Дэпутат — абраннік народа, людзі чакаюць, што з яго дапамогай іх жыццё будзе мяняцца да лепшага, стане больш камфортным і ўладкаваным.
— І мы проста не можам не апраўдаць іх спадзяванні, — кажа старшыня Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Навіцкі. — У нашым дэпутацкім корпусе 17 жанчын і столькі ж мужчын. Гэта нераўнадушныя, крэатыўныя, творчыя людзі, якія выкарыстоўваюць розныя формы работы і зваротнай сувязі з насельніцтвам.
Напрыклад, кожную другую сераду месяца ладзяцца сустрэчы з выбаршчыкамі з выездам на месца. У іх прымаюць удзел дэпутаты Мінскага абласнога, раённага, а таксама сельскіх Саветаў. У раёне налічваецца 12 сельсаветаў. Кожны з іх атрымліваецца наведаць раз на месяц. Акрамя таго, у раёне дзейнічае сем інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, якія ўзначальваюць старшыня райвыканкама, яго намеснікі і старшыня райсавета — туды ўваходзяць таксама дэпутаты абласнога і раённага Саветаў. Людзей папярэджваюць аб мерапрыемстве загадзя, інфармацыю размяшчаюць на сайце райвыканкама, у населеных пунктах сельсавета. На сустрэчу запрашаюцца і спецыялісты адпаведных службаў, якія могуць даць кампетэнтныя адказы, акрэсліць шляхі рашэння той ці іншай праблемы.
— У Мінскай вобласці ўжо некалькі гадоў запар праводзяцца дні дэпутата. У якім фармаце праходзяць яны ў вашым раёне?— пацікавілася карэспандэнт «МС».
— Разам з дэпутатамі, старшынямі сельвыканкамаў вывучаем надзённыя патрэбы, пажаданні выбаршчыкаў і на пэўны дзень прызначаем сустрэчу ў канкрэтным сельсавеце. З сабой бяром прадстаўнікоў розных службаў. Напрыклад, калі ёсць пытанні па рабоце гандлю, запрашаем старшыню райспажыўсаюза або спецыяліста аддзела гандлю і паслуг райвыканкама. У кожным населеным пункце пытанні розныя: дзесьці людзі наракаюць на гандлёвае абслугоўванне, дзесьці — на нездавальняючае дарожнае пакрыццё, транспартныя зносіны. Тыя пытанні, якія ў маёй кампетэнцыі, з улікам вопыту работы вырашаю сам. Не магу не сказаць і аб тым, што ў раёне не першы год складаецца графік правядзення свят вёсак. Папярэдне парадкуем населены пункт усёй грамадой: прадпрыемствы, арганізацыі, дэпутаты, грамадскія арганізацыі. Агульныя высілкі дазваляюць прывесці вёску ў належны стан. А для саміх жыхароў такія святы — магчымасць адпачыць, павесяліцца, больш даведацца аб жыцці сваіх землякоў, гісторыі краю. Падчас свята не забываем літаральна ніводнага чалавека: віншуем і ўручаем падарункі самым пажылым і самым маленькім жыхарам, перадавікам, гаспадарам за самае лепшае ўтрыманне падворкаў. Ладзяцца шматлікія конкурсы, віктарыны, канцэрты.
Дэпутаты і старшыня райсавета дзейнічаюць па прынцыпе «хто не памятае гісторыі сваёй Айчыны, сваёй малой радзімы, у таго няма будучыні». Апошнія гады яны аднаўляюць і ўладкоўваюць гістарычныя мясціны. Барысаўскі раён стаў арэнай змагання рускіх войскаў з арміяй Напалеона ў 1812 годзе, яго тэрыторыю моцна закранула Вялікая Айчынная вайна — тут налічваецца 156 помнікаў па ўвекавечанні памяці землякоў.
— Да канца 1941 года ў паўночнай частцы раёна пачаў дзейнічаць партызанскі атрад на чале з першым сакратаром Барысаўскага райкама партыі Іванам Апанасавічам Ярашам. Партызаны нечаканымі налётамі, мініраваннем дарог, узрывамі эшалонаў, засадамі вымотвалі сілы ворага. Мы аднавілі шэсць зямлянак з васьмі ў тым месцы, дзе базіраваўся партызанскі штаб, — кажа Пётр Навіцкі.
Сёлета да 74-й гадавіны вызвалення Барысава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 916-годдзя з дня заснавання горада плануецца арганізаваць велапрабег па гістарычных мясцінах горада і раёна. Ініцыятары яго — дэпутаты раённага Савета. Згоду на ўдзел далі таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, грамадскіх арганізацый. Ад вечнага агню будзе запалены факел і па маршруце прабегу на кожным пахаванні ад яго запаляць лампадкі ў памяць землякоў, якія аддалі жыццё за мірную будучыню.
Акрамя таго, усе дэпутаты замацаваны за сем'ямі, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Народныя абраннікі пры наведванні вывучаюць бытавыя ўмовы пражывання выхаванцаў, уручаюць ім падарункі, пры магчымасці — адзенне. А яшчэ аказваюць падтрымку сем'ям, што выхоўваюць дзяцей з інтэрнатаў. Разам з раённай арганізацыяй РГА «Белая Русь», раённым тэрытарыяльным цэнтрам абслугоўвання насельніцтва наведваюць старажылаў, якім па 100 і больш гадоў. Уручаюць ім каштоўныя падарункі, віншуюць са знамянальнымі датамі.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/deputat
[4] https://zviazda.by/be/tags/pyotr-navicki