1 верасня ў сталічных школах пройдуць урачыстыя лінейкі, прысвечаныя Дню ведаў і пачатку навучальнага года.
У Мінску за парты сядуць 193,5 тысячы вучняў. Гэта амаль на тры тысячы больш, чым летась. Будуць адкрыты 858 першых класаў (іх колькасць павялічылася на 26), а таксама 397 дзясятых класаў. Упершыню званок празвініць для 23184 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Усяго ў Мінску ў новым навучальным годзе будуць працаваць 249 устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, у тым ліку 178 школ і 50 гімназій.
У жылым раёне Брылевічы вучняў прыме новая школа пад нумарам 204, разлічаная на 1020 месцаў. Яе фасад пафарбаваны яркімі колерамі — здалёк кідаецца ў вочы. На прылеглай тэрыторыі размешчаны пяць спартыўных пляцовак: па дзве баскетбольныя і валейбольныя, а таксама тэнісная. Маюцца і трэнажорныя міні-комплексы.
Акрамя гэтых пляцовак, унутры будынка ёсць дзве спартыўныя, трэнажорная і харэаграфічная залы. Акрамя таго школа атрымала і два басейны, з дзіцячай і дарослай чашамі. Жыхары раёна змогуць набыць абанемент і ў пазавучэбны час плаваць у сваё задавальненне. А для таго каб усюды выконваўся парадак, унутры школы і на прылеглай тэрыторыі ўстаноўлена 26 камер відэаназірання.
Сяргей КУЛАКОЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-kulakou
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/shkola