Самая вялікая праблема для агароднікаў — гэта расада. Тыя ж памідоры сеюць на расаду ў канцы сакавіка. Дзень у першым месяцы вясны яшчэ кароткі, таму расадзе патрэбна падсвятленне. Да таго ж пад расаду трэба шмат месца — бывае, занятыя ўсе падаконнікі. Але куды ў гэты час падзець пакаёвыя расліны. Потым расаду трэба даставіць на дачу. Увогуле, суцэльныя клопаты. А між тым існуе ўнікальны спосаб сеяння таматаў, які дазволіць пазбавіцца ад клопатаў з расадай.
У канцы восені, калі ўдараць першыя марозікі, у агародзе капаюць лункі глыбінёй каля 15—20 см. Пасля чаго ў кожную закладваюць па адной памідорыне. Так-так, проста па цэлай памідорыне! Зверху плады засыпаюць зямлёй, злёгку яе ўтрамбоўваюць (у выніку да паверхні глебы павінна атрымацца 10 см).
Зверху пасадак насыпаюць сухое лісце пластом 10—15 см (можна і больш). А потым ставяць сеткавую скрыню, каб сховішча не раскідала ветрам. Як толькі выпадзе снег, яго накідваюць на пасадкі.
Увесну, калі глеба прагрэецца, лісце трэба прыбраць. І неўзабаве ў кожнай лунцы ўзыдзе па цэлым пучку памідорных парасткаў! Іх, як і высаджаную расаду, трэба будзе хаваць «нятканкай» ад замаразкаў. А калі яны падрастуць — выкапаць і рассадзіць па градках. І ніякіх праблем з расадай!
Дарэчы, таматы, выгадаваныя такім спосабам, аказваюцца больш устойлівымі да пахаладання, паколькі натуральным чынам праходзяць загартоўку. Яны больш устойлівыя да хвароб і ўраджай даюць звычайна большы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/tags/sad-i-agarod