«Базарная сенсацыя»: у дзень урачыстага адкрыцця Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» не было дажджу! Так супала, што менавіта ў чаканні старту фэсту нябёсы быццам бы бласлаўлялі яго.
Але а трэцяй гадзіне дня ў пятніцу першы пасля адкрыцця «Базару» дождж усё ж такі пайшоў!
27-ы «Базар» традыцыйна ў гэтыя дні — культурная падзея № 1 на постсавецкай прасторы. Ён ўпэўнена «ўзяў у палон» гараджан, удзельнікаў і шматлікіх турыстаў. Усе яны жывуць па «Базарных законах», згодна з якімі ў Віцебску вядуць рэй радасць і вяселле. Цікавыя мерапрыемствы праходзяць з раніцы да ночы.
Дарэчы, адно з іх ужо завяршылася. Гаворка ідзе аб дзіцячым конкурсе выканаўцаў. Яго выйграў дванаццацігадовы прадстаўнік Украіны Саша Балабанаў.
У выхадныя святочны марафон працягваецца і тэмп не зніжаецца.
Сёння, 14 ліпеня, у фестывальным горадзе праходзіць Дзень моладзі. У праграме фэсты «Агонь танца», субкультур і здаровага ладу жыцця. Эпіцэнтрам святкавання стане галоўная гарадская плошча — Перамогі.
У Віцебскай абласной філармоніі можна будзе ўбачыць унікальную праграму «Шоу трох раяляў». Працягваецца фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». У летнім амфітэатры адбудзецца юбілейны канцэрт кампазітара Аляксандра Марозава. Ёсць і не меней цікавыя канцэрты, шоу, выстаўкі.
Заўтра, 15 ліпеня, у канцэртнай зале «Віцебск» пройдзе юбілейны канцэрт кампазітара Ігара Лучанка. Як і ў мінулыя гады, адбудзецца гала-канцэрт майстроў мастацтваў Ізраіля. У ноч на 16 ліпеня ўпершыню на «Базары» выступае кумір падлеткаў рэпер Цімаці.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/slavyanski-bazar-u-vicebsku