Для прыцягнення ўвагі да праблемы пажараў і гібелі людзей з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні ратавальнікі з 12 лістапада правядуць акцыю “Не прапальваць сваё жыццё!”. Акрамя работнікаў МНС, у ёй возьмуць удзел актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, а таксама прадстаўнікі іншых арганізацый.
Мерапрыемствы пройдуць у чатыры этапы, паведамілі ў МНС. У першы дзень акцыі ўдзельнікі праедуць па “Маршруту бяспекі” і наведаюць найбольш ажыўленыя месцы гарадоў і іншых населеных пунктаў, каб расказаць пра бяспеку як мага большай колькасці людзей. Гэта прыпынкі грамадскага транспарту і сам транспарт, рынкі, аўтавакзалы, аўта- і чыгуначныя станцыі. Для прыцягнення ўвагі грамадскасці будуць выкарыстаны сігнальна-размаўлялыя ўстройствы транспарту МНС, роставыя лялькі, наглядна-выяўленчая прадукцыя, а таксама аўдыё- і відэаролікі ад ратавальнікаў.
Другі этап пачнецца 13-га і працягнецца да 20-га лістапада. На працягу тыдня ратавальнікі будуць сустракацца з людзьмі ў арганізацыях і на прадпрыемствах, у пунктах грамадскага харчавання і культурна-забаўляльных цэнтрах, санаторыях і ўстановах аховы здароўя. З работнікамі ў форме конкурсаў і інтэлектуальных гульняў пагавораць аб пажарнай бяспецы, раскажуць аб праблеме неасцярожнага курэння і нават будуць мяняць цыгарэты на больш карысныя прадметы ад ратавальнікаў.
Трэці этап акцыі пройдзе 21-27 лістапада ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Спецыяльна для моладзі ратавальнікі падрыхтуюць інтэрактыўныя мерапрыемствы ў фармаце адкрытых дыялогаў, фестываляў, тэматычных конкурсаў і нават дыскатэк.
На фінальным этапе — 28-30 лістапада — работнікі МНС правядуць яркія мерапрыемствы ў месцах масавага знаходжання людзей. У канцэртнай праграме прымуць удзел “зоркі” беларускай эстрады і калектывы мастацкай самадзейнасці. На гульнявых пляцоўках, арганізаваных ратавальнікамі, дзеці і дарослыя будуць мець магчымасць не толькі цікава, але і з карысцю правесці час. А брэндаваныя сувеніры, флэшмоб і тэматычныя фотазоны дазволяць на доўгія гады захаваць яркія ўспаміны пра свята бяспекі, абяцаюць арганізатары.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/vicebskae-ablasnoe-upraulenne-pa-nadzvychaynyh-situacyyah
[2] https://zviazda.by/be/tags/vicebsk