Пажылая жанчына з Канады памылкова з'ехала на чужым аўтамабілі з паркоўкі супермаркета, не заўважыўшы, што замест чорнага седана яна села за руль чорнага красовера, піша аutо.mаіl.ru.
У паліцыю горада Антарыа звярнуўся менеджар адной з кампаній па пракаце машын, які паведаміў, што пажылая жанчына вярнула ім Іnfіnіtі QХ50. Падазроным у гэтай гісторыі было тое, што пенсіянерка гэты аўтамабіль у арэнду не брала. Пагутарыўшы з пажылой дамай і прадстаўнікамі кампаніі, паліцыя высветліла, што яна сапраўды брала ў арэнду аўтамабіль — але гэта быў седан Nіssаn Sеntrа. Паводле слоў жанчыны, два тыдні таму на арандаваным «Нісане» яна прыехала ў супермаркет, а вярнуўшыся з пакупкамі, села, як ёй здавалася, у сваю машыну і паехала.
Высветлілася, што з'ехаць на чужым аўтамабілі жанчына змагла шмат у чым з-за няўважлівасці вадзіцеля Іnfіnіtі. Абедзве машыны былі абсталяваны сістэмай запуску рухавіка з кнопкі, а мужчына выпадкова забыўся ў салоне брэлок ад аўто, піша СBС. Пры гэтым Nіssаn Sеntrа ўвесь гэты час так і стаяў на паркоўцы каля крамы. У выніку паліцыя не стала прад'яўляць абвінавачванні пажылой жанчыне, палічыўшы, што ў яе дзеяннях не было злога намеру. З гумарам на сітуацыю адрэагаваў і ўладальнік «украдзенага» Іnfіnіtі.
Тынкоўшчык з Вялікабрытаніі Арон Уолшоу сарваў мільённы куш у латарэі дзякуючы жанчыне, якая прапусціла яго ў чарзе, паведамляе партал BBС Nеws.
Жыхар горада Асет, графства Уэст-Ёркшыр на поўначы Англіі, накіраваўся ў краму літаральна за некалькі хвілін да заканчэння розыгрышу. 32-гадовы мужчына падбег да касы адначасова з другой пакупніцай. Тая, заўважыўшы, што Уолшоу спяшаецца, прапусціла яго наперад, і ён набыў латарэйны білет. Тым жа вечарам ён разам са сваёй 23-гадовай нявестай Кэры Хол палічыў агульныя сціплыя зберажэнні: на вясельнае падарожжа заставалася каля 50 фунтаў. На наступную раніцу пара даведалася, што яны выйгралі адзін мільён фунтаў. Радасны Уолшоу ўпэўнены, што, калі б не ветлівасць жанчыны, якая прапусціла яго, ён бы не паспеў купіць білет. Выйграныя грошы ён плануе выдаткаваць на «вяселле мары». Таксама мужчына хацеў бы знайсці жанчыну з крамы і падзякаваць ёй.
Апусцелы шахцёрскі гарадок Кэры-Горда ў амерыканскім штаце Каліфорнія прададзены за 1,4 мільёна долараў, паведамляе СNN.
Кэры-Горда з'явіўся ў 1865 годзе па суседстве з сярэбраным рудніком. Нейкі час ён займаў першае месца ў штаце па здабычы серабра і свінцу. Паводле слоў агента па продажы нерухомасці, мястэчка было неад'емнай часткай Дзікага Захаду. «У часы яго росквіту там у сярэднім раз на тыдзень здаралася забойства», — адзначыў ён. Пасля падзення цэн на серабро і нафту жыхары сталі пакідаць Кэры-Горда. Затым адбыўся вялікі пажар, і горад пакінулі апошнія жыхары. У ім захаваліся 22 будынкі, у тым ліку гасцініца, салун, музей, капліца і інтэрнат для рабочых, якія пуставалі некалькі дзесяцігоддзяў.
Кэры-Горда выставілі на продаж каля месяца таму па стартавай цане 925 тысяч долараў. З таго часу паступіла каля дзясятка прапаноў на суму да двух мільёнаў. Новым уладальнікам горада стала інвестыцыйная група, якая мае намер ператварыць яго ў турыстычную славутасць. Здзелка была заключана ў пятніцу, 13-га. «У духу сапраўднага горада-здані», — пракаментаваў агент па продажы нерухомасці.
Нямецкія СМІ назвалі гэты выпадак «самай кур'ёзнай сямейнай сваркай».
Калі вартавыя парадку прыбылі на выклік з нагоды сямейнай разборкі, суседзі ўказалі ім на гучныя крыкі, тупат і грукат падаючай мэблі ў кватэры паверхам вышэй. Дзверы паліцыі адчыніў мужчына са слядамі крыві на твары. Як высветлілася, ён пасварыўся са сваім папугаем. Угневаная птушка, бязладна лётаючы па кватэры, перакульвала рэчы і пабіла ледзь не ўвесь посуд. Пры гэтым папугай нанёс траўмы і гаспадару. У запале сваркі крылаты гадаванец да крыві ўкусіў гаспадара за ніжнюю губу.
Іван КУПАРВАС
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ivan-kuparvas
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/zamore