Два апошніх матча 1\4 фіналу чэмпіянату свету па футболе ў Расіі вызначылі другую пару прэтэндэнтаў на медалі.
Першымі гулялі Англія і Швецыя. Англічане ў класічным стылі пачалі катаць мяч і з аглядкай на свае вароты шукалі шанса каля чужых. Скандынавы засяродзілі асноўную ўвагу на абароне, і ліквідыравалі небяспечныя для свайго галкіпера моманты. Рызыкаваць не хацелі не адны і не другія, і размераны ход матча парушыў стандарт. Вуглавы каля варот шведаў на 30-й хвіліне прынёс поспех брытанцам, цэнтральны абаронца Хары Магуайр ударам галавой адрыў лік у матчы. Дарэчы, гэты ўдар стаў адзіным у створ варот на абедзве каманды за ўвесь першы тайм.
Акадэмічным розыгрышам атак зборнай Швецыі вельмі не хапала вастрыні ў завяршальнай стадыі, тады як англічане раз-пораз дэманстравалі яе каля варот саперніка. Свае небяспечныя моманты астравіцяне пераўтварылі ў другі гол на 59-й хвіліне сустрэчы, калі шведская абарона “згубіла” Дэле Алі, і той таксама ўдарам галавой прабіў Робіна Ольсена. Каманда Швецыі старалася хоць раз засмуціць англійскага галкіпера і некалькі разоў у яе гэта амаль атрымалася, але прапускаць у гэтым матчы Пікфард не збіраўся. Так гульня і закончылася, і Англія ўпершыню з 1990 года трапіла ў паўфінал чэмпіянату свету.
У апошнім матчы 1\4 фіналу гаспадар чэмпіянату свету каманда Расіі процістаяла зборнай Харватыі, якая вельмі сур’ёзна настроена на медалі гэтага сусветнага першынства. Расіяне атакавалі вароты саперніка значна часцей, чым у матчы 1\8 фіналу з Іспаніяй, праўда гульнявую ініцыятыву яны харватам аддалі, гэта было яскрава бачна па лічбах валодання мячом. Але асаблівай вастрыні таксама не ўзнікала, каманды пакуль не фарсіравалі ход падзей. Працягвалася гэта да 31-й хвіліны, калі ў няспешнай, здавалася, атацы расійскі паўабаронца Дзяніс Чэрышаў забіў прыгожы гол.
Гэта ўскалыхнула мора расійскіх балельшчыкаў, але і зборную Харватыі. Зразумела, яны пабеглі ў атаку і дабіліся поспеху ўжо праз восем хвілін пасля прапушчанага мяча. Амаль уся абарона расяін абыякава назірала як Марыа Манджукіч прабег па флангу і аддаў пас на Андрэя Крамарыча, які і зраўняў лік у матчы. Харваты маглі потым і выйсці наперад, але прамахнуліся з лініі варатарскай, у расіян небяспечных момантаў амаль не было. Асноўны час гульні так і скончыўся ўнічыю.
У дадатковыя паўгадзіны каманды абмяняліся галамі, прычым ободва мячы былі забітыя галавой са стандартаў. У Харватыі на 101-й хвіліне гэта зрабіў Дамагой Віда, у Расіі – на 115-й Марыа Фернандэс. У самым канцы гульнявога часу расіяне вельмі хацелі забіць і стварылі некалькі прыгожых і вострых атак на вароты саперніка, але ўзяць іх не атрымалася.
Пасляматчавую латарэю, пенальці, у драматычным стылі выйграла зборная Харватыі, гэта атрымалася ў іх зрабіць ужо другі раз запар. А каманда Расіі можа з упэўненасцю занесці хатні чэмпіянат свету сабе ў актыў. Пасля “ніякіх” падрыхтоўчых да мундзіяля матчаў гаспадары турніру правялі вельмі нядрэнныя гульні ў групе, прайшлі ў 1\8 грозную Іспанію, паказалі якасную гульню ў 1\4, чым стварылі лепшы вынік на ЧС у сваёй гісторыі.
Паўфінал Англія – Харватыя адбудзецца 11 ліпеня ў 21.00.
Іван Купарвас
Фота rsport.ria.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ivan-kuparvas
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/chempiyanat-svetu-pa-futbole