Цяпер права на атрыманне безнаяўных жыллёвых субсідый па выяўляльным прынцыпе дадаткова дадзена грамадзянам, якія даглядаюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў і якія атрымліваюць адпаведную дапамогу ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Пра гэта гаворыцца ва Указе № 225, які кіраўнік дзяржавы падпісаў 7 чэрвеня.
Акрамя таго, субсідыі будуць дадзены тым, хто атрымлівае дапамогу па доглядзе інваліда І групы або асобы, якая дасягнула васьмідзесяцігадовага ўзросту. Пры гэтым дапамога грамадзянам будзе выдзяляцца на падставе звестак інфармацыйных рэсурсаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны без неабходнасці збору якіх-небудзь дакументаў.
Удакладняецца, хто і калі можа атрымаць субсідыю, калі здымае прыватнае жыллё. Згодна з гэтым дакументам, права на атрыманне субсідый па заяўляльным прынцыпе дадзена таксама грамадзянам або сем'ям, якія не маюць уласнага жылля і пражываюць на здымных кватэрах альбо ў інтэрнаце прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці. Як і раней, субсідыя выдзяляецца пры ўмове, калі штомесячная сума платы за жыллёва-камунальныя паслугі пры нарматыўным іх спажыванні перавышае 20 % сярэднямесячнага сукупнага даходу сям'і ў горадзе і 15 % у сельскай мясцовасці.
Указ вызначае, што з першых дзён наступнага года субсідыі не будуць выдзяляцца грамадзянам, уключаным у спісы працаздольных, але не занятым у эканоміцы, і якія аплачваюць паслугі па тарыфах, што забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне. Пры гэтым члены сям'і, якія пражываюць сумесна з імі, маюць права на атрыманне субсідый.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyovyya-subsidyi