Хоць у Беларусі няма мора, але былыя маракі ў нас ёсць. За іх плячыма — дзясяткі і сотні выхадаў у адкрыты акіян. Наш сённяшні суразмоўнік — капітан другога рангу ў адстаўцы Барыс Беражны. Яшчэ ў маленстве ён цвёрда вырашыў стаць мараком. Нягледзячы на ўсе бар'еры, якія ставіла перад ім жыццё, ён упарта ішоў да сваёй мэты. Зрэшты, аб усім па парадку.
— Да мора мяне цягнула з дзяцінства, — успамінае Барыс Беражны. — Упершыню я ўбачыў яго ў Баку ў далёкім 1941 годзе. Туды мы эвакуяваліся, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Мяне яно зачаравала літаральна адразу. Прабыўшы там тры гады, у 1944-м мы вярнуліся ў Мінск. Я пачаў чытаць шмат кніг пра мора, любіў хадзіць на сеансы стужак «Адмірал Ушакоў», «Адмірал Нахімаў»... Адным словам, акрамя як мараком, я сябе нікім у дарослым жыцці не бачыў.
Скончыўшы школу, я вырашыў падаць дакументы ў ваенна-марское вучылішча з авіяцыйным ухілам у Рызе. Але там адбыўся трагікамічны выпадак. Я здаў усе іспыты на добрыя адзнакі. Пасля неяк мы сядзелі на падаконніку ў адной з аўдыторый на другім паверсе. Я выпадкова нешта ўпусціў уніз. І ўсё б нічога, але патрапіў якраз на фуражку дзяжурнага па вучылішчы. Праўда, псаваць мне будучыню не сталі і напісалі проста — не прайшоў па конкурсе.
Кудысьці, аднак, трэба было ісці. Мару пра мора я на некаторы час адклаў. Адзнак, атрыманых у Рызе, мне хапіла, каб паступіць у Вольскі тэхналагічны тэхнікум на машыніста-экскаватаршчыка.
Пакручасты шлях да мора
Але доўга мне вучыцца не давялося. Праз год мяне прызвалі ў войска. Пэўна, з-за маёй будучай спецыяльнасці мяне хацелі адправіць у бранятанкавыя войскі. А я вельмі хацеў трапіць на флот. І да ваенкома хадзіў, прасіў. Але справа ў чым — пасля
1949 года на флоце служылі чатыры гады, а ў сухапутных войсках і авіяцыі — тры. На гэта і рабіў акцэнт ваенкам, пераконваючы мяне ў тым, што бранятанкавая часць усё ж лепей за карабель. Я яму казаў, што адслужу два гады і буду паступаць у ваенна-марское вучылішча. Аднак пераканаць ваенкама я не здолеў.
І вось надышоў дзень адпраўкі ў войска. Па шэрагах будучых салдат раптам пранеслася пагалоска, што пасля танкістаў прыбудуць маракі. І тады я... схаваўся на тэрыторыі ваенкамата, каб толькі дачакацца маракоў. Мяне клікалі, шукалі, а я не выходзіў са сваёй схованкі. І як толькі танкісты з'ехалі, я крыху пачакаў і з'явіўся. Ваенкам на мяне тады шмат крычаў, што адправіць туды, куды Макар цялят не ганяў. Я яму ў адказ: «Ну вось, якраз на флот». — «Ну калі такое палкае жаданне на чатыры гады...» — «Я там буду не чатыры, а дваццаць чатыры. Галоўнае, каб на флоце!»
І я з гэтай камандай трапіў у Ленінград на Васільеўскі востраў у Чырванасцяжны атрад падводнага плавання імя Кірава. Там я стаў трумным машыністам дызельнай падводнай лодкі. Мадэль тая на той час была адна з навюткіх. Але на падводнай лодцы трэба літаральна пакланіцца кожнаму люку, кожнаму вентылю. І вось аднаму не пакланіўся. Пабіў галаву так, што недзе праз год яшчэ былі бачны сляды.
Пасля трапіў у Кранштат у брыгаду падводных лодак, дзе і праходзіў службу. Недзе праз паўтара года я падаў рапарт у Ваенна-марское палітычнае вучылішча імя Жданава. Я быў сакратаром камсамольскай арганізацыі, і таму рэкамендацыі атрымаў лёгка. Але вось неспадзяванка — пасля таго, як я правучыўся тры гады, пачаліся знакамітыя хрушчоўскія скарачэнні войска. Наша вучылішча таксама пад іх патрапіла. Але тут пашанцавала — нас, дзевяць чалавек, выпусцілася з чырвоным дыпломам, і таму нам далі магчымасць працягнуць службу. А астатнім прысвоілі званне малодшага лейтэнанта і звольнілі ў запас па скарачэнні Узброеных Сіл.
А мы пайшлі служыць далей. Я трапіў на Ладажскае возера. Праслужыўшы год старшыной, я здаў іспыты ў вышэйшае ваенна-марское вучылішча імя Фрунзэ. Вось такі пакручасты шлях давялося прайсці да сваёй мары.
Калі сапернік — праз некалькі дзясяткаў метраў...
— Пасля вучылішча мяне адправілі служыць на доследны карабель. Мы забяспечвалі выпрабаванне мінна-тральнай і артылерыйскай зброі двух засакрэчаных інстытутаў. І вось тут скарачэнне дагнала і мяне. Што ж было рабіць? Давялося пайсці на «грамадзянку». Кім я толькі ні працаваў — рабочым на будоўлі, слесарам, механікам... Паваротнай кропкай стала пастанова ЦК КПСС ад 21 студзеня 1967 года «Аб мерах па паляпшэнні партыйна-палітычнай работы ў Савецкай Арміі і Ваенна-Марскім Флоце». Раней скарочаных маладых афіцэраў-палітработнікаў вярталі назад на флот.
Я ж патрапіў на Ціхі акіян, на карабель паветранага назірання. Даслужыўся да намесніка камандзіра дывізіёна тральшчыкаў.
Адтуль я перавёўся на карабель вымяральнага комплексу «Чукотка». Наша судна забяспечвала запускі касмічных апаратаў і кантроль за дзейнасцю касманаўтаў на арбіце. Злучэнне базавалася на Камчатцы, у горадзе Вілючынску. А хадзілі мы ў раён ажно экватарыяльнай зоны! Некаторы час я ўдзельнічаў у абслугоўванні ўсіх запускаў касманаўтаў. Усе яны праходзілі ў нас трэніроўкі на караблі. Натуральна, яшчэ да палётаў, мы ведалі, хто адправіцца ў космас.
На такіх караблях заходзіць у замежныя парты катэгарычна забаранялася, таму што нашы караблі былі цалкам сакрэтныя. Але затое за намі палявалі амерыканцы. Як толькі яны нас пеленгавалі, то адразу ж высылалі па 2-3 свае караблі вымяральнага комплексу, якія перашкаджалі нам працаваць. Яны глушылі нашы радыёсігналы і пастаянна падстаўлялі свае барты, каб адбылося сутыкненне. А чым магло скончыцца супрацьстаянне ў адкрытым акіяне — невядома. Правакацыі ішлі з-за таго, што на нашых суднах была ўстаноўлена вельмі каштоўная апаратура.
«Падводнікі не любяць выходзіць у мора ў панядзелак»
Пасля вучобы ў Ваенна-палітычнай акадэміі імя Леніна служба працягнулася ў 10-й супрацьавіяноснай дывізіі атамных падводных лодак. Яны таксама базаваліся ў Вілючынску на Камчатцы, дзе і караблі кантрольна-вымяральнага комплексу. Але назад на іх мяне не цягнула. На субмарынах было значна цяжэй, але разам з тым і цікавей. Падчас паходаў мы сачылі за амерыканскімі авіяноснымі групоўкамі, знаходзячыся ў пастаяннай баявой гатоўнасці. Там, дзе яны, там і мы. І мэта была адна — не выдаць сябе, бо інакш гэта лічылася надзвычайным здарэннем. Сачыць і знаходзіцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці.
— І як тут не згадаць стары жарт «куды падзецца з падводнай лодкі?»...
— Любая атамная падводная лодка сыходзіць у аўтаномнае плаванне на 90 сутак. Гэта яе планавы паход. І лічыцца, што для экіпажа гэта прызнаны псіхалагічны бар'ер. Але абставіны часам вымушаюць знаходзіцца і даўжэй. Мы аднойчы затрымаліся на 108 сутак, калі амерыканскія групоўкі былі вельмі актыўныя. Неяк мы зайшлі вельмі далёка, і нам з Камчаткі дасылалі плавучую базу, якая змяняла экіпаж.
Калі сыходзіш у паход, ты зачыняешся ў сваім адсеку і тваё жыццё праходзіць ад пераборкі да пераборкі. А над табой — да 300 метраў вады. Паміж вахтамі ледзь не адзіная забава — паглядзець кіно. Усплыванне лодкі на баявым дзяжурстве недапушчальнае. Адзінае выключэнне — сеанс радыёсувязі.
Гэта накладвала дадатковую псіхалагічную нагрузку. Трэба было рабіць так, каб разнастаіць абстаноўку, адцягваць увагу людзей. Бо калі пастаянна глядзець на голую сцяну, звар'яцець можна.
— Якія прыкметы ёсць у падводнікаў?
— Маракі — вельмі прымхлівыя людзі. Напрыклад, мы не любім лік «13». Мы не любім «чорны панядзелак» — гэта выхад у мора ў першы дзень тыдня. А таксама — 31 снежня.
Дэмабілізаваўся я ў званні капітана другога рангу. І на які карабель ні прыходзіў — праз год яго абвяшчалі выдатным. На флоце гэтае званне вельмі высокае. Таму і добрая показка прыляпілася — «Нампаліт выдатных караблёў». І калі аднойчы мы хадзілі на траленне ў Бангладэш, то заваявалі кубак за першае месца ва ўсім у Ваенна-марскім флоце!
— Скажыце, а мора цягне дагэтуль?
— Канешне! Вось толькі не так часта цяпер удаецца кудысьці выязджаць. Хачу патрапіць на Паўночны флот — гэта мая даўняя мара...
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Фота з архіва Барыса Беражнога
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/marak
[4] https://zviazda.by/be/tags/mora
[5] https://zviazda.by/be/tags/lodka
[6] https://zviazda.by/be/tags/padvodnaya-lodka
[7] https://zviazda.by/be/tags/barys-berazhny
[8] https://zviazda.by/be/tags/padlodka