Учора пайшоў з жыцця вядомы урач-анколаг, які прапрацаваў у гэтай сферы некалькі дзясяткаў гадоў і да 2009 года ўзначальваў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М.М.Аляксандрава Іосіф Залуцкі. Яму было 67 гадоў.
Апошнія гады Іосіф Віктаравіч пакутаваў ад анкалагічнага захворвання.
Іосіф Залуцкі нарадзіўся ў вёсцы Мумішкі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Вучыўся ў медыцынскім вучылішчы ў Маладзечне і ў медыцынскім інстытуце ў Мінску. Працаваў клінічным ардынатарам, урачом-радыёлагам радыялагічнага аддзялення НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі (цяперашні РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М. М. Аляксандрава). Пасля аспірантуры працаваў у лабараторыі гіпертэрміі і клінічнай тэрапіі, аддзяленні рэабілітацыі і брахітэрапіі, аддзяленні агульнай анкалогіі і пластычнай хірургіі гэтага ж даследчага інстытута.
У 2000 годзе яму далі званне прафесара і ў гэты ж час ён узначаліў РНПЦ.
З 2001 года ён быў галоўным пазаштатным анколагам Міністэрства аховы здароўя, а з 2010 года намеснікам акадэміка-сакратара аддзялення медыцынскіх навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дырэктарам Інстытута фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук.
Іосіф Віктаравіч быў вядомы як высокапрафесійны спецыяліст у галіне анкалогіі апорна-рухальнага апарата, галавы, шыі, рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі.
Ён аўтар больш 445 навуковых і навукова-метадычных работ, дзесяці манаграфій, уладальнік 28 патэнтаў.
Развітанне з Іосіфам Віктаравічам пройдзе заўтра, 15 чэрвеня, з 11.00 да 13.00 у БелМАПА па адрасе: вуліца Петруся Броўкі, 3.
tut.by [1]
Спасылкі
[1] https://news.tut.by/society/596913.html
[2] https://zviazda.by/be/tags/iosif-zalucki