Сёння ж свята: 2 чэрвеня — Дзень лысых! Дарэчы, як высветлілася напярэдадні публікацыі, пра гэта мала хто ведае. Напрыклад, у Віцебску ніхто з ліку знаёмых журналістаў пра гэта нічога не чуў.
Самі і прыдумалі
Інфармацыю пра існаванне такога свята знайшоў у інтэрнэце. Між тым у сеціве згадваецца і іншая дата — 15 красавіка. Але большасць усіх сайтаў, якія пераглядзеў, сцвярджае: менавіта 2 чэрвеня — Дзень лысых. І дакладна невядома, хто першы прыдумаў святкаваць. Прачытаў, што ідэю прыдумалі ў пабе Лас-Вегаса, як і пра энтузіястаў з Масквы. Пра апошніх трохі ніжэй.
Пра лысых прыдумваюць анекдоты, яны часта ў цэнтры ўвагі кампаніі. Іх здымаюць у камедыях. Дарэчы, пра карысць лысіны. Бывае, змена іміджу дапамагае кар'еры. Аказваецца, зорны артыст Брус Уіліс ва ўзросце каля трыццаці пачаў лысець. І вельмі перажываў з-за гэтага. Але вырашыў галіць галаву і ў хуткім часе стаў усім нам вядомым «выратавальнікам чалавецтва», супергероем.
Скандальна вядомая ірландская спявачка і кампазітар Шынэйд О'Конар таксама лысая. Іншыя зорныя дамы перыядычна эксперыментуюць на гэты конт.
Зусім не мой стыль!
Шмат расійскіх акцёраў лысыя: Дзмітрый Нагіеў, Фёдар Бандарчук, Гоша Куцэнка і г. д. Вядома, што і Філіп Кіркораў быў лысы, калі выконваў ролю святога Валянціна ў камедыі «Каханне ў вялікім горадзе — 2». Нямала лысых і сярод іншых вядомых творчых людзей.
Адчуваю магчымы скепсіс з боку знаёмых, калег. Накшталт: «Ну ты ж не Кіркораў!» Калі ўжо праз некалькі гадоў 50, дык «чорт у рабро»? Што не зробіш падчас «крызісу сярэдняга ўзросту»? Але гэта ўсё не пра мяне. Калі б ведаў пра гэтае свята раней, усё роўна напісаў бы аналагічны рэпартаж. Дарэчы, хацеў правесці эксперымент яшчэ летась, але жонка адгаварыла, адзначыўшы, што лысы і я — гэта як неба і зямля. Маўляў, тыпаж не той, бо зусім не брутальны. Ды, шчыра кажучы, былі комплексы. Тым больш што ў гады юнацтва лысіна для мяне асацыявалася або з пенсіянерамі, або з тымі, хто выйшаў пасля зняволення. Але сёлета вырашыў зрабіць тое, што задумаў.
Мой таварыш, фатограф Віктар Нікалаеў, вельмі дапамог. Акрамя таго, што паабяцаў фатаграфаваць працэс пераўтварэння валасатага ў лысага, дамовіўся з цырульніцай, каб яшчэ і пагаліла. Толькі трэба прыходзіць з індывідуальным інструментам кліента. Які менавіта інструмент патрэбны, мне не паведамілі. Таму я вырашыў, што касета станка для галення вядомай фірмы — тое, што трэба. Купіў у краме побач з карпунктам. Паколькі пастаянны кліент, прызнаўся, для чаго. Гандлярка парадавалася майму абяцанню паказацца потым.
«Спыніце катаванні!»
Вырашыў прайсціся некалькі кіламетраў да цырульні пешшу. Па дарозе ўспамінаў кінатворы, дзе паказваюць, як воляй лёсу мужчыны становяцца лысымі. Напрыклад, Кіса Вараб'янінаў з «12 крэслаў». Памятаеце: закрычаў, каб Астап галіў, калі зразумеў, што з фарбаванымі валасамі ў савецкай Расіі нікуды з падвалу, дзе жыў дворнік, не выйдзе. Дарэчы, натхняў і эпізод, калі ён упершыню ўбачыў сябе ў люстэрка, і герою спадабалася быць лысым. Мо і мне таксама?
А яшчэ ўсмешку выклікаў фрагмент з фільма «Д'Артаньян і тры мушкецёры». Я пра няшчаснага, які служыў кардыналу, і яго пагаліў галоўны герой фільма. Памятаеце словы яго напарніка: «А што, табе пасуе!».
Майстар стрыжак у салоне «Рыа» на праспекце Чарняхоўскага пасадзіла ў зручнае крэсла. Калі Міла (так клічуць дзяўчыну) пачала машынкай стрыгчы валасы «пад нуль», нешта ў сэрцы «ёкнула». Я заплюшчваў вочы, міжвольна выкручваўся. Напэўна, вёў сябе так у дзяцінстве, калі трэба было вытрымаць «катаванні» ў цырульні. Праўда, прыборы тады былі прымітыўныя, таму і было перыядычна балюча галаве. У наш час адчуванні прыемныя.
Мае эмацыянальныя паводзіны толькі смяшылі цырульніцу-прыгажуню, калегу — таксама. Супакойвала, што ўсё больш мужчын просяць «пад нуль», асабліва летам.
Фатограф заінтрыгаваў тым, што ў мяне, аказваецца, унізе галавы вялікая радзімка. Віктар пажартаваў, што як у Гарбачова. А я і не ведаў!
Шчыра кажучы, у люстэрка я паглядзеў не адразу пасля стрыжкі. Убачыў там, на мой погляд, жах. А яшчэ ж трэба пагаліцца! Убачыўшы станок, які я дастаў з сумкі, Міла сказала, што неабходна было прынесці лязо менавіта для галення галавы. Прыйшлося выкарыстоўваць тое, што было. Міла не без цяжкасці, але старанна поўнасцю «ачысціла» галаву ад «калючак». Ні разу не парэзала. Прызнаюся, на гэты раз яшчэ больш не хацеў глядзецца ў люстэрка. Нават схаваўся за дзвярыма. Убачанае, мякка кажучы, зноў напужала.
Цяпер... дарагі касцюм?
Думаў, калі выйду з цырульні, усе будуць на мяне глядзець. Ды мінакі не звярталі ўвагі.
Першую са знаёмых сустрэў калегу. Прайшла міма. Яна не пазнала, хоць вельмі хацеў запытаць яе наконт уражанняў.
Кіраўнік фірмы, пра якую не раз згадваў у публікацыях, ішоў насупраць, можна сказаць вочы ў вочы. Спыніўся і ацаніў мой новы вобраз. А калі пачуў пра свята лысых, парадаваўся.
Дырэктар Летняга амфітэатра прайшоў міма. Я падышоў да яго аўто, каб павітацца. Той сказаў, што мне вельмі пасуе. І нават дадаў, што для гэтага ўчынку, напэўна, была неабходна і мужнасць, каб рэзка змяніць імідж. Тым больш спецыяльна, каб менавіта паспець да невядомага яму свята.
А кіраўнік дырэкцыі міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», якога сустрэў праз некалькі хвілін, далікатна кіўнуў. Як заўсёды, дарэчы.
Больш за ўсіх радавалася гандлярка, якая прадала касету: «Прыкольна, прыкольна, прыкольна! Пасуе вам!»
Жанчына, з якой пазнаёміліся ў танцавальным гуртку, дзе займаюцца нашы дзеці, не пазнала. Акуратна ўзяў яе за руку. Трохі спужалася, а пазнаўшы, пачала смяяцца. Сказала, што ўсё добра.
Міліцыянер у паважаным ведамстве ўпершыню праверыў сумку. А супрацоўніца (на жаль, ён паведаміў ёй па тэлефоне, хто да яе ідзе, таму сюрпрызу не атрымалася) сказала: «Ну, як? Ну, нармальна».
Дзеці, да якіх завітаў, адрэагавалі па-рознаму. 13-гадовы Міхаіл адразу і не зразумеў, няўжо гэта я. У яго нават вочы акругліліся. Хлопчык запытаў, навошта, сказаў, што мне лысіна не падыходзіць. 10-гадовы Аляксей усміхаўся і нічога не сказаў. Напэўна, будучы дыпламат? На жаль, кот, якога з павагай называю Цімафеем Міхайлавічам, спаў. Вырашылі не будзіць «важнага эксперта».
Мама маіх дзяцей не зразумела, хто перад ёй. Спачатку паглядзела вельмі сур'ёзна. Потым запытала: «Можа, у армію на зборы?». Пачуўшы пра свята, пачала разважаць, што лысіна патрабуе таго, каб змяніць імідж у цэлым. Напрыклад, трэба падкачаць мышцы. Вырашыў, што калі трэба змена, то кіну паліць, абавязкова! Пакуль «не Геракл», на яе погляд, ёсць іншыя варыянты. Напрыклад, вобраз творчага чалавека. У адзенні — вольны, лёгкі стыль. Нестандартныя штаны, напрыклад, неардынарная кашуля. А калі ўжо касцюм, дык дарагі, а лепш вельмі дарагі, каб падкрэсліваць статуснасць. Ды яшчэ пры ўсім гэтым трэба думаць, як галаву ад спякоты берагчы: капялюш ці кепка?
Калега з нацыянальнага тэлеканала не пазнала. Калі павітаўся, ледзь не выпусціла з рук сціплы журналісцкі перакус. Вельмі смяялася.
Знаёмая брунетка з банка аж шарахнулася. А калі пазнала, усміхнулася.
Свята запомніцца надоўга. Такое насамрэч не забываецца. Але вырашыў, што лысым добраахвотна больш не буду. Ды і цяжка самому рабіць неабходныя працэдуры, каб падтрымліваць галаву ў неабходнай для «прафесійнага лысага» форме.
Галоўны недахоп у выніку эксперымента — няма звычкі так выглядаць. Яшчэ нязручна насіць сонечныя акуляры на галаве. Пару разоў не ўпісаўся ў шкло ў офісах, бо без валасоў «дыстанцыю трымаць не навучыўся».
Плюсам лічу, што парадаваў людзей. Яшчэ памаладзеў, бо не бачна сівых валасоў, у спякоту не так праблемна. І, вау, можна некалькі месяцаў не траціцца на візіт у цырульню!
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота Віктара НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzen-lysyh
[4] https://zviazda.by/be/tags/lysyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/stryzhka