З 6 да 12 верасня пройдзе камандна-штабное вучэнне Узброеных Сіл. Часці і падраздзяленні ўжо пачалі выхад у прызначаныя раёны. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства абароны.
Падраздзяленні 74-га асобнага палка сувязі і 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання здзейснілі марш на 230-ы агульнавайсковы палігон Абуз-Лясноўскі, што пад Баранавічамі.
Падраздзяленні 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання адбылі на 227-ы агульнавайсковы палігон, які месціцца паблізу Барысава.
Камандна-штабное вучэнне, у якім возьмуць удзел да 7,5 тысячы вайскоўцаў, пройдзе ў два этапы. Для выканання вучэбна-баявых задач будуць задзейнічаны шэсць палігонаў, раёны і ўчасткі мясцовасці Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. У сувязі з гэтым ваенная аўтамабільная інспекцыя заклікае кіроўцаў быць пільнымі на дарогах.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] https://zviazda.by/be/tags/armiya