Лісты ад чытачоў газеты «Звязда».
Вёска майго дзяцінства... У час канікул, у выхадныя і святы, у кожную вольную хвілінку я бегла сюды, да бабулі з дзядулем.
Што ж вабіла ў іх маленькай вёсачцы? Сябры? Кампанія? Не, хутчэй наадварот: гуляла я пераважна адна, бо ні дзяцей, ні моладзі там ужо не было. Але была прырода, былі кнігі. Колькі ж я прачытала іх у лузе пад стракатанне конікаў!
Дзе той луг і тое чароўнае месца?
Амаль на мяжы Уздзенскага і Капыльскага раёнаў, каля шашы. Некалі тут быў вялікі лес і балота, якое потым асушылі.
Адкуль у вёскі назва Слабадскі Чашын? Версій бытуе як мінімум дзве. Паводле першай, некалі гэтае нізкае месца аблюбавалі тры браты са Слабады, а сталі будавацца і знайшлі шмат бітага посуду — керамічных місак, чаш. Таму, калі задумаліся, як жа назваць сваё паселішча, сумненняў не было: Чашын. А Слабадскі — у гонар сябе, першых пасяленцаў.
З другім меркаваннем можна пагадзіцца, калі прыгледзецца да ландшафту: вёска знаходзіцца ў нізіне — нібы ў сапраўднай чашы.
Некалі і перад ёй, і за ёй былі лагчынкі. Адной, на жаль, ужо няма: яе зааралі пад калгасныя палеткі. А вось другая ўсё прыгажэе: там раскідзістая старая вярба, там маладзенькія сосны, што так і вабяць прайсціся паміж імі, пашукаць духмяных маслякоў.
Ёсць за вёскай і два вадаёмы. Каля іх раней сядзелі мясцовыя рыбакі, там жа плавалі свойскія птушкі.
І кароў, помню, трымалі ў кожным двары: штораніцы, збіраючы статак, пастух крычаў сваё: «Выганяй!..» А як жа хораша было пасвіць кароў удваіх з бабуляй! Колькі размоў мы тады правялі, колькі мелі сваіх сакрэтаў!..
Цікава, што ў Слабадскім Чашыне ва ўсе часы жылі носьбіты ў асноўным трох прозвішчаў: Касабуцкія, Дубовікі і Ваўчэцкія; што амаль усе вяскоўцы адзін аднаму даводзіліся раднёй; што жанчын тут называлі па мужу: Тамары былі Васява і Вітолява, Зіна — Алікава, Ала — Сярожава і г. д. Мянушкі ў вёсцы бытавалі таксама, прычым асобныя перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
Большасць вяскоўцаў працавала ў калгасе: мужчыны — на трактарах і машынах, жанчыны — на ферме і палетках. Паміж хатамі Васіля Дубовіка і Вітолі Касабуцкага (майго дзядулі) была сапраўдная база: мясцовыя механізатары і шафёры ставілі тут сваю тэхніку. Жыла ў вёсцы і сям'я настаўнікаў. Уладзімір Вячаслававіч і Галіна Фёдараўна Ваўчэцкія ўсё жыццё сваё прысвяцілі школе.
Некалі даўно ў вёсцы, казалі, было весела. У кожнай хаце гадаваліся дзеці — па двое, трое, чацвёра.Тут (і разам!) святкаваліся юбілеі, вяселлі, усёй вёскай хлопцаў праводзілі ў войска, але...
Сёння тут 18 хат, з дзясятак пастаянных жыхароў ды на лета, на адпачынак у бацькоўскія хаты прыязджаюць часовыя.
І тады на некалькі месяцаў вёска ажывае...
А ў астатні час пераважна сумуе па сваім ранейшым жыцці. Амаль ніхто не ходзіць праз алешнік вудзіць рыбу, не збіраецца больш каля калодзежа ці аўтакрамы, зарастаюць сцяжынкі і вадаёмы.
Балюча сціскаецца сэрца і ад таго, што ў гэтай вёсачцы ніхто больш не чакае мяне. Не выйдзе бабуля, каб сустрэць ці праводзіць, каб потым доўга стаяць на ўзгорку і махаць мне ўслед...
Але ж вёска мая жыве! Яна ў думках і снах, яна ў марах маіх — Слабадскі Чашын!
Вольга Трыгубовіч, в. Варацішчы, Уздзенскі раён
Р. S. Пра сябе. «Звязду» чытаю з дзяцінства. Пяць гадоў таму скончыла факультэт беларускай і рускай філалогіі БДПУ імя Максіма Танка, працую настаўніцай пачатковых класаў, люблю спяваць, пішу вершы, апавяданні, нарысы. Буду рада ўбачыць свае творы на старонках любімай газеты
Суседка мая адну палоўку года жыве ў Мінску, у дачкі, а другую — у вёсцы. Там у яе хатка: яшчэ дзед паставіў, там зямля, сад.
А таму як толькі вясна, рвецца жанчына (ёй 83-і пайшоў) дадому, просіць дачку: «Завязі мяне... Печ жа болей паліць не трэба...» І дзе ты дзенешся? Дачка адвозіць, хоць потым і нервуецца: чакае пятніцы, ляціць у вёску да маці.
Прыязджае надоечы, а там, дзякаваць богу, поўны парадак. Нават вішні стаяць спелыя, некранутыя, хоць у горадзе ад іх адны костачкі (і тыя на асфальце) — птушкі ўсё абабралі.
— Хто ж нашы ўратаваў? — пытае яна ў матулі.
Тая сціпла так:
— Я падмітусілася. Папрасіла суседа Гену, каб пудзіла зрабіў. Рукасты ён хлопец. Да вялікай рэйкі прыбіў папярочку, на «тулава» надзеў рыбацкую куртку, з вялікага буталя ад вады галава атрымалася, да рукавоў нейкіх бліскучых дыскаў начапляў, каб матляліся і шнурок яшчэ прывязаў, прапусціў яго пад курткай — аж да ручкі акна... Паставілі мы вартавога, так што мне засталося толькі ў акно пазіраць, за шнур той торгаць ды свістаць час ад часу... Я ведаю, чаму птушкі свісту баяцца: гэта ж каршун, калі зверху кідаецца, паветра са свістам рэжа... Для гэтага я свісток міліцэйскі знайшла. Пасля вайны ім бандытаў адпужвалі, а цяпер — бач — птушак... Мы гэта пудзіла яшчэ і да грушы потым прыладзім, Гена абяцаў... Можа, таксама ўраджай уратуем?.. Усё ж карысць, а ты мяне адвозіць не хацела...
Праўду людзі кажуць: на дзетак маці батрачка, пакуль рук не сашчэпіць. Нават не могучы нешта рабіць, яна хоча быць карыснай для сваіх дзяцей, для сям'і.
Л. Міхайлава, г. Мінск
Дзяцінства, апаленае вайной, — гэта пра Георгія Сямёнавіча Касцюкевіча, бо нарадзіўся ён у партызанскім атрадзе, бо першую сям'ю ягонага бацькі спалілі немцы. Можа, таму і сам ён пажыў зусім нядоўга: маці гадавала сына адна, так што хлопчыку хапіла і голаду, і холаду...
Пасля заканчэння Мінскага педінстытута ды службы ў войску ён быў абраны першым сакратаром Чэрвеньскага райкама камсамола, працаваў у яго цэнтральным камітэце і Мінскім аблвыканкаме, выкладаў у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. І пры гэтым Георгій Сямёнавіч праз усё жыццё сваё памятаў землякоў, памятаў сваю малую радзіму.
Спадзяёмся, што яго ўспаміны, яго «Урокі дабрыні», над якімі ён карпатліва працаваў у апошнія месяцы свайго жыцця, будуць цікавыя і карысныя для чытачоў «Звязды».
Такім чынам
Урок першы
Наша Парэцкая сямігадовая школа знаходзілася на рацэ Пціч, і зімой, у перапынках паміж урокамі, дзятва любіла пакатацца там з высокага берага.
Але ж вось званок — вучні паімчалі на заняткі. Я, увесь мокры і стомлены, плёўся ў клас апошнім.
У школьным калідоры і вось такім мяне ўбачыла старэнькая тэхнічка, абтрэсла з вопраткі снег, прыгладзіла ўскудлачаныя валасы і сказала:
— Я ведала твайго бацечку. Ён быў добрым чалавекам. Ён уратаваў мяне ад благіх людзей у гады вайны: не даў забраць маю карміцельку — швейную машынку.
3 гэтымі словамі жанчына разгарнула нейкую паперу, дастала з яе адзіную лусту чорнага хлеба, пасыпанага соллю і палітага алеем, і працягнула мне:
— Вазьмі, дзіцятка, з'еш. Гэта за бацьку.
Якой жа смачнай была тая луста! Як я быў рады ёй! Бо разумеў, што гэта не проста хлеб, гэта — узнагарода... За бацьку-партызана... Мне.
Потым у маім жыцці іх было шмат... Як і розных захапляльных момантаў ды ўражанняў, аднак першая ў памяці назаўжды.
Урок другі
У 1962 годзе наш Акцябрскі раён быў скасаваны, яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Светлагорскага. Туды, у свой новы райцэнтр, і давялося мне ехаць па метрыку — пасведчанне аб нараджэнні.
Усё патрэбнае пры сабе я меў, таму дакумент у загсе мне справілі хутка. А вось з аплатай яго здарылася замінка. Грошай у мяне хапала на нешта адно: альбо на аплату пасведчання, альбо на зваротны білет.
Няёмка было ў гэтым прызнацца, але ж нідзе не дзенешся...
Добра, што загадчыца загса ўсё зразумела. Яна распарадзілася выдаць мне дакумент бясплатна і, усміхнуўшыся, дадала: «Заробіш — аддасі».
Дзякуючы гэтаму рашэнню я купіў білет, з новым пасведчаннем дабраўся дадому і дабрыню той загадчыцы помніў усё жыццё.
Урок трэці
Той далёкай восенню нас, вучняў Парэцкай школы, адправілі на ўборку калгаснай бульбы. Мы паселі ў машыну і паехалі, аднак па дарозе грузавік зламаўся. Мы выйшлі і сталі чакаць, пакуль яго паправяць...
У гэты час да нас пад'ехала старшыня калгаса. Папрасіўшы ўвагі, яна сказала:
— Дарагія памочнікі! Вы бачыце, якое сонечнае, цёплае надвор'е. У такое, згадзіцеся, — сама працаваць! Але ж вашу машыну адрамантуюць не хутка... Дык мо давайце наперагонкі? А ну — хто хутчэй дабяжыць да бульбянога поля?
Мы нічога не паспелі сказаць, бо старшыня ўжо сарвалася з месца і пабегла. Ды так лёгка і прыгожа...
Хвілін праз дзесяць усе мы былі на полі, пасталі ў барозны. Старшыня паабяцала, што за добрую працу на Новы год мы атрымаем цукеркі ды іншыя падарункі. Гэта — хоць і далёкі — але ж быў стымул!
У канцы дня старшыня прыехала зноў і, убачыўшы, колькі мы паспелі зрабіць, шчыра пахваліла нас і падзякавала. А галоўнае, што слова наконт цукерак і падарункаў яна таксама стрымала.
Урок чацвёрты
У 1968 годзе ў свет выйшла аповесць С. І. Грахоўскага «Рудабельская рэспубліка». І я, на той час ужо настаўнік гісторыі, разам з вучнямі старэйшых класаў вырашыў правесці па гэтай кнізе чытацкую канферэнцыю, запрасіць на яе ўдзельнікаў грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, папрасіць іх падзяліцца ўспамінамі.
Да гэтага мерапрыемства зала нашага клуба была аздоблена галінкамі бярозы і клёну, адмыслова сплеценай гірляндай з елкі, дзеразы і жывых кветак. Людзей сабралася шмат, канферэнцыя ўдалася на славу!
Старшыня Парэцкага сельскага выканкама Ніна Сямёнаўна Касцюкевіч напісала аб гэтым у раённую газету «Чырвоны Кастрычнік», падзякавала за ўдзел ветэранам, назвала пайменна арганізатараў мерапрыемства.
Для некага з нас гэта было ўзнагародай, для некага — штуршком для вызначэння далейшага жыццёвага шляху. Для мяне ж імёны гасцей ды ўдзельнікаў канферэнцыі ўсё жыццё гучалі, як музыка цёплага вясновага дажджу.
Я рады, што чуў гэтых людзей, што бачыў іх.
«Урокі дабрыні» — ад школьнай тэхнічкі, загадчыцы загса, старшынь калгаса і сельсавета, ад жанчын, прызваных любіць і выхоўваць. Буду рады, калі іх учынкі паслужаць прыкладам для паводзінаў, калі мае ўспаміны дапамогуць хоць некаму падабрэць душой.
Даслалі Ларыса Іванаўна і Андрэй Георгіевіч Касцюкевічы, г. Мінск
«Звязда» збірала і збірае прыпеўкі. Чытайце і спявайце чужыя, дасылайце свае.
Усё крактала цётка Рая,
Што ёй цяжка, бо старая.
Дзеда ў прымы ўзяла,
Як малодка зажыла!
Кажа Раі гэты дзед:
Хачу снеданне, абед,
Чарку зранку і ў вячэру
Ды яшчэ адну халеру.
Сваіх мопсікаў мадамы
Прыбіраюць крута:
Ім то курткі, то піжамы,
А мужык разуты.
Да вяселля так кахаюць,
Што насілі б на руках!
А пасля ўжо бывае
Носяць і на кулаках.
Нарасло ў цёткі вішань,
Але ж не паспелі:
Наляцелі вераб'і —
За гадзіну з'елі.
Крыж свой дзеду цяжка несці,
Трэба, людцы, памагчы:
Бо ён мае нешта з'есці,
Ды даўно не мае чым.
Прадаўцы ў гэтай краме
Віскаталі, нібы ў драме.
А цяпер, каб што прадаць,
Нас гатовы абдымаць.
Вы не ешце рыб жывых
З мораў-акіянаў,
Там са смецця астравы.
Там усё... забруджана.
Мала люду ў Беларусі,
Вёска вымірае.
Па-над ёй кружляе бусел —
Дзетак не кідае.
Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/z-redakcyynay-poshty
[3] https://zviazda.by/be/tags/listy
[4] https://zviazda.by/be/tags/chytachy