі рызыкуюць знікнуць з твару Зямлі.
Вывяржэнне вулкана Кілаўэа на Гаваях можа быць «першым званком» будучай глабальнай катастрофы. У найбліжэйшай будучыні астравы могуць сутыкнуцца з больш грознай прыроднай з'явай, паведамляе Scіence Alert. Навукоўцы высветлілі, што ўзровень лававых азёраў унутры вулкана панізіўся. Гэта адбылося з-за сыходнага руху расплаўленых парод. На думку спецыялістаў, калі магма апусціцца да месцаў, дзе залягаюць грунтавыя воды, адбудзецца вялікі паравы выбух. Наступствы выбуху прадказаць пакуль немагчыма. Па словах намесніка кіраўніка Гавайскай вулканічнай абсерваторыі Стыва Брэнтла, аналагічная сейсмічная падзея адбылася ў 1955 годзе, тады вывяржэнне працягвалася 88 дзён. Таму цяперашнія тры тыдні пакуль яшчэ далёка не канец.
Спецыялісты з Ціхаакіянскага цэнтра папярэджання аб цунамі вырашылі скласці відэакарту, якая паказвае перасоўванне эпіцэнтра землятрусаў. Паводле звестак, эпіцэнтр можа міграваць да спячага на цяперашні момант вулкана Маўна-Лоа. Калі ён прачнецца, то разарве на часткі ўвесь востраў. Ужо сёння ў раёне Маўна-Лоа навукоўцы рэгіструюць нямоцныя штуршкі, якія ўзнікаюць на глыбіні 100 метраў. Вышыня самога вулкана складае два кіламетры. 11 мая была зробленая тамаграма горы: як відаць на малюнку, магма ўжо пачала расцякацца ўнутры гары, гэта значыць, што да вывяржэння засталіся лічаныя тыдні. З прычыны наймацнейшых вывяржэнняў вышыня цунамі, якія ідуць да Каліфорніі, можа ўзрасці да ста метраў, што не можа не палохаць.
Гаваі знаходзяцца ў так званым Ціхаакіянскім вогненным кальцы: з Кілаўэа звязаны яшчэ 12 вулканаў, якія могуць пачаць вывяргацца. Адзін з такіх вулканаў у ланцугу — Сэнт-Хеленс, які знаходзіцца ў амерыканскім штаце Вашынгтон. 18 мая 1980 года яго ахвярамі сталі дзясяткі людзей. Геалагічная служба ЗША налічыла 169 патэнцыйна актыўных вулканаў у краіне, некаторыя з іх маюць прамалінейныя схілы, іншыя больш спадзістыя. 50 з іх у шасці штатах маюць высокі або максімальны прыярытэт назірання, хоць могуць працягваць «драмаць» тысячагоддзямі. Некаторыя з іх былі актыўныя ў наш час, іншыя вывяргаліся сотні ці нават тысячы гадоў таму.
Калі «Вогненнае кальцо» прыйдзе ў актыўнасць, то гэта зменіць ландшафт не толькі Амерыкі, але і ўсёй планеты. Геолагі заяўляюць, што на цяперашні момант стварыліся ўсе ўмовы для найбуйнейшага вывяржэння, якое можа адбыцца ўжо ў найбліжэйшы час.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/kantynenty
[5] https://zviazda.by/be/tags/gavai