Самая моцная пара 1\4 фіналу чэмпіянату свету гуляла ўвечары ў пятніцу.
Адна з самых амбіцыйных і зорных каманд старога свету Бельгія даўно імкнецца да заваявання свайго першага буйнога тытулу. “Залатое пакаленне” гэтай еўрапейскай зборнай экзаменаваў не хто-небудзь, а пяціразовыя чэмпіёны свету. У матчы з камандай Бразіліі бельгійцы даволі пераканаўча абгрунтавалі сур’ёзнасць сваіх прэтэнзій на футбольны трон.
З пачатку гульні бразільцы забралі мяч пад свой кантроль і пачалі шукаць слабае месца каля варот саперніка, а ў выніку… прапусцілі ў свае. Недарэчны рыкашэт пры вуглавым ад рукі Фернандзіньё, і Бельгія павяла 1:0. Пентакампіёны крыху здзівіліся і раззлаваліся, а потым узяліся за справу сур’ёзна. Нават Неймар, які за час чэмпіянату правёў амаль 14 хвілін на газоне, амаль не падаў, а прафесійна вёў партнёраў наперад. Але еўрапейцы – моцны арэшак і небяспечны сапернік. Не прэтэндуючы на большае валоданне мячом, бельгійцы шукалі сваё шчасце ў контратаках, і яно ім усміхнулася.
Амаль копію контрвыпаду, які здарыўся ў матчы з Японіяй, каманда Бельгіі зноў як па нотах разыграла на 31-й хвіліне. Кевін дэ Брэйнэ більярдным па дакладнасці стрэлам павялічыў перавагу сваёй каманды. Гэта для бразільцаў стала ўжо шокам: 0:2 за трэць гульні – сур’ёзная праблема для аднаго з галоўных прэтэндэнтаў на золата чэмпіянату свету.
Амаль паўгадзіны зборная Бразіліі з розных бакоў штурмавала штрафную бельгійцаў і ў розныя бакі хістала яе абарону. Пасля аднаго з падзенняў, зразумела ж, Неймара, жоўта-сінія нават разлічвалі на пенальці, але суддзя хутка разабраўся ў сітуацыі і акцёрскіх здольнасцях бразільскай суперзоркі і ў выніку 11-метровы не паставіў. Толькі выхад на замену Рэната Аўгуста ў лацінаамерыканцаў падарыў ім шанс – на 76-й хвіліне нападаючы дакладным ударам галавой адзін мяч адквітаў.
Далей бразільцы пайшлі на штурм, але ім відавочна не хапала поспеху ў завяршальнай стадыі атак. Калі сваю фірменую тэхніку яны выдатна дэманстравалі, то з дакладнасцю ўдараў узнікалі сур’ёзныя праблемы. Словам, шансы забіць гол былі, але пяціразовыя чэмпіёны свету імі не скарысталіся. Адну з апошніх магчымасцяў – прыгожы па выкананні і дакладнасці ўдар Неймара – нейтралізаваў галкіпер Бельгіі Ціба Куртуа. Такім чынам, бразільскі карнавал на расійскіх футбольных палях скончыўся, чаго крыху шкада. Але лёс і турнірная сетка звялі гэтыя дзве моцныя зборныя менавіта на стадыі 1\4, і хтосці павінен быў сысці.
Бельгія згуляе з Францыяй у паўфінале. Бітва абяцае быць яшчэ больш цікавай і непрадказальнай, бо да медалёў чэмпіянату свету засталіся адзін-два крокі. Разыграюць узнагароды мундзіяля, зрэшты, толькі прадстаўнікі Еўропы, бо каманды з іншых кантынентаў ужо яго пакінулі.
Іван Купарвас
Фота rsport.ria.ru, championat.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ivan-kuparvas
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/chempiyanat-svetu-pa-futbole