Унікальная падзея ў культурным жыцці нашай краіны — з’яўленне першага беларускага арганнага дуэта. Юры Габрусь і Варвара Царук паасобку маюць шмат дасягненняў у музыцы. Юры скончыў Акадэмію музыкі і тэатра Гётэборгскага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Царкоўная музыка і арган». Па праграме абмену вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Брэмене, дзе авалодваў арганным выканальніцтвам пад кіраўніцтвам знакамітага прафесара доктара Ханса Давідсана і Рудольфа Кельбэра, вучыўся арганнай імправізацыі ў арганіста-віртуоза прафесара Крыстофа Громана. Варвара скончыла Беларускаю дзяржаўную акадэмію музыкі па спецыяльнасцях «Музыказнаўства» і «Арган». Яна актыўны ўдзельнік арганных акадэмій і майстар-класаў у Германіі і Аўстрыі. Больш за паўгода таму Юры і Варвара аб’ядналіся, каб знаёміць публіку з сачыненнямі, якія сольна на аргане сыграць амаль немагчыма.
— Звычайна для таго, каб граць на аргане, трэба прайсці фартэпіянную школу. Якім быў ваш шлях да аргана?
Юры: Насамрэч для таго, как граць на аргане, неабавязкова праходзіць праз кафедру спецыяльнага фартэпіяна. Зразумела, трэба ведаць клавірную тэхніку і валодаць фартэпіяна. На гэтым інструменце я граю з шасці гадоў. Але ніколі нават і не думаў звязваць жыццё з музыкай прафесійна. У мяне было прадузятае меркаванне, што трэба абавязкова праходзіць нейкія ступені: паступіць у Акадэмію музыкі, стаць выдатным піяністам, а толькі потым — арганістам. На той момант, калі мне патрэбна было выбіраць універсітэт, у нас яшчэ не было нават спецыяльнасці, дзе навучалі арганістаў. Да таго, як я звязаў жыццё з музыкай, адвучыўся на хіміка-арганіка, быў вучоным і працаваў у Акадэміі навук. А потым праз уласнае захапленне, пачаў граць на аргане.
Варвара: Я з дзяцінства марыла граць на аргане, але доўгія гады не магла да яго дабрацца. У музычнай школе, дзе я вучылася і з шасці гадоў грала на фартэпіяна, быў арган, але ў непрацоўным стане. Я думала, что насамрэч ён працуе, а мяне проста да яго не пускаюць. Ды паабяцалі, што я буду граць на аргане, калі вырасту. У музычным вучылішчы я вывучала музыказнаўства, па гэтай жа спецыяльнасці вучылася і ў Акадэміі музыкі. Там і пачала граць на аргане.
— Як і калі вы сталі разам за адзін інструмент?
Юры: Мы абое працуем у Дзяржаўным камерным хоры. Я прыйшоў у хор раней за Вару. Запрасіла кіраўнік хору Наталля Міхайлава, і я пачаў супрацоўнічаць з гэтым калектывам як арганіст. Наш першы сумесны канцэрт з хорам адбыўся ў Ракаве. У дадатак да гэтага я яшчэ і пяю. Таму мяне ўзялі ў штат Дзяржаўнага камернага хору. Сумяшчаў ігру на аргане і вакал. А потым прыйшла Варвара як лектар-музыказнаўца і арганіст. Вось і выкарысталі магчымасць граць разам.
Арганны дуэт наогул нераспаўсюджаная з’ява. Але ёсць вопыт арганістаў у іншых краінах. У Беларусі ў Акадэміі музыкі таксама можна было сустрэць арганныя дуэты: старэйшае пакаленне вучняў У. Неўдаха выконвала некалькі ансамблевых п’ес на аргане. Але гэтая практыка не атрымала распаўсюджання.
— Выконваеце пералажэнні твораў ці ёсць сачыненні, напісаныя спецыяльна для дуэта арганістаў?
Юры: Рэпертуарных ансамбляў, якія напісаны спецыяльна для аргана, няшмат. Часта арганны дуэт перакрываецца рэпертуарам для двух клавіраў. Напрыклад, творы Моцарта і Гайдна можна выконваць на аргане. Таксама італьяскае барока ў музыцы шмат увагі ўдзяляла арганнаму ансамблю. Таму што італьянскія саборы былі вялікія, а арганы — маленькія, і ў адным храме ставілі некалькі інструментаў. У Італіі некаторы час арганная музыка знаходзілася пад уплывам оперы. Выкарыстоўваліся тэмы Вердзі і Расіні, п’есы аб’ядноўваліся і выконваліся на двух інструментах. Таксама ёсць пераклады сімфанічных твораў для аргана. Часта іх робяць піяністы. Але фартэпіяна не можа перадаць адценні і фарбы аркестра, і слухач павінен дадумваць сам. Арган бліжэй да гучання аркестра.
— У храмах публіка не бачыць арганістаў, бо інструмент размяшчаецца на балконе. Ці можна на слых зразумець, што за арганам менавіта дуэт, а не адзін музыкант?
Юры: Так, гэта магчыма. У нас быў досвед, калі мы гралі адразу на ўсіх клавіятурах аргана — у аднаго чалавека не атрымалася б. Калі ў разгорнутых партыях задзейнічаны 3—4 клавіятуры з педалямі, то зразумела, што грае не адзін чалавек. Але слухачу, які прафесійна з музыкай не звязаны, напэўна, адрозніць будзе цяжка. Калі ў інструмента ёсць стэрэагучанне, то па колькасці галасоў, тэмбраў і фарбаў можна здагадацца аб тым, што граюць два арганы. Але ёсць такія творы, у якіх мэта кампазітара была, наадварот, у тым, каб аб’яднаць партыі, зрабіць пераход партый выканаўцаў незаўважным. Ёсць розніца: твор для двух арганаў ці для двух арганістаў за адным інструментам. У апошнім выпадку няма мэты, каб усе разумелі, што грае не адзін чалавек. Мы граем удваіх, каб сыграць складаныя творы, якія адзін чалавек выканаць не зможа.
— Якія творы вы абралі для канцэрта, што адбыўся 16 мая ў Чырвоным касцёле?
Юры: Наша праграма ахоплівае шырокі дыяпазон эпох. Першапачаткова рэпертуар складаўся з п’ес для механічнага аргана. То-бок, з тых п’ес, якія былі напісаны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя кампазітарамі венскай школы: Бетховенам, Моцартам, Гайднам. Фактычна яны былі прызначаны для аргана. Калі не зрабіць адаптацыю, то тэхнічна аднаму чалавеку іх выканаць немагчыма. Яны ідэальныя для выканання арганістамі ў чатыры рукі. Асноўны твор нашай праграмы — Саната Меркеля Рэ мінор для двух арганістаў. Выконваем п’есу кампазітара XVI стагоддзя Арнольда Шліка — асаблівасць у тым, што гэта адзіны за апошнія 500 гадоў твор, напісаны для дзесяці галасоў. Часам яго спрабуе выканаць адзін арганіст, але тэхнічна гэта вельмі складана і практычна немагчыма. Мы вырашылі, што можна выканаць твор у перакладзе для двух арганістаў. Гэта прэм’ера ў нашай краіне. Я не памятаю, каб імя Шліка гучала на канцэртных пляцоўках Беларусі. Прагучалі «Фантазіі» Гёсэ. Таксама выконваем пераклад Баха. Ён зрабіў яго на канцэрт прынца Саксонска-Веймарскага, які быў яшчэ і кампазітарам. Бах прапанаваў дзве версіі: адну — для аргана, дзе пераклаў толькі трэцюю частку; другая версія — пераклад усіх трох частак для клавіра. Арганную версію выконваем у перакладзе сучаснага італьянскага кампазітара Маўрыцыа Макела.
— Колькі часу вам спатрэбілася, каб сыграцца?
Варвара: Упершыню дуэтам мы гралі ў лістападзе мінулага года. Шмат займаемся. У залежнасці ад складанасці можам займацца разам ці самастойна: чым больш складаная п’еса, тым лепш яе вучыць разам. А калі п’еса простая, лепш паасобку, а разам потым граць.
Юры: Напачатку былі моманты лёгкага недаверу. Мы гралі, рэпеціравалі, а падчас канцэрта адчувалі стрэс і хваляваліся. Але знайшлі паразуменне, і цяпер узаемадзейнічаем лёгка і арганічна.
Юлія КАРДАШ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/muzyka