Ва ўсіх раённых і абласных цэнтрах краіны юрысты Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі бясплатна пракансультуюць усіх ахвотных па пытаннях, звязаных з абаронай працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў. Прыёмы пройдуць як у раённых, гарадскіх аб'яднаннях прафсаюзаў, так і непасрэдна ў арганізацыях, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёнаў і гарадоў.
Толькі за першае паўгоддзе 2018 года юрысты ФПБ правялі амаль 80 тысяч кансультацый па працоўных і звязаным з імі пытаннях. Пры непасрэдным удзеле прафсаюзаў адноўлена на рабоце 39 чалавек, людзям вярнулі нявыплачаных або незаконна ўтрыманых грашовых сродкаў у суме больш за 2 млн рублёў.
З лістапада мінулага года ў шэрагу рэгіёнаў падчас прававых прыёмаў да прафсаюзных юрыстаў далучаюцца супрацоўнікі пракуратуры. Асаблівая ўвага на такіх прыёмах аддаецца выкананню наймальнікамі гарантый у галіне працы, парадку і тэрмінаў выплаты зарплаты, а таксама ўсіх сум, якія належаць работніку пры звальненні.
Як адзначаюць у прэс-цэнтры ФПБ, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі пастаянна праводзіць юрыдычныя кансультацыі грамадзян. Звярнуцца можна па тэлефоне, прыйсці на асабісты прыём, пакінуць пісьмовы або электронны зварот.
А на гэтым тыдні на інтэрнэт-партале ФПБ стартаваў новы сэрвіс, на якім прадстаўлены прафсаюзныя юрысты па ўсіх рэгіёнах і галінах. Для звароту чалавеку дастаткова пазначыць свой раён і сферу дзейнасці, і праграма сама прапануе прававых інспектараў, якія змогуць найбольш эфектыўна яму дапамагчы. Мяркуецца, што такім чынам членам прафсаюза стане яшчэ прасцей і хутчэй атрымаць дапамогу кваліфікаванага юрыста.
Святлана БУСЬКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-busko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/federacyya-prafsayuzau-belarusi-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/yurydychnaya-dapamoga