Belarus Fashion Forum пройдзе ў Мінску 16-17 лістапада, паведаміла старшыня РГА "Беларуская палата моды" Яніна Ганчарова, перадае БЕЛТА. [1]
У гэтым годзе ўслед за Тыднем моды ў Беларусі (Belarus Fashion Week) пройдзе Belarus Fashion Forum (16-17 лістапада). У папярэднія гады гэты міжнародны адукацыйны форум называўся Fashion is my Profession. "Мы запрашаем у Мінск паспяховых спецыялістаў з розных краін Еўропы, якія могуць падзяліцца вопытам з беларускімі дызайнерамі і вытворцамі, даць парады, як выходзіць на рынак ЕС. Для выхаду на еўрапейскі рынак неабходна правесці яго аналіз, падрыхтоўку персаналу, таму кожны сезон мы арганізуем навучальныя трэнінгі, семінары. Спецыялістаў, якіх запрашаем, я ведаю асабіста і ўпэўненая, што гэтыя людзі дадуць цікавую і карысную інфармацыю членам Беларускай палаты моды", - сказала Яніна Ганчарова.
Генеральны дырэктар Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Пётр Арушаньянц адзначыў, што швейны бізнес у Беларусі актыўна развіваецца суб'ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў розных рэгіёнах краіны. "Патэнцыял гэтых прадпрыемстваў вельмі высокі. Прадукцыя пастаўляецца як на рынак Беларусі, так і на замежныя рынкі, яна запатрабаваная і канкурэнтаздольная, попыт расце. На наш погляд, нішу, якую занялі беларускія вытворцы, можна пашырыць. Задача фонду і нашых партнёраў складаецца ў тым, каб сумеснымі намаганнямі рэалізаваць гэты патэнцыял. Самае галоўнае - кааперацыя, абмен досведам паміж прадстаўнікамі бізнесу, распрацоўка новых тэхналогій і форм работы, вывучэнне попыту. Наш фонд працуе ў розных напрамках, але ў асноўным з малымі прадпрыемствамі прыватнага бізнесу, у тым ліку і ў рэгіёнах. Вядзецца праца над стварэннем гарантыйнага фонду для малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Але важна ўзаемадзейнічаць і з канкрэтнымі галінамі. Адзін з такіх кірункаў - праца з швейным бізнесам", - адзначыў ён.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/regions/view/belarus-fashion-forum-projdet-v-minske-16-17-nojabrja-324420-2018/
[2] https://zviazda.by/be/tags/belarus-fashion-forum
[3] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-tydzen-mody-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/moda
[5] https://zviazda.by/be/tags/shyc
[6] https://zviazda.by/be/tags/shveynaya-sprava
[7] https://zviazda.by/be/tags/adzenne