Што агульнага можа быць у дзяўчынкі Соні, якая хавае пад сваім ложкам кракадзіла Мурзіка, прыхільніка дамашніх катлет, з вечна галоднымі, нявыспанымі і беднымі студэнтамі-медыкамі? На першы погляд – нічога. Але калі капнуць глыбей, усе гэтыя персанажы знойдуцца на старонках кніг аднаго аўтара – Паўла Гушынца. Павел (які просіць не называць яго па бацьку) пачаў свой шлях да чытача некалькі гадоў таму з публікацыі жыццёвых гісторый пра дактароў і ваенных на папулярным інфармацыйна-забаўляльным партале і нечакана прыйшоўся “па гусце” тысячам падпісчыкаў. Неўзабаве малады аўтар запусціў у інтэрнэце праект па зборы сродкаў на сваю першую кнігу – неабходная сума была пералічана (і нават з лішкам) за паўтары дні. Не прайшло і года, як свет пабачыў другі зборнік, трэці ... А не так даўно Выдавецкі дом “Звязда” выпусціў першую кнігу для дзяцей цяпер ужо дакладна пісьменніка Паўла Гушынца – “Дзяўчынка і кракадзіл”. Кніга атрымалася не менш іранічнай, чым яе “старэйшыя браты”, і, мяркуючы па рэакцыі дзяцей на сустрэчах з аўтарам, не менш прывабнай для чытачоў. Пра тое, як медыку стаць пісьменнікам, дзе знайсці рэсурсы на выданне кнігі і чаму нельга чытаць шмат твораў Даўлатава запар, “Звязда” пагутарыла з Паўлам Гушынцом.
- Вы скончылі Беларускі медуніверсітэт, працавалі ў рэанімацыі, у інфекцыйным аддзяленні, у цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, служылі ваенным урачом у арміі. Ды і зараз працуеце ў фармацэўтычнай кампаніі. Адкуль жа ўзялася цяга да пісьменніцтва?
- Пісаць я пачаў вельмі даўно. Гэта быў 94 год. Мне было 14. Тады ўсе хлапчукі зачытваліся фантастыкай – Гары Гарысанам, Лайанам Спрэгам дэ Кампам, Робертам Говардам. І я, натхнёны імі і сваім аднакласнікам, які сачыняў фантастычныя апавяданні, неяк прыйшоў дадому, узяў з паліцы агульны сшытак і пачаў пісаць фантастычны раман. Так, адразу ў 14 гадоў пачаў з фантастычнага рамана. Уласна, прайшло 24 гады, а ён да гэтага часу ў мяне не дапісаны. Там трызненне вар'ята, канешне.
Літаральна праз год я зусім знахабіўся – я ж ужо быў вопытны 15-гадовы пісьменнік! – і сачыніў невялікі зборнік фантастычных апавяданняў. Трызненне вар'ята яшчэ горшае. Я знахабіўся настолькі, што прынёс апавяданні галоўнаму рэдактару нашай наваполацкай газеты “Хімік” Лявону Неўдаху. Да гонару яго хачу сказаць, што ён не пасмяяўся (ва ўсякім выпадку, у маёй прысутнасці). Ён сказаў: усё выдатна, у цябе ёсць перспектывы, – і апублікаваў адно з апавяданняў. Тыраж я спаліў, таму можаце яго не шукаць. Гэта ганьба. Адзін асобнік гэтай газеты ў мяне ўсё ж захоўваецца... Але больш вы не знойдзеце.
А потым я проста не пераставаў пісаць. Мяне друкавалі ў перыёдыцы, я быў пастаянным карэспандэнтам універсітэцкай газеты, рабіў заметкі пра наша студэнцкае жыццё. Я пісаў усюды: у медыцынскім вучылішчы, ва ўніверсітэце, у арміі. Раслі стосы маіх кніжак “для сябе” – некалькі фантастычных раманаў, зборнікі апавяданняў. Я спрабаваў пасылаць іх у выдавецтвы, але беспаспяхова.
А два гады таму здарылася сітуацыя, на жаль, знаёмая многім, – я страціў працу. Займаў кіруючую пасаду ў адной буйной фармацэўтычнай кампаніі, раптам адбылася змена кіраўніцтва, а разам з кіраўніцтвам змянілася і каманда. Было няпроста знайсці новае месца, недзе паўгода я быў “у актыўным пошуку”. З'явілася шмат вольнага часу, а сядзець без справы – гэта не для мяне. Адкрыў свой файл на паўтары гігабайты, куды скідваў усё, што пісаў раней, дапрацаваў тое, што ў мяне гадоў 15 ляжала няскончаным. Стаў больш часу праводзіць у інтэрнэце. І выявіў, што народ даволі непадрыхтаваны ў нейкіх банальных медыцынскіх пытаннях. Ды што там, часам людзі проста бязглуздзіцу нясуць! І я паспрабаваў напісаць некалькі апавяданняў пра нейкія простыя рэчы, накшталт: не хадзіце зімой без шапкі, інакш атрымаеце менінгіт. А яшчэ я вырашыў узгадаць і запісаць цікавыя жыццёвыя гісторыі са сваёй медыцынскай і ваеннай практыкі. Былі смешныя, былі сумныя, былі страшныя.Пачаў выкладваць іх на адзін літаратурны інтэрнэт-партал. Атрымаў станоўчыя водгукі.”Класна! Выдатна!” – пісалі мне адны і тыя ж 8 чалавек... Я стварыў групу “Аўтар Доктар Лабанаў” у сацыяльных сетках, зарэгістраваўся на папулярным інфармацыйна-забаўляльным партале і “атакаваў” яго карыстальнікаў (а іх там больш за мільён), публікуючы па апавяданні кожны тыдзень. Праз два месяцы на гэтым партале ў мяне было ўжо 15 тысяч падпісчыкаў. У каментарах да гісторый у мяне сталі пытаць: а чаму б не зрабіць кнігу з вашых апавяданняў? Добра, кажу, а як? Тут мяне прасвяцілі, што такое краудфандынг (калектыўнае фінансаванне цікавых праектаў праз інтэрнэт) і як ён працуе, і ў хуткім часе я запусціў праект па зборы сродкаў на выданне кнігі. Я, канешне, не чакаў, што за 24 гадзіны людзі пералічаць амаль усю неабходную суму. А далей – пайшло-паехала. Працу я знайшоў, але як аўтара мяне было ўжо не стрымаць. Сёння на партале мае апавяданні чытаюць больш за 30 тысяч чалавек, дзякуючы іх інтарэсу да таго, што я раблю, і магчымасцям, якія адкрывае краудфандынг, з’явіліся новыя зборнікі “Думкі з-пад фуражкі” і “Сцямім на траіх, або тэрмінова патрабуецца пажарны”. Вось такая цікавая схема атрымалася: і для мяне не затратная, і для людзей прыемная. А даслаць кожнаму, хто пералічыў сродкі, яго пасылку з кніжкай – гэта ж нескладана.
- Як думаеце, чаму гісторыі пра медыкаў і ваенных знайшлі столькі прыхільнікаў?
- Таму што яны жыццёвыя. Я спрабаваў выкладваць выдуманыя гісторыі ў інтэрнэт. Але жыццё – яно значна цікавей можа нафантазіраваць. Мне кажуць: вось вы расказваеце выпадак, нейкі ён непраўдзівы. А я адказваю: слухайце, рэальнасць– асабліва медыцынская– часам такія падкідвае сітуацыі, якія прыдумаць немагчыма. У мяне ў Полацкай бальніцы быў такі пацыент, якога жонка замкнула ў кватэры, а ён выскачыў з акна па гарэлку. З сёмага паверха. Прызямліўся, устаў і пайшоў далей. Праўда, з трэшчынай у копчыкавай косці. Але гэта нішто, мэта ж была ў чалавека. А калі я ўжо працаваў у Мінску, да нас у бальніцу з завода прывезлі цікавую пару: 40-гадовага настаўніка і 19-гадовага стажора. Вучань палез у станок – і застаўся без двух пальцаў. Настаўнік раззлаваўся: “Куды ты лезеш, трэба ж вось так!” І таксама засунуў руку ў станок, і пакінуў там тыя ж два пальцы. Але ўжо свае. І не ведаеш, смяяцца тут або плакаць.
Ёсць і драматычныя гісторыі, пра жыццё глыбінкі ў 90-я гады. Я ў тыя часы працаваў санітарам у раённай бальніцы. Вельмі цяжкі быў перыяд вакол: людзі проста з глузду з’язжалі, такое тварылі, я б не паверыў ніколі, калі б не ўбачыў на ўласныя вочы.
А калі скончыліся мае сюжэты – падключыліся калегі і сябры. У аднаго майго знаёмага нейрахірурга ўсе гісторыі пачынаюцца аднолькава: “Свідрую я яму чэрап...”
- Як жа на фоне гэтай “праўды жыцця” з’явілася дзіцячая кніжка “Дзяўчынка і кракадзіл”?
- А яна таксама жыццёвая. У мяне з'явілася дачка Соня – я стаў сачыняць дзіцячыя казкі. Пачыналася ўсё банальна. Я прыходжу вечарам чытаць дачцэ казку – а яна кажа: слухай, гэта ўсё надакучыла, давай што-небудзь сваё прыдумаем. І мы пачалі абыгрываць класічныя сюжэты: у нас Калабок сыходзіў у зараснікі Аўстраліі паляваць на каал, а Дзюймовачка лётала па могілках... “Дзяцінства Стывена Кінга”, як я гэта называю. А потым мы сталі ствараць свае казкі. Адкуль узяўся кракадзіл? Прыйшлося яго прыдумаць, каб дапамагчы Соні перамагчы страх цемры. Яна баялася, што ноччу з-пад ложка выпаўзуць павукі – страшныя, з касматымі лапкамі, – таму патрэбен быў хтосьці, хто б мог іх адолець. Нам падалося, што маленькі хатні “падложкавы” кракадзіл – ідэальная кандыдатура для гэтай справы. Праўда, яго ролю адыгрывае зялёны плюшавы бегемот… Як аказалася, кракадзілы не толькі дапамагаюць пазбавіцца ад страхаў, але і даюць шмат каштоўных парадаў – пра іншых кракадзілаў, пра людзей, пра ўзаемаадносіны. Вось з невялікай часткі такіх гісторый пра сяброўства Соні і кракадзіла і атрымалася кніга.
- Астатнія гісторыі патрапяць у наступную дзіцячую кнігу?
- Абавязкова. Але зараз я збіраю матэрыялы для кнігі пра жыццё беларусаў у акупацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Чаму раптам такая тэма? Бабуля маёй жонкі, Аляксандра Пятроўна, прачытала зборнік “Думкі з-пад фуражкі” і кажа: слухай, хачу расказаць табе некалькі сваіх гісторый, але яны пра вайну, пра жыццё ў перыяд акупацыі ў Варонежы (яна адтуль родам). Я кажу: давайце, чаму б і не. Запісаў іх, выклаў у інтэрнэт і па рэакцыі чытачоў зразумеў, што ім цікавая гэтая тэма. Стаў пытаць у сяброў, знаёмых, сваіх падпісчыкаў у інтэрнэце, ці ёсць у іх такія сямейныя гісторыі, ці застаў хто-небудзь са сваякоў тыя часы. З'ездзіў у Іўе, Валожын, Столін, пагутарыў з жывымі сведкамі, што жылі ў акупацыі. Мы прывыклі, што ёсць чорнае і белае. Але ж беларусы неяк жылі побач з немцамі, спрабавалі знайсці агульную мову, выбудоўвалі нейкія ўзаемаадносіны... Складана судзіць аб гэтым. Але ведаць пра гэта трэба.
- Усе гэтыя праекты патрабуюць шмат часу. Не кажучы ўжо пра тое, што значную частку дня займае асноўная праца. Застаецца хвілінка, каб пачытаць іншых аўтараў?
- Цяпер час такі, імклівы, цяжка проста ўзяць і спакойна, з задавальненнем, пагрузіцца ў “Вайну і мір”. Але я стараюся чытаць пастаянна. Чытаю перад сном, еду ў машыне (а праца ў мяне раз’язная) – уключаю аўдыёкнігі. Я вельмі “ўсеядны”. Люблю Стругацкіх, Велера, Чэхава, Стывена Кінга. Даўлатава ўсяго чытаў. Але я вельмі ўражлівы. Калі больш двух кніг Даўлатава запар прачытаю, спіцца магу. Джэральда Даррэла, англійскага натураліста, люблю. У яго вельмі “цёплыя”, вельмі дзіцячыя кнігі, толькі шукаць трэба выключна савецкія пераклады, таму што сучасныя – гэта зусім не тое. Чаму я стаў урачом? Прачытаў кнігі Джэральда Даррэла і палюбіў біялогію. Але, паўтаруся, я абсалютна “ўсеядны”. Дайце мне “Сельскую газету” за 85-ы год – і я буду яе чытаць.
- А на творчасць калі выкройваецца час?
- Па працы я часта езджу ў камандзіроўкі, начую ў гасцініцах, вось там у мяне ёсць вечары, калі я магу спакойна пісаць і ніхто мяне не будзе чапаць. Я адкрываю ноўтбук і пачынаю распісваць апавяданні, накіданыя ў выглядзе тэзісаў, урыўкаў.
А яшчэ мне вельмі пашанцавала. Абедзве мае “жанчыны”, жонка і дачка, совы. А я жаўрук. Гэта значыць, у суботу і нядзелю ў 7 раніцы ў мяне сна ўжо ні ў адным воку. І пакуль дзяўчаты спяць да 12, у таты надыходзіць творчая пара, “болдзінская раніца”. Наогул, заўсёды можна знайсці час на тое, каб напісаць ці прачытаць нешта. Было б жаданне. Усе гэтыя апраўданні кшталту “няма калі”... Ёсць калі. Заўсёды ёсць калі.
Алена КАРПЕНКА
Фота Кастуся ДРОБАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-karpenka
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/litaratura