Прадстаўнічая дэлегацыя з Кітая наведала Гродна, дзе адбылося падпісанне двухбаковага пратакола аб намерах па ўсталяванні сяброўскіх адносін паміж Гродзеншчынай і марской правінцыяй Фуцзянь. Гэта другая кітайская правінцыя, з якой у гродзенцаў наладжваюцца сувязі. Рэгіён ужо трывала супрацоўнічае з правінцыяй Ганьсу, у вобласці рэалізуецца некалькі значных інвестпраектаў. У новых партнёраў таксама нямала планаў у розных сферах.
Госці з Кітая зацікаўлены ў гандлёвых адносінах, а таксама ў гуманітарных сувязях. Лян Цзяньюн, кіраўнік дэлегацыі, начальнік аддзела прапаганды парткома КПК правінцыі Фуцзянь, выказаў інтарэс да прадукцыі сельскай гаспадаркі, у прыватнасці гродзенскай «малочкі», якая ўжо сертыфікавана для паставак у КНР. У цяперашні час вядзецца сертыфікацыя мясной прадукцыі рэгіёна. Кіраўнік дэлегацыі запэўніў, што пошук інвестараў для сумесных праектаў, у тым ліку ў сферы энергетыкі, будзе наладжаны. Прадстаўнікі правінцыі Фуцзянь расказалі, што тут развіты электроніка, машынабудаванне, лёгкая прамысловасць. У ёй знаходзіцца і самы вялікі завод па вытворчасці акумулятараў у свеце.
Абодва бакі зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва турыстычнай сферы. Імпульс надасць 30-дзённы бязвізавы рэжым, які ў хуткім часе пачне дзейнічаць паміж дзвюма краінамі. Да таго ж 2018 год аб'яўлены ў Кітаі годам турызму Рэспублікі Беларусь. Адносіны паміж краінамі садзейнічаюць развіццю рэгіянальных сувязяў у гэтай сферы, адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Так, у Гродне на турыстычных аб'ектах можна атрымаць інфармацыю на кітайскай мове. Гродзенцы прымаюць удзел у кітайскіх выстаўках.
Наша даведка
Правінцыя Фуцзянь знаходзіцца на марскім узбярэжжы паўднёва-ўсходняга Кітая. Горы і ўзвышшы займаюць каля 90 % плошчы. Насельніцтва складае каля 40 мільёнаў чалавек.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/grodna
[5] https://zviazda.by/be/tags/fuczyan