Студэнты філалагічнага факультэта БДУ выпусцілі навучальны фільм на англійскай мове «Myths around us» («Міфы вакол нас»). Яго аўтарамі сталі першакурснікі і пяцікурснікі спецыяльнасці «класічная філалогія».
Фільм у гульнявой форме дэманструе, якія памылкі робяць вытворцы пры выбары назваў гандлёвых марак, калі звяртаюцца да класічных міфаў. У сваім відэа студэнты пераканаўча даказваюць, што сучасныя метады прасоўвання тавараў і паслуг павінны быць заснаваныя на глыбокім разуменні міфалогіі старажытных Грэцыі і Рыма. Часцей за ўсё няведанне змястоўнай трактоўкі антычных вобразаў прыводзіць да кур'ёзных памылак. Напрыклад, у сюжэце студэнты дэталёва прааналізавалі назвы беларускіх фірмаў, дзе сустракаюцца вобразы Адысея, менад і дрыяд. Дрыяды, паводле старажытнагрэчаскай міфалогіі, з'яўляюцца заступніцамі дрэў. Аднак некаторыя беларускія мэблевыя фірмы неабдумана выкарыстоўваюць у сваіх лагатыпах імёны дрэвавых німфаў, што супярэчыць прызначэнню захавальніц лесу. Дарэчы, дрыяды за беспадстаўнае пашкоджанне або знішчэнне дрэў маглі сурова пакараць чалавека.
Прэм'ера фільма адбылася з прыцягненнем удзельнікаў навуковага форуму, які праходзіў у Варшаўскім універсітэце, і студэнтаў філфака. Абмеркаванне прайшло ў фармаце анлайн.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/kino
[6] https://zviazda.by/be/tags/brend