Цэнтрысцкая партыя «Тэхрык-е-Інсаф» («Рух за справядлівасць») на чале з колішнім капітанам зборнай Пакістана па крыкеце Імранам Ханам стала пераможцай на ўсеагульных выбарах, атрымаўшы 116 з 272 месцаў у Нацыянальнай Асамблеі (ніжняй палаце парламента) краіны. Следам ідзе «Пакістанская мусульманская ліга», якая мае 64 мандаты. На трэцім радку апынулася левацэнтрысцкая «Пакістанская народная партыя» з 43 крэсламі. Паколькі ніводнае палітычнае аб'яднанне не атрымала простай большасці ў парламенце, партыі праводзяць перагаворы аб стварэнні кіруючай кааліцыі, якая ў далейшым сфарміруе новы ўрад краіны. Прыход апазіцыі да ўлады ў Пакістане мае каласальнае значэнне для рэгіёна, дзе цяпер рэгулярна сутыкаюцца інтарэсы Кітая і ЗША. Прафесійнага гульца ў крыкет і вядомага крытыка Амерыкі Імрана Хана аддзяляюць ад пасады прэм'ера толькі працэдурныя фармальнасці. Дарэчы, ён ужо абвясціў, што 11 жніўня мае намер прыняць прысягу ў якасці новага кіраўніка ўрада. Куды ж рушыць Пакістан?
Ад арыяў да ядзернай зброі
Крыху «навігацыі». Ісламская Рэспубліка Пакістан («пакістан» у перакладзе з мовы ўрду — «зямля чыстых») — дзяржава ў Паўднёвай Азіі. Абмываецца водамі Аравійскага мора на поўдні, мяжуе з Іранам на паўднёвым захадзе, Афганістанам на паўночным захадзе і поўначы, Кітаем на паўночным усходзе і Індыяй на ўсходзе. Пакістан — шостая па колькасці жыхароў краіна ў свеце (з насельніцтвам 207,7 мільёна чалавек, паводле даных перапісу мінулага года) і другая (пасля Інданезіі) — па колькасці мусульманскага насельніцтва.
У ІІІ-ІІ тысячагоддзях да н. э. на гэтай тэрыторыі быў цэнтр адной з найстаражытнейшых цывілізацый у гісторыі чалавецтва — Харапскай. У ІІ тысячагоддзі да н. э. тэрыторыю Пакістана засялілі арыі. У выніку паходаў Аляксандра Македонскага ўзмацніўся ўплыў элінскай культуры. Пасля тут утварылася магутнае Кушанскае царства — першы ачаг распаўсюджвання будызму. Пасля тут пачынаецца распаўсюджванне ісламу. У ХІІІ ст. тэрыторыя ўваходзіць у склад Мангольскай імперыі.
У ХІХ стагоддзі тэрыторыя сучаснага Пакістана была захоплена англійскімі войскамі і ўключана ў склад Брытанскай Індыі. Адным з духоўных заснавальнікаў сучаснай краіны лічыцца паэт Мухамад Ікбал, кіраўнік Мусульманскай Лігі. Менавіта ён прапанаваў у 1930 годзе стварыць незалежную мусульманскую дзяржаву. Назву для яе яшчэ ў 1933-м прапанаваў студэнт-мусульманін Чаўдхуры Рахмат Алі, які вучыўся ў Кембрыджы. Такім чынам з'явіўся акронім, утвораны з назваў гісторыка-культурных рэгіёнаў: «П» — Пенджаб, «А» — Афгані, «К» — Кашмір, «С» — Сіндзі, а «тан»— Белуджыстан. У 1947 годзе пры падзеле Брытанскай Індыі ўтварылася суверэнная дзяржава Пакістан, у якую ўвайшлі паўночна-ўсходнія і паўночна-заходнія раёны Індастана пераважна з мусульманскім насельніцтвам.
У 1990-х адбываецца актыўнае развіццё ядзернай праграмы краіны (стартавала яшчэ ў 1972-м) пад началам Абдулы Кадзір Хана, што стала прычынай увядзення ЗША санкцый супраць Пакістана. Як сцвярджаюць ваенныя эксперты, у канцы ХХ стагоддзя ў Ісламабада было да дзесяці ядзерных зарадаў на аснове ўрану і да пяці — на аснове зброевага плутонію. Вынікам інтэнсіўнай працы на працягу трох дзесяцігоддзяў сталі выпрабаванні ядзернай зброі на палігоне Чагаі ў правінцыі Белуджыстан на мяжы з Афганістанам. Цяпер Пакістан — адзіная краіна ісламскага свету, якая мае ядзерную зброю.
Да таго ж варта мець на ўвазе тое, што з пачатку 2000-х гадоў паўночна-заходні рэгіён дзяржавы Вазірыстан з'яўляўся апорай руху «Талібан». У 2004-м талібы захапілі тут фактычную ўладу. Праўда, пасля тэракта 11 верасня 2001 года Пакістан афіцыйна спыніў падтрымку рэжыму талібаў і падтрымаў актыўныя дзеянні ЗША супраць гэтага руху.
Татальная перамога
Падчас цяперашняй выбарчай кампаніі партыя Імрана Хана заваявала шмат месцаў не толькі ў парламенце, але і ў правінцыйных асамблеях. Гэта рэдкае дасягненне для Пакістана. Галоўны заклік Хана — рэфармаваць сістэму кіравання, якая ў значнай ступені заснавана на сетках патранажу і асабістых сувязяў. Галасы яму прынёс лозунг барацьбы з карупцыяй, нацэлены супраць дзвюх палітычных дынастый — Шарыфа і Бхута (адпаведна «Пакістанская мусульманская ліга» і «Пакістанская народная партыя»). Перамога Хана, на думку экспертаў, сімвалізуе стомленасць краіны ад палітычных і эканамічных крызісаў.
Як заўважыла ng.ru старшы навуковы супрацоўнік Інстытута ўсходазнаўства РАН Наталля Замараева, «Партыя справядлівасці параўнальна маладая, ёй каля дваццаці гадоў. Гэта азначае, што праходзіць змена палітычных эліт». І ў Пенджабе, найбуйнейшай правінцыі, дзе пражывае 53 працэнты насельніцтва краіны, Хан заваяваў амаль палову месцаў у правінцыйным сходзе. «Гэта азначае, што патэнцыйна ён мае магчымасць сфарміраваць урад не толькі ў цэнтры, але і ў найбуйнейшай правінцыі. Гэта татальная перамога», — лічыць эксперт.
Стаўка на маладых
Перадвыбарчая кампанія 65-гадовага Імрана Хана была арыентавана на маладых выбаршчыкаў — у 208-мільённым Пакістане 64 працэнты насельніцтва маладзейшыя за 30 гадоў. Пры гэтым краіна вельмі кансерватыўная. Падчас кампаніі Хан часта выкарыстоўваў антыамерыканскую і антыіндыйскую рыторыку. Ён таксама абяцаў перамагчы карупцыю. Гэта адна з найцяжэйшых праблем краіны. Справа дайшла да таго, што Наваз Шарыф, які ўзначальваў урад яшчэ летась (а ўвогуле тройчы знаходзіўся на пасадзе прэм'ера), быў асуджаны на 10 гадоў за фінансавыя махінацыі, якія дазволілі яго сям'і набыць раскошную нерухомасць у Лондане.
Выбаршчыкі звязваюць з Імранам Ханам надзеі на паляпшэнне сітуацыі ў эканоміцы, абцяжаранай знешнім доўгам, а таксама ўмацаванне грамадскай бяспекі. У ходзе перадвыбарчай кампаніі і саміх выбараў у краіне адбыўся шэраг тэрарыстычных нападаў. Падчас саміх выбараў бяспеку на выбарчых участках ахоўвала 371 тысяча салдатаў — амаль у пяць разоў больш, чым на выбарах 2013-га. Агульную ж колькасць сіл бяспекі, прыцягнутых для аховы выбараў, паліцыя ацаніла ў 800 тысяч чалавек.
Імран Хан абяцаў «новы Пакістан». «Я прадстаўлю сістэму, прызначаную для мас, — уся палітыка будзе для людзей», — заявіў ён, абвяшчаючы аб сваёй перамозе. Палітык таксама паабяцаў не пераязджаць у афіцыйную рэзідэнцыю прэм'ер-міністра, заявіўшы, што яна будзе «ператворана ў навучальную ўстанову ці нешта ў гэтым родзе». «Мне было б сорамна жыць у такім вялікім доме», — сказаў ён.
У гэтай прамове Імран Хан зрабіў прымірэнчую заяву аб Індыі. Акрамя таго, ён заклікаў да «ўзаемавыгадных» і «збалансаваных» сувязяў з саюзнікам Пакістана ЗША і паабяцаў стварыць рабочыя месцы для бедных. Вядучы саветнік у амерыканскім універсітэце Джона Гопкінса, у мінулым — дырэктар афганскага і пакістанскага напрамкаў у Белым доме, Шаміла Чаўдхары адзначыла ў артыкуле для часопіса Tіmе, што пакуль Вашынгтон бачыць у Пакістане «праблему, якую трэба вырашаць, а не краіну, з якой варта будаваць дыялог». Пры гэтым эксперт называе самога Хана «пакістанскім Трампам» і адзначае, што паміж палітыкамі ёсць нямала паралеляў — абодва многія гады былі ў свеце шоу-бізнесу, не займалі палітычных пасад. Дарэчы, у тым, якое паміж імі падабенства і якія адрозненні, Трамп і Хан неўзабаве могуць пераканацца асабіста, калі сустрэнуцца ў верасні ў Нью-Ёрку на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН.
Хан ці прапаў
Пакінуўшы крыкет — адзін з самых папулярных відаў спорту ў Пакістане, — Хан актыўна займаецца палітыкай з 1996 года. Ён стаў адным з найбольш папулярных палітыкаў у краіне, яго мітынгі нязменна збіралі тысячы прыхільнікаў. Праўда, з тых часоў, як яго фота з'яўлялася ў гламурных часопісах, а паклонніцы палявалі на яго аўтограф, сам Хан змяніўся. «У свеце Імран Хан па-ранейшаму вядомы як чэмпіён па крыкеце, які прывёў Пакістан да перамогі на чэмпіянаце свету 1992 года. Аднак з тых часоў ён стаў паслядоўнікам кансерватыўнага ісламу і нядаўна ажаніўся са сваёй духоўнай настаўніцай, якая хавае твар пад чадрой», — піша Thе Guаrdіаn.
Частка прыхільнікаў Хана, якія прытрымліваюцца менш радыкальных поглядаў, адвярнулася ад яго з-за нядаўніх заяў, у якіх ён абараняў юрыдычную сістэму руху «Талібан». Пасля гэтых выказванняў экс-спартсмен нават атрымаў мянушку «Талібан Хан».
Акрамя таго, праціўнікі Хана таксама абвінавачваюць яго ў тым, што ён дабіўся перамогі пры дапамозе пакістанскіх вайскоўцаў,
і адкрыта называюць яго крэатурай пакістанскіх сілавікоў. Хоць у новага прэм'ера, у адрозненне ад яго папярэднікаў, ёсць багатае мінулае ў выглядзе знаёмстваў са знакамітасцямі і ўплывовымі людзьмі, ён у любым выпадку будзе залежаць ад генералаў, лічаць эксперты. «Пакістанскія вайскоўцы, якія прывялі Хана да ўлады, хочуць вярнуць свае інвестыцыі», — згадвае gаzеtа.ru меркаванне вядучага эксперта Gulf Stаtе Аnаlуtісs у Вашынгтоне Тэадора Карасіка. Эксперт таксама нагадвае, што многія пакістанскія прэм'еры не змаглі доўга ўтрымацца ва ўладзе.
Як адзначае gаzеtа.ru, сам Хан, падобна, добра разумее агульны расклад. У аўтабіяграфічнай кнізе «Пакістан. Асабістая гісторыя», апублікаванай
у 2011 годзе, ён згадвае пра гэта. «Пакістан — гэта краіна, дзе палітыка заўсёды была гульнёй для злачынцаў і ахвотных незаконна ўзбагачацца, і любы, хто кіне выклік гэтаму статус-кво, нават чалавек з маёй папулярнасцю, — можа быць арыштаваны», — пісаў палітык.
Трынаццаты крэдыт
Як стала вядома, новы ўрад Пакістана мяркуе звярнуцца ў Міжнародны валютны фонд па самую вялікую крэдытную лінію ў гісторыі краіны — ад $10 млрд да $12 млрд, піша Thе Fіnаnсіаl Tіmеs са спасылкай на інфармаваныя крыніцы. План будзе прадстаўлены Імрану Хану неўзабаве пасля яго ўступлення на пасаду прэм'ер-міністра. Пакістан перажывае валютны крызіс, і знешняя дапамога можа забяспечыць выхад з яго. Паводле апошніх даных, валютныя рэзервы пакістанскага цэнтрабанка скараціліся да $9 млрд, гэтай сумы не хапае нават для таго, каб забяспечыць бесперабойны імпарт у краіну на працягу двух месяцаў пры захаванні бягучых аб'ёмаў.
Крэдыт МВФ стане ўжо трынаццатым для Пакістана. Апошні раз гэтая краіна звярталася ў МВФ у 2013 годзе, тады яна атрымала $5,3 млрд. Пакістан актыўна карыстаецца дапамогай Паднябеснай: у мінулым фінансавым годзе Ісламабад атрымаў ад кітайскіх камерцыйных банкаў крэдыты на $5 млрд.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/kantynenty