Па традыцыі напярэдадні Мінскага міжнароднага кінафестывалю мы сустрэліся з праграмным дырэктарам неігравой часткі “Лістапада” Ірынай Дзям’янавай і папрасілі расказаць, дзеля чаго варта ісці на кожны з фільмаў Асноўнага конкурсу дакументальнага кіно. Сёлета іх у конкурснай праграме трынаццаць, лічба адпаведна абяцае стаць шчаслівай.
“Чужы на маёй канапе” Грэгажа Бжазоўскі (Польша)
– У конкурснай праграме і ўвогуле большай частке фільмаў, што мы паказваем на кінафестывалі, часта закранаюцца глабальныя сучасныя праблемы, што тычацца чалавека на вайне, жорсткіх нацыянальных ці міжканфесійных канфліктаў. Гэта карціна паказвае, што калі ў рытме нашага вельмі напружанага жыцця спыніцца і застацца сам-насам з чалавекам іншай краіны і культуры – гэты чалавек можа адкрыць табе цэлы мір. У чужым з яго праблемамі, радасцямі і няшчасцем, калі ціха сесць побач на канапе і проста пагаварыць пра жыццё, як ні дзіўна, можна знайсці блізкую душу. “Чужы на маёй канапе” дае гэтую паўзу і разуменне таго, як яна ў жыцці неабходна.
“Нявольніца” Бернадэт Туза-Рыттэр (Венгрыя)
– Глядзіш і не вельмі верыш сваім вачам. Рэжысёр даведваецца, што ў пэўным доме 52-гадовая жанчына жыве на правах палоннай. У яе няма дакументаў, яна вымушана працаваць на гаспадыню, есць толькі тое, што даюць. Аўтар за грошы атрымлівае дазвол на здымкі, а пазбаўленая волі і ўпэўненасці ў сабе галоўная гераіня пад уздзеяннем рэжысёра паступова напаўняецца жаданнем і сіламі супраціўляцца. У выніку гераіня здзяйсняе ўчынак, можа быць нават, галоўны ў сваім жыцці: яна адважваецца на пабег. Потым аб’ядноўваецца з дачкой, якая ўвесь гэты час жыла ў інтэрнаце, дачка нараджае дзіця і фільм канчаецца шчаслівым новым годам. Глядач назірае за тым, як да чалавека вяртаецца характар, воля і ўсведамленне таго, што трэба супраціўляцца абставінам.
“Чысцільшчыкі” Ханса Блока і Морыца Рызевіка (Германія, Бразілія)
– Карціна, можа быць, геаграфічна не вельмі ўпісваецца ў правілы нашай гульні, затое яна расказвае пра тое, у якім асяроддзі мы ўсе сёння жывем – з чым мы сутыкаемся ці можам сутыкнуцца ў інтэрнэце. Так званыя чысцільшчыкі праглядаюць матэрыял за матэрыялам, сайт за сайтам і прыбіраюць з інтэрнэт-прасторы жорсткасць, парнаграфію і іншыя недазволеныя рэчы. Фільм, зроблены, дарэчы, з некаторай іроніяй, стаіць крыху асабняком ад астатняй праграмы, канцэнтруецца на некалькіх героях з розных краін і падымае сучасныя ці нават ультрасучасныя праблемы, бо ў значнай ступені мы ўсе жывем у камп’ютары.
“Тэрміновая навіна” Томаша Баяра (Чэхія)
– Гэта з іроніяй прыдуманая гісторыя – прэзідэнт Чэхіі збіраецца абвясціць, будзе ён зноў балатавацца на пост прэзідэнта ці не. Ён збірае сваіх саратнікаў, маецца на ўвазе, што будзе зроблена важная заява, але на мерапрыемства запрашаюцца ўсе апроч журналістаў. Тады апошнія – тэлевізійная каманда і журналісты друкаваных медыя – пачынаюць сачыць за сітуацыяй, спрабаваць даведацца, што адбываецца за закрытымі дзвярыма. З майго пункту гледжанная гэта аповед пра тое, хто і чым круціць – сабака хвастом альбо хвост сабакам, позірк збоку на лакальную ў геаграфічным сэнсе слова падзею, і выказванне пра вялікую палітыку – з чаго яна зроблена і як яна працуе.
“Вайна” Сулева Кеэдаса (Эстонія)
– Вельмі камерны фільм. Дзяўчына ўспамінае пра свайго сябра, які двойчы прайшоў праз місію ў Афганістане, не здолеў з гэтым жыць і ў рэшце рэшт скончыў жыццё самагубствам. Яна расказвае, як чалавека, што жыў у добраўпарадкаванай Еўропе і добраахвотна пайшоў на вайну, гэтая вайна сламала, і як яго свядомасць не змагла гэтаму скарыцца. Гісторыя вырастае за аповедам дзяўчыны – аб тым, як яна спрабавала выцягнуць сябра з “афганскага сіндрома”, пра які напісана не адна кніга. “Вайна” – вельмі сучасная еўрапейская карціна. Аказваецца, што нават калі вайна не тычыцца тваіх блізкіх, не праходзіць па тваёй тэрыторыі, а грыміць недзе за тысячы кіламетраў, яна не можа не прайсці катком па тваіх душы, сэрцы і розуму.
“Дамашнія гульні” Алісы Каваленка (Украіна, Францыя, Польшча)
– Вельмі асабістая гісторыя дзяўчыны, што спрабуе сумясціць складанасці жыцця з тым, чым яна марыць займацца. Яна хоча іграць у прафесійнай жаночай футбольнай камандзе, але бацькі сядзяць у турме, потым яны выходзяць, потым памірае маці, у дзяўчыны на руках застаецца два маленькіх брата. Абставіны жыцця пераўтвараюцца ў вельмі сур’ёзную драму, бо каб займацца футболам прафесійна, гераіня павінна аддаць яму жыццё, а часу на гэта ў яе не застаецца. Як яна спрабуе выйсці з гэтай сітуацыі, паказана з аўтарскім добрым спачуваннем – мы назіраем за тым, як дзяўчына спрабуе справіцца са складанасцямі жыцця, як змяняецца, як перажывае беды. Карціна зроблена вельмі шчыра, мы і самі пачынаем суперажываць, а калі дакументальнае кіно вызывае такія пачуцці – гэта вельмі каштоўна.
“Швейцарац Крыс” Ані Кофмель (Швейцарыя, Харватыя, Германія, Фінляндыя)
– Дзеянне адбываецца ў Югаславіі, калі яна развалілася на часткі і тут пачалася грамадзянская вайна. Галоўны герой – швейцарац, што прыязджае ў былую Югаславію ў якасці журналіста, потым становіцца наёмнікам і ў рэшце рэшт гіне. Праз шмат гадоў яго сястра спрабуе зразумець яго трагедыю, што прывяло да яго смерці. Фільм зроблены надзвычай цікава, ён выкарыстоўвае вельмі вобразную анімацыю, напрыклад лейтматывам служыць сцэна, у якой чорныя птушкі злятаюцца і перакрываюць сваёй цемнатой экран.
“Адзінотнік” Арцёма Маскалёва (Расія)
– З серыі “бяжалі і спыніліся”. Фільм расказвае пра чалавека, які ўжо шмат гадоў жыве адзінотнікам у лесе с сабакам і толькі час ад часу прыходзіць да людзей і з некім камунікуе. Восень змяняецца першым снегам, пачынаюцца сапраўдныя маразы, а апавяданне суправаджаецца вельмі тонкай і складанай гукавой парцітурай. У “Адзінотніку” надзвычайнае гукавое рашэнне: апроч таго, што яно адпавядае наваколлю, гэта яшчэ і зачароўвае, уцягвае ў цішыню, няспешнасць, нейкі іншы незразумелы свет. Калі ўбачыш, як жыве гэты чалавек, можна толькі падумаць, а куды ты сам нясешся і што насамрэч адбываецца вакол цябе.
“За мяжой” Марты Прус (Фінляндыя, Германія, Польшча)
– Гэта рускі варыянт назвы, з якім мы змірыліся, хаця лепш сказаць “На мяжы”. Гэта гісторыя пра сябра зборнай па мастацкай гімнастыцы Маргарыту Мамун, яе падрыхтоўку да спаборніцтваў і ўласна ўдзел у гэтых спаборніцтвах. Карціна ў нейкай ступені паказвае закуліссе вялікага расійскага спорта, але ў асноўным вельмі доўга назірае за тым, як гераіня ідзе да сваіх апошніх спаборніцтваў, як пераадольвае сур’ёзныя сямейныя скаладанасці, як падпарадкоўваецца альбо супраціўляецца воле трэнера. Усё гэта сапраўды на мяжы – нават не столькі фізічных магчымасцяў, колькі ўнутранай сканцэнтраванасці. Так ты разумееш, што коштам поспеха можа стаць жыццё.
“Праект “Бабуля” Балінта Рэвеса (Венгрыя, Германія, Велікабрытанія)
– Падарожжа ў прасторы і ў часе. Тры маладых чалавека з розных краін сабраліся, каб паспрабаваць расказаць і зразумець мінулае сваіх бабуль. Адна з іх танцавала у кавярні, другая была брытанскай шпіёнкай, трэцяя – венгерскай яўрэйкай, якая ледзь не была забітая ў часы Другой сусветнай вайны. Апроч таго, што героі раскрываюць мінулае сваіх бабуль, адпаведна іх падарожжу мы бачым сувязь паміж пакаленнямі, што жылі і жывуць у вельмі розны час і ў вельмі розных абставінах, разумеем, што нітка паміж намі не рвецца, а намаганнямі волі наадварот умацоўваецца.
“Вітаю, бабуля!” Юратэ Самулёнітэ, Вілма Самулёнітэ (Літва, Германія)
– Таксама падарожжа ў мінулае – дзве маладыя дзяўчыны, кінарэжысёр і фатограф, адкрываюць для сябе – гэта часты сюжэт у дакументальным кіно – мінулае сваіх сямей і бліжэйшых сваякоў, у жыцці якіх была Другая сусветная вайна. Асабліва яны спрабуюць зразумець сваю бабулю, якой ўжо няма і якой яны не змогуць задаць пытанні. Немка па нацыянальнасці, яна жыла ў Літве і атрымала прапанову вярнуцца ў Германію і пачаць там новае жыццё. “Вітаю, бабуля” – вельмі складаны клубок сямейных стасункаў, паглыблены ў неспакойную гісторыю XX стагоддзя.
“Другі бок усяго” Мілы Турайліч (Сербія, Францыя, Катар)
– Гісторыя забяспечанай белградскай сям’і, што жыве ў цэнтры горада ў кватэры, дзе ёсць закалочаныя дзверы. Рэжысёр расказвае пра сваю маці, якая была вельмі яркім і актыўным удзельнікам студэнцкіх хваляванняў 1960-х і перабудовачных працэсаў у Югаславіі, а сёння назірае за тым, да чаго ўсе гэтыя перамены прывялі. Паралельна мы задаемся пытаннем, што за гэтымі закрытымі дзвярыма і ў выніку маем магчымасць атрымаць адказ… Гэта фільм галоўным чынам пра тое, чым абарочваюцца рэвалюцыйныя перамены, чым мы плацім за гістарычныя катаклізмы і хто аказваецца ў выігрышы, а хто ў проігрышы.
«Беларуская Атлантыда» Віктара Аслюка (Беларусь)
– Адзін з апошніх фільмаў Віктара Аслюка, які з’яўляецца вядучым беларускім дакументалістам. Заўсёды цікава назіраць за тым, што ён робіць, і спрабаваць зразумець, чаму ён узяўся за тую ці іншую тэму. У выпадку з “Беларускай Атлантыдай” праект задумваўся куды больш цікавым, рэжысёр шмат гадоў працаваў над тэмай. Атрымалася засяроджанасць на адным героі – яркім і ў нейкай ступені ўнікальным, а пазнаць іншага чалавека заўсёды цікава. Тым больш не падобнага на цябе – рэдка хто стане будаваць ля дома мадэль Крэўскага замку ў суадносінах адзін да дзесяці. Чаму чалавек бярэцца за гэта? – гэта ж не гульня ў кубікі, за гэтым стаіць светапогляд, самаўсведамленне сябе як часткі гэтай зямлі і гэтай гісторыі.
Праграмы неігравога кіно будуць паказвацца ў фестывальныя дні ў кінатэатры “Мір”. 25-ы Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” пройдзе з 2 да 9 лістапада.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kino
[4] https://zviazda.by/be/tags/listapad-0