XXXI Міжнародны фестываль класічнай музыкі "Студзеньскія музычныя вечары" пройдзе ў Брэсце з 9 па 12 студзеня. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк, перадае БЕЛТА [1].
"Гэтым фестывалем мы адкрываем святкаванне 1000-годдзя Брэста, пачынаем канцэртныя падзеі юбілейнага года. Планка, як заўсёды, узятая высокая", - адзначыў Сяргей Панасюк.
Плануецца, што ўдзельнікамі фестывалю стануць больш за 200 артыстаў з 10 краін. Большасць з іх прыедуць у Брэст упершыню, у тым ліку і Том Сінатра - пляменнік легендарнага амерыканскага спевака, акцёра, кінарэжысёра Фрэнка Сінатры. Ураджэнец Сіцыліі Том Сінатра вядомы, мабыць, не менш за свайго знакамітага дзядзьку. Ён уваходзіць у пяцёрку лепшых гітарыстаў свету, віртуозна выконвае хіты Фрэнка Сінатры, даючы ім новае дыханне. Брэсцкая публіка зможа іх пачуць у другім аддзяленні канцэрта 10 студзеня. У першым аддзяленні сваім мастацтвам парадуе расійскі піяніст, дацэнт Маскоўскай кансерваторыі Міхаіл Лідскі.
Арганізатарамі музычнага форуму выступаюць Брэсцкія абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, Міністэрства культуры, абласное музычнае таварыства.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/culture/view/plemjannik-frenka-sinatry-vystupit-na-festivale-janvarskie-muzykalnye-vechera-v-breste-325184-2018/
[2] https://zviazda.by/be/tags/studzenskiya-muzychnyya-vechary-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/spyavak
[5] https://zviazda.by/be/tags/sinatra