«Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, на працягу шматлікіх гадоў Беларусь і Казахстан звязваюць трывалыя сяброўскія адносіны, актыўнае і ўзаемавыгаднае эканамічнае і культурнае супрацоўніцтва» — такімі словамі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі распачалася прэзентацыя кнігі Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан Нурсултана Назарбаева «Эра Незалежнасці».
Кніга ў жанры гістарычнай публіцыстыкі апавядае пра гады станаўлення маладой дзяржавы, пра найважнейшыя задачы, ад якіх залежаў лёс краіны. На старонках выдання добра перадаецца аўтарскі позірк на найноўшую гісторыю і будучыню Казахстана.
На імпрэзе ў галоўнай кніжніцы краіны прысутнічалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў Беларусі Ермухамет Ертысбаеў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Азербайджана ў Беларусі Лаціф Сейфаддзін аглу Гандзілаў, а таксама прадстаўнікі казахскай дыяспары.
Падчас прэзентацыі ў сваім выступленні Ермухамет Ертысбаеў зазначыў: «Я праехаў усю Беларусь, пабываў у абласных гарадах, а таксама з прэзентацыяй наведаў некалькі сталічных навуковых устаноў, універсітэцкіх бібліятэк, працоўных калектываў, каб прадставіць кні гу — дваццацісямігадовы вынік незалежнага развіцця Казахстана». Палітык задаўся пытаннем выхавання маладога чалавека і тым, якія фактары адыгрываюць самую значную ролю ў станаўленні асобы.
Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Кузьмініч падкрэсліла: «Кніга “Эра Незалежнасці” напісана простай мовай. Складваецца ўражанне, што Нурсултан Назарбаеў вядзе гутарку са сваім чытачом. Нацыянальная бібліятэка Беларусі сёлета была запрошана на кніжную выстаўку “Змена сталіц як змена эпох”, якая праходзіла ў Астане. І, прадстаўляючы выданні аб гісторыі Беларусі, заўважылі прыемную цікавасць бібліятэкараў і чытачоў, а гэта адзін з аспектаў прызнання сяброўскіх адносін нашых краін».
Надзея ЗУЕВА, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/knizhny-svet