У гэтыя дні ў Беларусі праходзіць сумеснае камп'ютарнае камандна-штабное вучэнне аб'яднанай сістэмы проціпаветранай абароны дзяржаў — удзельніц СНД «Рэгіянальная бяспека — 2018». Яно праводзіцца на базе аўтаматызаванага дапаможнага пункта кіравання ВПС і войскаў ППА.
— Падчас практычнага этапу вучэнняў мы адпрацавалі такія сітуацыі, якія найбольш часта могуць сустрэцца, — расказаў камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі проціпаветранай абароны Узброеных Сіл Беларусі Ігар Голуб. — Першая — угон паветранага судна тэрарыстамі. Таксама мы праверылі алгарытм дзеянняў падчас парушэння дзяржаўнай мяжы баявым паветраным суднам. Трэці эпізод — з-за форс-мажорных абставін яно згубіла візуальную арыенціроўку. У тым выпадку, калі лётчык і экіпаж не могуць сарыентавацца, дзе яны знаходзяцца, то дзяжурныя сілы па проціпаветранай абароне павінны прыйсці ім на дапамогу. У гэтай сітуацыі мы ажыццяўляем перахоп. Што гэта такое? Мы падводзім паветранае судна-перахватчыка да таго, якое страціла арыенціроўку, пасля чаго і выводзім яго на зададзены маршрут. Калі камандзір экіпажа дакладвае аб тым, што арыенціроўка адноўлена, то мы лічым, што задача выканана.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[3] https://zviazda.by/be/tags/armiya