У бальніцы амерыканскага штата Арызона 16 медсясцёр аб'явілі аб цяжарнасці, паведамляе СNN. Супрацоўніца Bаnnеr Dеsеrt Mеdісаl Сеntеr Эшлі Адкінс апублікавала ў сацыяльных сетках фота будучых маці, пры гэтым яна сама таксама чакае дзіця.
Медсёстры запэўніваюць, што не згаварваліся адначасова стаць маці, аднак усе яны ўзрадаваліся гэтаму супадзенню. Роды ва ўсіх супрацоўніц павінны прайсці з кастрычніка гэтага года па студзень 2019-га. Дэкрэт у Арызоне доўжыцца 12 тыдняў.
У адміністрацыі бальніцы адзначылі, што ўжо даўно рыхтуюцца да часовага сыходу такой колькасці работніц. Акрамя гэтага, медсясцёр на час цяжарнасці вызвалілі ад некалькіх абавязкаў: так, ім дазволілі не праводзіць хіміятэрапію і не працаваць з тымі, хто хворы на сухоты. Паводле слоў жанчын, ім падабаецца разам хадзіць на абед. Дзеля цяжарных супрацоўніц у кафетэрыі пашырылі меню, дадаўшы ў яго салёныя агуркі і алівы.
Мост у раёне вадасховішча Дунцзянху кітайскай правінцыі Хунань абрынуўся з-за спробы турыста зрабіць сэлфі, піша Sоuth Сhіnа Mоrnіng Роst.
Вінаваты ў тым, што здарылася, хацеў сфатаграфавацца і заблакаваў праход па мосце. Канструкцыя не вытрымала вагі людзей і абвалілася, дзесяць чалавек апынуліся ў вадзе. Адзначаецца, што чацвёра турыстаў атрымалі лёгкія траўмы. Паводле слоў прадстаўнікоў мясцовых улад, абвальванне адбылося з-за таго, што турыст стаяў на зварачным стыку — ён танчэйшы, чым іншыя часткі моста.
Спроба зрабіць сэлфі ў экстрэмальных умовах часта прыводзіць да няшчасных выпадкаў. 10 жніўня 22-гадовага жыхара Архангельска шпіталізавалі з ірванымі ранамі галавы і рук ад лап мядзведзя. Малады чалавек хацеў сфатаграфавацца са зверам, якога ён сустрэў на адной з вуліц горада.
Жыхар амерыканскага штата Місуры некалькі дзён не расказваў жонцы аб буйным выйгрышы ў латарэю, паведамляе UРІ.
Роберт Бэк атрымаў джэкпот — 352 тысячы долараў. Даведаўшыся пра перамогу, ён нічога не сказаў жонцы. «Я чакаў, каб зрабіць ёй сюрпрыз», — растлумачыў мужчына. На чацвёрты дзень ён прыйшоў да жонкі з букетам руж і вялікім плакатам пра выйгрыш. «Я вельмі эмацыянальна рэагую, калі здараецца нешта нечаканае. Я з тых, хто можа пусціць слязу. Але ў дадзеным выпадку гэта былі слёзы шчасця», — расказала жанчына. Бэк заявіў, што плануе аддаць частку выйграных грошай дачцэ. Акрамя таго, ён падумвае аб ахвяраванні для дзіцячай даследчай бальніцы Сэнт-Джуд, якая спецыялізуецца на лячэнні раку ў дзяцей.
Іван Купарвас
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ivan-kuparvas
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/naviny-zamezhzha