Вершы — Уладімір Мазго, музыка — Яўген Ксяневіч.
Уладзімір Мазго (нар. 1959) — выдатны беларускі паэт, аўтар шэрагу літаратурных зборнікаў, намеснік рэдактара часопіса «Нёман». Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры, літаратурнай прэміі «Залаты Купідон».
Уладзімір Мазго з'яўляецца аўтарам цудоўных вершаў, многія з якіх сталі прыгожымі, шырока вядомымі песнямі. 2018 год аб'яўлены ў Беларусі Годам малой радзімы. І мы прапаноўваем вам прысвечаную гэтай падзеі песню.
Куплет 1:
Ад сталіцы за дзясяткі вёрст
Ёсць да болю дарагі куток,
Дзе схіліўся над ракою мост,
Дзе бруіцца радасці выток.
Прыпеў:
У згадках лунаю
Над роднай зямлёю,
Што ўсе называюць
Радзімай малою.
Я памяць паклікаў —
І кажа былое:
Радзімы вялікай
Няма без малое.
Куплет 2:
Зазірнеш, як птах, за небакрай,
Каб душою занава адчуць:
Адусюль, бадай, у родны край.
Весніх думак выраі лятуць.
Прыпеў.
Куплет 3:
Ранкам ці туманным вечарком
Выйдзеш у расчыненую ціш —
Захлынешся, быццам малаком,
І на крылах шчасця затрымціш.
Прыпеў.
Рубрыку вядзе Яўген КСЯНЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yaugen-ksyanevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] mailto:evgenyksenevіch@gmaіl.com
[5] https://zviazda.by/be/tags/pesnyu-byaryce-z-saboyu
[6] https://zviazda.by/be/tags/god-maloy-radzimy-u-belarusi