У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра самыя прыкметныя спартыўныя падзеі выхадных.
1. На маладзёжным чэмпіянаце Еўропы (U-23) па акадэмічным веславанні ў Брэсце беларускія спартсмены заваявалі восем узнагарод. Найбольш высокага выніку дамогся беларускі жаночы экіпаж чацвёркі з рулявой, заняўшы першае месца. Квартэт у складзе Яны Цупы, Вікторыі Жураўлевіч, Марыі Бажамой, Марыі Калеснікавай і рулявой Паліны Кацэвіч паказаў вынік — 7 хвілін 06,77 секунды.
У скарбонцы беларускай каманды і шэсць сярэбраных узнагарод. Другое месца заняла чацвёрка парных у складзе Хрысціны Стараселец, Анастасіі Сямёнавай, Яны Цупы і Дзіны Галуц. Бронзавую ўзнагароду беларускі заваявалі ў адным з самых відовішчных і прэстыжных відаў — экіпаж васьмёркі з рулявым.
У чэмпіянаце Еўропы ў Брэсце прынялі ўдзел 530 спартсменаў з 24 краін, якія разыгралі медалі ў 22 відах праграмы. У 13 з іх выступілі прадстаўнікі зборнай Беларусі, у склад якой увайшлі 46 весляроў. Наступным буйным стартам для прадстаўнікоў акадэмічнага веславання стане дарослы чэмпіянат свету, які з 9 верасня стартуе ў балгарскім Плоўдзіве.
2. Згуляны ўсе матчы 20-га тура чэмпіянату краіны. «Тарпеда-БелАЗ» з мінімальным лікам саступіла «Гарадзеі» — 0:1, «Віцебск» з буйным лікам перайграў «Смалявічы» — 4:0, «Дняпро» і «Прамень» не змаглі выявіць пераможцу — 0:0, «Іслач» саступіла «Гомелю» — 0:1, «Дынама-Брэст» быў мацнейшым за «Мінск» — 2:1, «Тарпеда» прайграла «Шахцёру» — 2:3, футбалісты «Слуцка» толькі мяч саступілі БАТЭ — 0:1, а мінскае «Дынама» перайграла «Нёман» — 1:0.
Становішча ў лідзіруючай групе: БАТЭ — 48 ачкоў (19 матчаў), «Віцебск» — 41 (19), «Дынама» (Мінск) — 41 (19), «Шахцёр» — 41 (19).
3. Арына Сабаленка прабілася ў 1/8 фіналу адкрытага чэмпіянату ЗША. Гэта першы падобны поспех 20-гадовай спартсменкі на турнірах серыі «Вялікага шлема». У паядынку 3-га раўнда адзіночнага разраду супраць 5-й ракеткі планеты чэшкі Петры Квітавай Арына выйграла ў дзвюх партыях — 7:5, 6:1. Увечары ў панядзелак у барацьбе за выхад у чвэрцьфінал Сабаленка сустрэлася з японкай Наомі Асака (19-ы нумар рэйтынга WTA), якая напярэдадні не пакінула шанцаў яшчэ адной беларусцы Аляксандры Сасновіч (33) — 6:0, 6:0.
4. Мінскае «Юнацтва» і гродзенскі «Нёман» пацярпелі паражэнні ў матчах другога тура групавога этапу хакейнай Лігі чэмпіёнаў. «Юнацтва» пасля гасцявога паражэння ад «Мюнхена» (3:4) саступіла шведскаму «Мальмё» — 1:4.
«Нёман» у напружаным дамашнім матчы саступіў швейцарскаму клубу «Цуг» — 2:4.
Дар'я Лабажэвіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/shtotydnyovy-spartyuny-aglyad-zvyazdy