Фармат міжнародных тэатральных фестываляў «Белая вежа» заўсёды быў незвычайна разнастайны. Драма. Лялькі. Вулічныя тэатры. Пластычныя спектаклі. Шакіруючы эксперымент. Уражвае і геаграфічны ахоп. За 23 гады існавання фэсту ў Брэсце пазнаёмілі са сваім тэатрам прадстаўнікі 58 краін. Пастаянныя ўдзельнікі — Расія, Украіна, Польшча, Літва. Даехалі да нас і госці з экзатычных краін: Манголія, Венесуэла, Кіпр, Туніс, Алжыр.
«Белая вежа» 2018 года аказалася сціплай. Фінансавыя праблемы вымусілі шмат ад чаго адмовіцца. Аднак розныя тэатральныя культуры паўсталі перад намі ў іх разнастайнасці і сінтэзе: побач з тэатрам на роўных існуюць музыка, танец, жывапіс, якія абяцаюць гледачу душэўную гармонію.
Крутыя прафесіяналы
Па традыцыі адкрывае фестываль адзін з лепшых спектакляў нашых сталічных тэатраў. Сёлета Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы паказаў прэм’еру «Рэвізор». Дзеянне п’есы Гогаля арганічна перанесена ў раённы гарадок нашых дзён. Вострая насмешка са страхаў, ашуканства і карупцыі лёгка адгадваецца і знаходзіць водгук у гледачоў. Ігра акцёраў захапляе. Прыз за лепшы спектакль фестывалю атрыманы справядліва.
Нечаканае здарылася на чацвёрты дзень тэатральнага свята. Кіеўскі акадэмічны тэатр лялек паказаў трагікамедыю ўкраінскага драматурга Мікалая Куліша «Як загінуў Гуска». Трохі забыты пісьменнік пачатку мінулага стагоддзя, чалавек з трагічным лёсам, прадставіў нам жыццё простай беднай сям’і з сямю дочкамі як гісторыю цэлага чалавецтва. Сям’я гэта хоча навучыцца спакойна дыхаць. Пісьменнік быў вельмі сціплы і стрыманы ў дачыненні да сваёй творчасці. Ён не ставіў глабальных задач, пасмейваўся з мяшчанства. Яго героі шукалі выратавання на «блажэнным востраве». Тэатр далікатна, шчыра, дакладна ўзбуйніў тэкст і тэму чалавечнасці. Агульначалавечая гісторыя стала адзінай для ўсіх нас, хто жыве ў свеце войнаў, рэвалюцый, палітычных і эканамічных узрушэнняў.
Акцёры іграюць у жывым выглядзе. Лялек практычна няма. Яны заменены прадметамі, якія ажываюць. Думаю, ад лялечнага тэатра захавалася толькі пяшчота ўзаемаадносін, толькі загадкавасць лялечнай душы, толькі таямніца яе адушаўлення. Спектакль канчаткова дабудоўваецца ў свядомасці гледача і пакарае сваёй высокай мастацкасцю. Гэтая праца адзначана Гран-пры фестывалю.
Акцёр Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Яўгенія Вахтангава Яўген Князеў нібы падхапіў высокую планку ўкраінцаў у монаспектаклі «Пікавая дама». За паўтары гадзіны ён не толькі таленавіта паглыбіў нас у свет аповесці Пушкіна, але і даў майстар-клас валодання словам і вобразнай прыродай тэатра.
Да класікі звярнуліся літоўцы («Запіскі з падполля» паводле Дастаеўскага), расіяне («Плаха» паводле Айтматава), армяне («Лебядзіная песня» паводле Чэхава), украінцы («Калека з вострава Інішман» паводле Мак Донах’ю).
Прафесійна зробленыя спектаклі добра адлюстроўваюць будзённы працэс жыцця тэатраў. Фестывальнай выключнасці ў іх, на жаль, няма. У сілу сваіх магчымасцей рэжысёры і выканаўцы распавядаюць людскія гісторыі пра страты і набыткі, жыцці і смерці. Асабліва засмуціў зварот Падольскага драматычнага тэатра да рамана кіргізскага празаіка, яго пераклад на мову сцэны. Культавыя кнігі свайго часу наўрад ці ў такім выглядзе захопяць і прымусяць захапляцца прыгажосцю слова прадстаўнікоў сённяшняга маладога пакалення. Кажучы іншасказальна, у аркестры спектакля грымелі толькі ўдарныя інструменты. Нідзе не загучала скрыпачка.
Бурнае абмеркаванне выклікала так званая новая драма нашага маладога суайчынніка Максіма Дасько «Лондан». Спектакль з горада Мірны Рэспублікі Саха створаны энтузіястамі, ініцыятыўнай групай. Як падалося, не вельмі прафесійнай, хоць глядзельная зала вельмі добра прыняла гэтую работу.
Латышы з горада Даўгаўпілс парадавалі не толькі маладосцю і выдатнай харэаграфічнай падрыхтоўкай, але і прыгажосцю і відовішчнасцю.
«Казанова. Генрыета. Венецыя» — гэта яркі і пластычны спектакль у суправаджэнні экспрэсіўнай музыкі і выдатнай паэзіі Марыны Цвятаевай. У вядомай тэме пра прыгоды Казановы няма ні кроплі пошасці. Аўтар лібрэта і харэограф Ірына Савельева атрымала высокую ўзнагароду за сваю работу.
Сур’ёзныя лялечнікі
На «Белай вежы» заўсёды бывае шмат спектакляў тэатраў лялек. Гэтым разам да Брэста даехалі артыст з Іспаніі і Кіеўскі акадэмічны тэатр. Два іншыя спектаклі паказалі лялечнікі Беларусі.
У нашай айчыне тэатры лялек захопленыя творчасцю для дарослай аўдыторыі. Менавіта для яе асвойваецца складаная сусветная драматургія, прапануюцца шакіруючыя эксперыменты. Можна сказаць, што спектаклі для дзяцей досыць традыцыйныя.
Тое, што лялечнае мастацтва сёння не дзіцячая забава, даказалі беларускія і ўкраінскія калектывы. Першыя прызавыя месцы — у кіяўлян («Як загінуў Гуска») і мінчан («Пансіён “Бельведэр”»). Пра наш незвычайны гарэзны спектакль ужо шмат пісалася. У Дзяржаўнага тэатра лялек ужо цэлая паліца прызоў і дыпломаў.
Для маленькіх гледачоў кіяўляне сыгралі візуальна-тактыльны спектакль кірунку «Бэбі-тэатр», які называецца «Калякі-Малякі». Ён прызначаны для тых, хто пакуль яшчэ ў падгузках або робіць першыя крокі, але ўжо імкнецца спазнаць свет. Узроставы адрас — ад 0 да 3 гадоў. Весела і займальна.
Брэсцкі тэатр лялек замахнуўся на «анлайн-трансляцыю з сусветнага злёту летуноў». Спектакль «Мой тата — птушка» прысвечаны тым, хто верыць у сваю мару і ідзе насуперак стыхіі. У такіх гледачоў і ўзрост больш свядомы. А ў тэатра — добрыя правераныя бацькі — рэжысёр Аляксандр Янушкевіч і мастак Таццяна Нерсісян. Яна ж афармляла мінскі «Пансіён “Бельведэр”». За абедзве работы атрымала найвышэйшую ўзнагароду фестывалю.
Быў адзначаны ўзнагародай і лялечнік з Мадрыда. Яго спектакль «Гульня часу» таксама для малых. У маленькай скрыначцы сцэны — мноства лялек, прадметаў і механізмаў. Усё зразумела без слоў. Артыст па-майстэрску кіруе сваёй маленечкай гаспадаркай. Адначасова пераконвае адмовіцца ад поп-корна і есці яблыкі.
Дзеці-артысты
Гэты блок спектакляў з’явіўся на «Белай вежы» ўпершыню і выклікаў мноства супярэчлівых меркаванняў. Дзіцячая творчасць заўсёды запатрабавана і горача падтрымліваецца іх бацькамі і знаёмымі. Асабліва яна мае поспех на эстрадзе. Танцы і спевы дзяцей заўсёды ўсцешваюць. Найбольш адораныя лёгка пераймаюць дарослых, капіруюць іх, з-за гэтага часта губляюць уласную творчую індывідуальнасць. І выбіраюць для сябе іншую сферу дзейнасці.
Заняткі тэатральным мастацтвам цесна звязаны з працай педагогаў і выхавальнікаў. Яны накіраваны не толькі на развіццё таленту. Папулярныя ў школах тэатральныя класы. Сталі з’яўляцца дзіцяча-юнацкія тэатры. Ствараць спектакль і іграць у ім — гэта значыць пашыраць духоўны багаж, умела разнявольваць, навучаць чалавека.
У дзіцячых артыстычных школ бываюць свае фестывалі. Пра іх ведаюць далёка не ўсе, а выключна зацікаўленыя. Уключэнне непрафесійных калектываў у праграму вядомага вялікага фестывалю тэатраў — ідэя смелая. Яны не канкурэнты. На «Белай вежы» іх быццам нават не заўважылі. Дакладней, удзел іх ніяк не адзначылі, хоць велізарная зала абласнога грамадскакультурнага цэнтра гудзела і дрыжэла ад дзіцячых захапленняў, апладысментаў і падтрымкі.
Запомніліся два калектывы. Узорны тэатр-студыя з Баранавічаў вывеў на сцэну 30 выканаўцаў — сваіх выхаванцаў усіх узростаў. У шоу-праграме «Наша жыццё — вялікі сцэнарый» яны танцавалі, ігралі ролі, не спрабавалі пераўвасобіцца ў чужыя жыцці. Казалі са сцэны пра тое, што добра ведалі: малодшыя — пра свае праблемы, старэйшыя — пра дарослыя.
Украінскі народны дзіцячы тэатр «Гарэзы» паказаў гераічную казку «Маўглі». Гэта паўнавартасны спектакль для вялікага калектыву, дзе хтосьці іграе звяроў, птушак, кветкі. Дзіцяча-юнацкі тэатр з Санкт-Пецярбурга паспрабаваў прыстасаваць для сцэны апавяданні Васіля Шукшына. Не справіліся, але хаця б паспрабавалі. Што будзе далей з дзецьмі-артыстамі? Жыццё ўсё расставіць па сваіх месцах. Ва ўсякім выпадку, для дарослага тэатра гэта будзе самая ўдзячная публіка.
Вяртаючыся да размовы пра сённяшні тэатральны працэс, падкрэслю: у тэатра няма межаў. Тэатральнай можа быць любая падзея — экскурсія, хэпенінг, перформанс, хаджэнне на хадулях і дзіцячая творчасць. Любая тэатралізаваная творчасць карысная. Каб сказаць сваё новае слова, трэба добра ведаць тое, што было да цябе. Кожны фестываль імкнецца да гэтага.
Таццяна АРЛОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/taccyana-arlova
[2] https://zviazda.by/be/tags/teatr