Лёс зводзіць: з некім — на гадзіны, з некім — на гады і нават дзесяцігоддзі; людзі ідуць з табой па жыцці, яны — блізкія…
Надзею Рыгораўну Лось ведаю даўно. Гэта мудрая жанчына — заслужаны настаўнік Беларусі, узначальвала Мінскі гандлёвы каледж, была і застаецца адказным сакратаром сталічнай арганізацыі саюза жанчын. А нядаўна выдала кнігу ўспамінаў «Гартаючы старонкі жыцця»… І падарыць яе хацела многім, у тым ліку старшыні савета ветэранаў ЖЭУ‑59 Лідзіі Нічыпараўне Канановіч.
Жанчыны сустрэліся і здаліся мне вельмі падобнымі — цяжкім дзяцінствам, раннім сталеннем і мужнасцю жыць.
— Я часта думаю: а ці было ў мяне дзяцінства? — не то ў нас, не то сама ў сябе пытае Надзея Рыгораўна Лось і расказвае, як вясной 1944‑га ўсіх людзей з яе вёскі Рог, што на Гомельшчыне, павыганялі на вуліцу, пастроілі ў калону і пад канвоем, з сабакамі пагналі ў сумна вядомыя цяпер Азарычы. Тых, хто выходзіў са строю ці адставаў, расстрэльвалі. Таму ўсе, нават малыя, стараліся ісці хутчэй, не адставаць…
— Я, помню, моцна ўчапілася ў руку старэйшай сястры. І дарэчы, гэтая звычка засталася на ўсё жыццё, — успамінае Надзея Рыгораўна. — Потым гэтак жа моцна я трымала сваю дачку, свайго ўнука…
Спынілася наша калона за калючым дротам, на балоце, сярод лесу, і народу там было ну вельмі шмат! Я пазней даведалася — больш за 50 тысяч старых, жанчын, дзяцей з усіх навакольных вёсак.
Рэчы і прадукты, якія людзі паспелі ўхапіць, адабралі. Есці не было чаго: жавалі яловыя галінкі, пілі балотную ваду. Cпалі пад адкрытым небам, а каб хоць трохі цяплей было, прыціскаліся адно да аднаго… Што не ратавала, бо наступала вясна. Днём прыгравала сонца, раставаў снег і мы стаялі, сядзелі, ляжалі на мокрай зямлі. Потым рэзка халадала і многія літаральна замярзалі — гінулі побач і кожны дзень. Памятаю, каля нас ляжала дзяўчынка і ўсё прасіла ў мамы піць, не разумела, што тая даўно памерла… Можа, яшчэ і ад тыфу… Я зноў жа толькі потым даведалася, што хворых на яго спецыяльна звозілі ў наш лагер, каб заразіць іншых: немцы зрабілі Азарычы жывым шчытом на пярэднім краі cваёй абароны. Мноства было ахвяр. Да таго ж хаваць людзей не было каму…
Я прабыла ў лагеры, у гэтым пекле, меней за месяц, не разумею, як мне пашчасціла выжыць.
— Мы жылі ў вёсцы Вярхоўе Аршанскага раёна, — успамінае Лідзія Нічыпараўна Канановіч. — Да райцэнтра было кіламетраў дваццаць, восем да ваеннага аэрадрома Балбасава. Пра тое, што пачалася вайна, мы не ведалі, пакуль у вёсцы не з'явіліся матацыклісты. Яны, усе ў незнаёмай форме, заходзілі ў хаты, патрабавалі: «Масла! Сала! Млека!» Так мы ўпершыню ўбачылі немцаў.
Дом, дзе мы жылі, быў невялічкі і стаяў у садзе. Гэта спадабалася нямецкаму каменданту, і нашу сям'ю выгналі ў хлеў.
Мы, падлеткі, заўсёды дапамагалі дарослым, бывала, першымі даведваліся пра аблавы, пра тое, што ў народзе называлі «хапунамі»…
У нашай вёсцы яўрэі не жылі, але ў майго бацькі-каваля адзін працаваў памочнікам. Жыў ён за тры кіламетры ад нас. Хтосьці з аднавяскоўцаў падказаў бацьку, што па хлопца заўтра прыйдуць немцы. Трэба было папярэдзіць… Але за дарослымі пільна сачылі (ахоўнікі стаялі ў вёсцы пры ўездзе і выездзе), а на дзяцей асаблівай увагі не звярталі, таму бацька адправіў мяне. Я папярэдзіла чалавека, і ён уначы сышоў.
Калі савецкія самалёты-штурмавікі пачалі рабіць налёты на аэрадром, які быў заняты немцамі, усе адчулі пералом у ходзе вайны, сталі чакаць наступлення нашых. І, дзякаваць богу, дачакаліся. Тры савецкія танкі заехалі ў вёску. Памятаю, як усе беглі да іх, абдымалі салдат, плакалі, неслі ім усё, што маглі. Столькі было радасці!.. Ну а немцы яшчэ з раніцы ўцяклі: пехам, на фурманках, на матацыклах праз поле.
Перад адступленнем, праўда, нашкодзілі — падпалілі некалькі дамоў і лес. Тушыць пажар збегліся людзі з трох вёсак. З цяжкасцю, але ж справіліся… А вось ад пасеваў на палях нічога не засталося…
Пасля вызвалення сталі адкрывацца школы. Паперы не было, пісалі на старых газетах. Падручнікаў таксама не было (на дзве вёскі — адна кніга), таму чыталі па чарзе. У школу хадзілі за чатыры кіламетры…
Мы рана сталелі, працавалі нароўні з бацькамі, дапамагалі калгасу араць, баранаваць, сеяць, жаць, касіць, малаціць… У сем гадоў я навучылася прасці, ткаць. Вязала рукавіцы і шкарпэткі, са школы іх пасылкамі адпраўлялі на фронт: вайна ж яшчэ працягвалася…
У 1951 годзе я ўладкавалася на працу на завод швейных машын у гарадскім пасёлку Барань. Да глыбокай восені хадзіла на працу пешшу за дванаццаць кіламетраў. А што было рабіць, калі ў сям'і пяцёра дзяцей і я старэйшая…
Дзве жанчыны, два лёсы — і адна эпоха, якая прынесла небывалыя выпрабаванні, загартавала характары, спарадзіла моцных і самаадданых людзей. Яны ўмеюць цаніць жыццё, робяць шмат добрых спраў і захоўваюць аптымізм. Сваім прыкладам яны вучаць нас не пасаваць перад цяжкасцямі ды няўдачамі і берагчы мір, бо не дай бог нікому такога дзяцінства, якое было ў іх.
Валянціна Паліканіна, г. Мінск
Нагадаем: «Звязда» збірала і збірае прыпеўкі. Больш за тое, спадзяецца, што яны спатрэбяцца, што нехта скамандуе: «Музыканцікі, рэж!»і...
У мілога голас хвацкі,
Так ніхто не запяе.
Праўда, цяжка разабрацца,
Ён пяе, ці бык раве.
Маці хлопцу пажадала
Аж тры скулы у бокі,
Як спытала:
«Будзеш зяцем?» —
Кінуўся наўцёкі.
Я маліну йшла збіраць,
Бачыла Ягорку.
Ён хацеў мяне абняць,
Я з яго — пяцёрку.
Не чапай мяне, мілёнак,
Не заводзь дзяўчо у грэх.
Што захочаш, атрымаеш,
Калі замуж забярэш.
Як з вядзерца вада льецца,
Слёзкамі багатая.
Муж нап'ецца,
прыдзярэцца —
Жонка вінаватая.
Свайго мілага за здраду
Павяду я на базар:
З губ дзяўчат усю памаду
Перанёс сабе на твар.
Ой, сябровачка-сяброўка,
Цяжка жыць без мужыкоў.
Давай сходзім да пагоста,
Можа, стрэнем удаўцоў.
У мароз прашу Міколу:
«Пацалуй, сагрэй душу».
А той кажа: «Стой, дазволу
У матулі папрашу».
Пайду, выйду я у поле,
Пагляджу, якая даль.
Ветры буйныя сказалі:
«Твой не прыйдзе,
не чакай».
Барыс Манцэвіч, г. Вілейка
Звычайна пад гэтай рубрыкай друкуюцца падзячныя лісты на адрас медыкаў, настаўнікаў, неабыякавых суседзяў...
Сёння — ліст незвычайны, з пошты галоўнага рэдактара. Даслоўна:
«Вулічны камітэт мікразоны «Чапаеўка» ад імя жыхароў раёна выказвае шчырую падзяку ўласнаму карэспандэнту «Звязды» Нэлі Зігулі за яе вартую пераймання грамадзянскую пазіцыю, за ўвагу да нашых жыццёва важных інтарэсаў, за імкненне дапамагчы, без якіх, напэўна, людзі і сёння жылі б са старымі, згнілымі апорамі асвятлення, з калдобінамі на вуліцы Краснадарскай. Дзякуючы публікацыям газеты — «Адказныя за парадак», «Гардзееў вузел», «На трактары па Валгаградскай» — гарадскімі ўладамі прыняты дзейсныя меры для выпраўлення недахопаў: на вуліцы Краснадарскай з'явілася асфальтавае пакрыццё, старыя апоры электраперадачы заменены на новыя.
Актуальныя публікацыі і дзейсная дапамога карэспандэнта «Звязды» дазваляюць спадзявацца, што разам — мы сіла, якая можа навесці парадак у нашай мікразоне і горадзе.
Дзякуй за дапамогу, якую вы аказваеце простым людзям.
Віталь Фёдаравіч Гардзееў, старшыня вулічнага камітэта № 5, г. Магілёў.»
І чуў і чытаў пра навінку ў нашым горадзе — смеццевыя калодзежы, а таму днямі, праходзячы па двары дома № 52 на праспекце Шміта, з цікаўнасці зазірнуў.
Калодзеж быў амаль пусты, глыбіня — метры чатыры, а можа, і больш. Дыяметр люка — прыкладна 60 сантыметраў. Вышыня яго над узроўнем зямлі недзе каля метра (мо трошкі больш).
Паведамлялася, што, каб напоўніць яго, спатрэбіцца недзе з месяц. Затым мяшок са смеццем кранам-маніпулятарам будзе высыпацца ў смеццявоз, які даставіць яго на звалку альбо на смеццеперапрацоўчы завод.
Як быццам усё прадумана? Але, відаць, у многіх яшчэ ў памяці розныя здарэнні і злачынствы, звязаныя са смеццем у кантэйнерах. Чаго (і каго) там толькі не знаходзілі! Успомнім хоць бы справу «фацінскага маньяка», які расчляняў трупы сваіх ахвяр і выкідваў у кантэйнеры...
Нагадаю, што нелюдзь быў злоўлены дзякуючы таму, што смецце праглядалася. А колькі людзей знікае без слядоў? Калі гаварыць пра дзяцей і п'яных, то іх не ратуюць нават цяжкія люкі. А вечка смеццевага калодзежа лягчэйшае за яго...
Аднойчы мне ў рукі трапіў праспект замежнай фірмы, у якім было напісана, што ў каналізацыйных калодзежах Фінляндыі штогод гінулі два чалавекі, таму дзяржава перайшла на будаўніцтва калодзежаў малога дыяметру (прыкладна 40 см) з пластмасавых гафрыраваных труб — праваліцца ў такі чалавек не можа... А што цягне туды, я ведаю па сабе. Гуляючы ў вайну, мы некалі дзе толькі ні хаваліся. Мой найлепшы сябар Вова, напрыклад, скочыў у калодзеж з вадой. Выжыў — выпадкова.
Таму я прапанаваў бы не спяшацца, а то і прыпыніць будаўніцтва новых калодзежаў для смецця; каля кожнага з ужо пабудаваных — устанавіць камеру відэаназірання, асвятліць і яго, і пляцоўку, а паралельна — узгадніць новы варыянт збору смецця з ратавальнікамі і работнікамі органаў унутраных спраў.
В. Абрамовіч, г. Магілёў
Сядзібу тутэйшага фермера Васіля Ляшука адшукаць няцяжка: у яго прасторным двары нямала тэхнікі, тут жа — змяшчальныя халадзільныя агрэгаты. Апошняе не дае памыліцца: фермерская гаспадарка мае ягадны кірунак.
Калі больш дакладна, за некалькі кіламетраў ад вёскі Рані — дзве гаспадаркі-двайняты: «АматСад» і «АматБуг». Апошняя — звыш 60 гектараў — належыць сям'і Ляшукоў. У блізкім суседстве яшчэ адна такога ж кірунку, што, на думку сужэнцаў, толькі ўмацоўвае дзелавыя адносіны. Пачыналі фермеры з сяўбы грэчкі ды іншых збожжавых культур, мелі пасадкі вішні. Але з часам спыніліся на чарнаплоднай рабіне і парэчках.
Сёння клопат агульны: як ратаваць ураджай? Вясна была спрыяльнай для ягаднікаў, але цяпер кусты парэчак маюць амаль восеньскі выгляд: лісце пажоўкла, ягады, якім не хапае вільгаці, каб наліцца сокам, сумнымі гронкамі пазіраюць долу. Кропельнае паліванне даходзіць марудна, бо ствараюць яго паэтапна. Але ж дзякуючы яму аронія выстаяла, ёсць надзея на «ўзятак», што хоць неяк кампенсуе страты.
У адносінах да не менш працаёмкіх малін і клубніц, якімі занята сціплая плошча, Васіль Пятровіч зазначае: «Гэта для ўнукаў, іх у нас шасцёра».
Увогуле попыт на ягады ёсць, і не толькі ў Беларусі. Аптовыя цэны вызначае рынак, а таму вуха даводзіцца трымаць востра... Шкада, што страчаныя раней невялікія перапрацоўчыя прадпрыемствы так і не змаглі аднавіцца, кожнае з іх у сваім рэгіёне зараз вельмі прыдалося б.
Круглы год у гаспадарцы Ляшукоў заняты восем чалавек з Пелішча, Шчэрбава, Ранёў... І гэта пры тым, што ўборка ягад ужо тры гады не патрабуе ручной працы: набыты два камбайны. Фермеры задаволены і тым, як яны збіраюць ураджай, і тым, наколькі ён чысты (у дадатковай пераборцы ягад патрэбы няма)...
Цікава, што Васіль шмат гадоў працаваў у аўтапарку, зведаў «хлеб» дальнабойшчыка. Аднак шляхі-дарогі з горада прывялі яго на бацькаўшчыну жонкі, у вёску Рані, дзе ў часы яго маладосці было больш за дваццаць дзяўчат-прыгажунь.
Сёння тут усяго 20 чалавек. Прычым большасць жыхароў — сталага ўзросту. Суседства з фермерскай гаспадаркай ажывіла надзею, заўтрашні дзень вёскі праступае праз густыя зараснікі вішанніку.
Галіна НОВІК, Камянецкі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/z-redakcyynay-poshty
[3] https://zviazda.by/be/tags/listy-u-redakcyyu