Непрадказальны, эксцэнтрычны і ў той жа час неверагодна сціплы. Менавіта гэтымі трыма эпітэтамі характарызуюць сябры і калегі Сяргея Балянка, творчасць якога з самага пачатку прафесійнай дзейнасці ўразіла не аднаго гледача. Гэты мастак умее інтрыгаваць. Тыдзень таму ў галерэі «Арцель» у свой дзень нараджэння спадар Сяргей прэзентаваў выстаўку пад назвай «Так, мы знаёмыя!», у якой прадугледзеў эфект нечаканасці: на вернісажы акрамя графічных работ прадставіў дваццаць дзве жывапісныя карціны.
З асаблівым пачуццём гумару і цёплым адчуваннем жыцця, пад гукі рок-н-рольных матываў ён запрасіў гасцей «пачаставацца» глыбіннай сюжэтнасцю графікі і сонечнымі колерамі жывапісу. Складана зразумець, які Балянок захапляе больш.
— Гэта ўнікальны праект, таму што аўтар з трапятаннем ставіцца да свайго жывапісу, пра які мала ведаюць у мастацкіх колах, — падкрэслівае куратар праекта мастацтвазнаўца Наталля Сяліцкая. — У свой час Сяргея Балянка лічылі нетыповым і скандальным творцам. Ён прыйшоў у мастацтва ў канцы 1980-х і адразу ж стаў ціхім бунтаром: у адрозненне ад іншых беларускіх мастакоў-графікаў ён імкнуўся абавязкова сказаць сваё слова ў нацыянальнай тэме, не пісаў партрэтаў знакамітых дзеячаў культуры. Адразу ж заявіў пра сябе як пра тонкую і эмацыянальную асобу. Сяргей вельмі беражліва ставіцца да сваіх сноў, па іх успамінах часцяком прыдумляе новыя «сцэнарыі» работ. Свае творы аўтар называе не карцінамі, а малюначкамі. Ён часта паўтарае, што стварае не пра памяць, а па памяці: звяртаецца да ўнутранага свету, разваг, эмоцый. Яго карціны месцамі сюррэалістычная, аўтар вельмі далікатна падбірае для іх назвы паэтычныя і сэнсавызначальныя.
«А снег затрымаўся яшчэ мінулай ноччу...», «Горача. Паляцелі», «Ранняя вясна, неспакойна і зябка», «Добры дзень, а куды вы ідзяце...» Назвы ўцягваюць у графічныя работы Сяргея Балянка, мастака-эстэта, філосафа з жывым розумам. Яго бацька — філосаф, прафесар эстэтыкі, маці — філолаг. Выхаванне ў такой інтэлігентнай сям’і з маленства заклала зерне асаблівага стылю як у паводзінах, так і ў творчасці.
Жывапіс — яшчэ адна грань творчасці Сяргея Балянка. Калі ў графіцы для яго прыярытэтам з’яўляецца лінія, то ў жывапісе ён больш зацікаўлены каларытам. Гледзячы на маляўнічыя работы майстра, складана паверыць, што іх стварыў графік.
— Мне вельмі падабаецца адчуваць сябе жывапісцам, — расказвае Сяргей Балянок. — Падабаецца працаваць з колерам, бо ім можна перадаць добры настрой, цёплую эмоцыю. Часта ў адной карціне я змешваю нацюрморт і пейзаж, якія пераплятаюцца агульнай кампазіцыяй. Працэс зачароўвае. Паколькі да выяўленчага мастацтва я стаўлюся не як да працы, а як да задавальнення, у кожным імгненні ўлоўліваю нешта асаблівае. Цярпець не магу, калі мастакі кажуць, ідучы ў майстэрню, што яны ідуць на працу. Для мяне працаваць і займацца мастацтвам — гэта два розныя паняцці.
У жывапісе спадар Сяргей выкарыстоўвае пастэльныя колеры, паветраную перспектыву. Для яго важна перадаць каляровую разнастайнасць прадметнага свету. Але і тут ён застаецца сабе верным: палотны — не рэалістычныя выявы, а хутчэй «фотаздымкі» памяці, толькі ўжо ў колеры.
— Калі я вучыўся ў Львоўскім паліграфічным інстытуце, у нас былі гадзіны і жывапісу, і малюнка. Мой выкладчык заўсёды казаў, што я прыроджаны жывапісец, — успамінае мастак. — Я часта натхняўся вольным паветрам, змалёўваў пейзажы і атрымліваў ад гэтага неверагоднае задавальненне. Але падчас спецыялізацыі выбраў кірунак кніжнага афармлення і атрымаў працу ў выдавецтве. Доўгі час марыў: як толькі выйду на пенсію — абавязкова займуся жывапісам. Але час вырашыў па-іншаму. Прыкладна ў пяцьдзясят гадоў звярнуўся да колеру: тое, што сядзела ўва мне доўгія гады, проста вырвалася магутнай творчай энергіяй.
Графіка Сяргей Балянка прынесла яму сапраўдную славу. Уменне прадумваць кожную дэталь, а яшчэ надаваць ёй вялікі сэнс — асаблівасць творчага падыходу майстра. Яго ідэальныя лініі можна разглядаць гадзінамі, ёсць асацыяцыі з асабістым унутраным светам.
На выстаўцы прадстаўлена рэтраспектыва графічных твораў Сяргея Балянка пачынаючы з 1986 года. Майстар кажа, што няўдалае мастацтва ён ніколі не паказвае і тым больш не калекцыянуе. А ўсе творы, да якіх не ляжыць душа, наогул знішчае.
У яго дома на ўсялякі выпадак заўсёды ёсць адно ці два чыстыя палотны і некалькі цынкавых пласцін, бо ён ніколі не ведае, якім будзе новы дзень і што яму захочацца пра яго расказаць у малюнку ці ў колеры.
Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-askera
[2] https://zviazda.by/be/tags/mastactva