Беларускія памежнікі з пачатку года затрымалі на мяжы з Украінай каля 80 адзінак зброі і 1,2 тыс.боепрыпасаў. Пра гэта сёння журналістам паведаміў Старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Анатоль Лапо, перадае БЕЛТА [1].
Старшыня Дзяржпамежкамітэта таксама прывёў дадзеныя аператыўных зводак украінскіх памежнікаў. За гэты год яны затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы каля 100 адзінак зброі, каля 12 тыс. боепрыпасаў і некалькі дзясяткаў гранат. "Памежнікі абедзвюх краін зробяць усё магчымае, каб спыняць гэтыя патокі. Мы працуем у звязцы", - падкрэсліў Анатоль Лапо.
Ён дадаў, што і Беларусь, і Украіна займаюцца ўмацаваннем сваіх дзяржаўных межаў. "Гэта натуральны працэс - мы павінны забяспечыць бяспеку нашых межаў", - адзначыў Анатоль Лапо.
Закранаючы дэмаркацыю беларуска-ўкраінскай мяжы, старшыня ДПК нагадаў, што дэмаркіраваць трэба будзе 1084 км. Цяпер з карт на мясцовасць вынесена больш за 700 км, ачышчана больш за 300 км. неабходна ўсталяваць 3,2 тыс. знакаў. Беларускім бокам іх устаноўлена каля 900. "Дэмаркацыя ідзе планава, у нас няма ніякіх рознагалоссяў. Усе пытанні вырашаны", - рэзюмаваў Анатоль Лапо.
Спасылкі
[1] http://belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/belaruska-ukrainskaya-myazha
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhpagrankamitet-belarusi