Імя Івана Козела сёння, на жаль, няшмат гаворыць прыхільнікам літаратуры. Гэтаксама, як і аматарам сцэнічнага мастацтва. Між іншым, некалькі дзесяцігоддзяў назад было на слыху ў многіх і многіх. Спектаклі па творах І. Козела карысталіся вялікай папулярнасцю, нязменна праходзілі пры аншлагах.
Ягоная біяграфія ў пэўнай ступені тыповая. Безумоўна, калі мець на ўвазе беларускіх пісьменнікаў, якія ўваходзілі ў літаратуру ў даваенны і пасляваенны час. Нарадзіўся 21 мая 1928 года ў вёсцы Канчаны. Тады яна адносілася да Мядзельскай гміны Пастаўскага павета Віленскага ваяводства. Цяпер гэта Маладзечанскі раён.
Бацькі — сяляне. І сам рана далучыўся да вясковага жыцця. Спачатку наведваў школу ў роднай вёсцы. Потым вучыўся ў Маладзечанскай сярэдняй школе № 1 імя Янкі Купалы, па іншых звестках — у Красненскай сярэдняй. Атэстат сталасці атрымаў у 1949 годзе. Пасля гэтага настаўнічаў на Маладзечаншчыне: у Віткаўскай пачатковай школе, у Ермакоўскай сямігодцы, у Красненскай сярэдняй. Яго педагагічная праца доўжылася чатырнаццаць гадоў.
Завочна вучыўся на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР, рэдактарам Мінскай студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, старшым рэдактарам Камітэта па друку пры Савеце Міністраў БССР. У 1969 годзе скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя Максіма Горкага ў Маскве.
Як і многія будучыя пісьменнікі, пачынаў з вершаў. Пісаў таксама апавяданні, артыкулы. Шмат чытаў. Асабліва захапляўся творчасцю Максіма Багдановіча. Быў перакананы, што «гэта не зорка, а цэлая планета беларускай літаратуры». Хутка запаліў і ўласную зорку. Хоць, беручыся за напісанне першага драматургічнага твора «Папараць-кветка», бадай, і не думаў, што гэтая п’еса ў ягоным творчым лёсе стане свайго роду зоркай. Але асэнсоўваў матэрыял унутрана блізкі сабе, знаёмы. Пра нешта падобнае даводзілася чуць. Сустракаў і людзей з падобным лёсам. Заставалася ўсё абагульніць у сюжэт, які б не пакідаў гледача абыякавым. З разлікам на гэта і пісаў твор.
Так нарадзілася яшчэ адна мастацкая гісторыя з жыцця беларускага народа тых часоў, калі ён змагаўся за сваё нацыянальнае і сацыяльнае разняволенне. Сюжэт, пакладзены ў гісторыю твора, не сказаць каб асабліва вызначаўся навізной. Паводле аўтарскай задумы, парабак Лявон, працуючы ў багатага гаспадара Антося Лабыша, закахаўся ў яго дачку. Яніна адказвае юнаку ўзаемнасцю. Але Лабыш сваім зяцем бачыць асадніка Ганецкага. Дзяўчына, не жадаючы быць ягонай жонкай, атручваецца. Гіне і яе брат Анатоль. Ганецкага гэта, аднак, турбуе мала. Для яго галоўным было прыдбаць багацце Лабыша, чаго ён і дасягнуў. Сам жа Лабыш з-за перажытага вар’яцее.
Завяршэнне ўсёй гэтай гісторыі таксама надта адметным не назавеш. Фінал п’есы — вызваленне Чырвонай Арміяй Заходняй Беларусі. Агульнавядома: не так важна, што сказаць, колькі праўдзіва падаць. Маладому пісьменніку неабходна яшчэ і своечасовая падтрымка. Таленту І. Козелу было не займаць. Пашчасціла напаткаць і тых, хто ў яго паверыў, узяўся дапамагчы на пачатку творчай дарогі.
Урывак з драмы «Папараць-кветка» ўпершыню быў апублікаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва» 19 кастрычніка 1957 года. Цалкам з творам чытачы пазнаёміліся ў чацвёртым нумары часопіса «Маладосць» за 1958 год. У гэты час п’еса ўжо набывала сваё сцэнічнае жыццё на падмостках тэатра юнага гледача. І. Козелу пашанцавала. На яго звярнула ўвагу вядомы рэжысёр Любоў Мазалеўская.
Як сведчыў у артыкуле «Тэатр юнага гледача: праблемы», напісаным у 1982 годзе і дапоўненым у 1983-м, знакаміты крытык і даследчык тэатра Анатоль Сабалеўскі, «першае і самае галоўнае — Любоў Іванаўна была надзвычай самаахвярнай як рэжысёр і мастацкі кіраўнік калектыву. Яна стварала, дакладней, фарміравала для тэатра рэпертуар. Свой, уласны. Амаль адразу ж пасля адкрыцця тэатра туды прыйшлі маладыя і пачынаючыя драматургі. Мазалеўская з імі ўпарта, настойліва працавала, дапамагаючы іх творы даводзіць, як кажуць, да пэўнай кандыцыі. Здаралася, гэтая кандыцыя атрымлівалася і невысокая. […] Але затое былі і адкрыцці. Дастаткова для прыкладу згадаць, што на творчым рахунку Л. Мазалеўскай — драматург Іван Козел».
Спектакль меў вялікі поспех не толькі ў беларускага гледача. У 1958 годзе на Усесаюзным фестывалі тэатраў у Маскве яго адзначылі як лепшы з нацыянальных пастановак. Адпаведна, атрымаў і высокую ўзнагароду — дыплом 1-й ступені. Пасля гэтага ён амаль дзесяць гадоў займаў у рэпертуары тюгаўцаў годнае месца. Менавіта «Папараццю-кветкай» па традыцыі адкрываўся кожны чарговы тэатральны сезон. Першым згаданы спектакль значыўся і ў афішах на гастролях. Гэтую п’есу паставіў таксама Брэсцкі абласны драматычны тэатр. У свой рэпертуар уключылі яе Краснапольскі і Целяханскі народныя тэатры.
Не шкадавалі ўхвальных слоў «Папараць-кветцы» крытыкі, даследчыкі тэатра. Адзначалі праўдзівасць характараў і абставін, захапляліся жывой, сакавітай мовай персанажаў. Дый самі яны на сцэну трапілі як бы з фальклорных твораў. Вядома, да гэтага можна было паставіцца па-рознаму: папракнуць аўтара, што гэта не заўсёды на карысць твору, не заўсёды дазваляе дасягнуць пераканальнай індывідуальнасці персанажаў. Прычына, безмоўна, была ў адсутнасці творчага досведу драматурга. Аднак усё ж пераважала іншае, што стала галоўным. У беларускай літаратуры на сцэнічных падмостках яркай зоркай засвяцілася новае імя. Што да самога тэатра юнага гледача, то ён знайшоў свайго драматурга.
Ва ўжо згаданым артыкуле А. Сабалеўскі пісаў: «Прайшло вось ужо колькі часу, як была пастаўлена “Папараць-кветка” І. Козела, і цяпер гэты спектакль у гісторыі тэатральнага калектыву ўзвышаецца самай высокай творчай вяршыняй, да якой не ўзнімалася ніводная з іншых наступных сцэнічных работ». Тут жа ўдакладняў: «Блізка да гэтага спектакля стаіць, бадай, толькі “Над хвалямі Серабранкі”, зноў жа п’еса Козела, зноў жа пастаноўка».
Спачатку гэтая п’еса называлася «Канчане — суседзі мае». Чаму такая назва, здагадацца няцяжка. Ствараючы п’есу, І. Козел штосьці ўзяў і з жыцця сваіх землякоў, жыхароў роднай вёскі Канчаны. Расказаў, адштурхоўваючыся ад іх лёсаў, пра тое, як жылі ў адным з калгасаў, створаных у пасляваенныя гады ў Заходняй Беларусі. Калі казаць коратка, гэта барацьба старога з новым. Не абышлося, праўда, і без пэўнай знаёмасці ў сюжэце. Толькі больш важна іншае — здатнасць І. Козела пісаць так, каб гледачы суперажывалі расказанаму, блізка ўспрымалі ўсё, што адбываецца з персанажамі, абураліся паводзінамі тых, хто жыў не так, як патрабаваў новы час.
У ацэнцы п’ес «Папараць-кветка» і «Над хвалямі Серабранкі» высокаму мастакоўскаму густу А. Сабалеўскага не давяраць нельга. Хоць заўзятыя тэатралы, несумненна, гатовы запярэчыць: мінула столькі часу. Тэатр юнага гледача не стаяў на месцы. Былі ў яго страты, не абыходзілася і без набыткаў, прытым значных. Што наконт гэтага адказаць? Канешне, да ацэнкі Анатолем Вікенцьевічам творчасці І. Козела трэба падыходзіць з улікам падобных абставін.
Толькі сутнасць ад такога падыходу не мяняецца. Вяршыня ёсць вяршыня. Хай сабе і мастакоўская. Магчыма, з улікам сённяшніх рэалій, ужо і не самая высокая. А што адна з самых высокіх — сумнення няма. Адначасова напрошваецца і як бы прапанова: а што, калі паспрабаваць зноў наблізіцца да гэтай вяршыні? Як і тады, дзякуючы І. Козелу. Гаворка не пра тое, каб вярнуць у рэпертуар яго п’есы «Папараць-кветка» і «Над хвалямі Серабранкі». Вобразна кажучы, козелаўскі цягнік даўно пайшоў. Калі б і ўдалося яго дагнаць, у апошні вагон ускокваць рызыкоўна. Лёгка аказацца ў ім лішнім пасажырам. Тым не менш выйсце ўсё ж ёсць. Калі ўважліва прачытаць мастакоўскую спадчыну гэтага выдатнага драматурга, то…
У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца некалькі рукапісаў І. Козела. Сярод іх — п’есы «Любоў не за грошы», «Свежы вецер», «Цяжар кахання». Збярогся і пераклад на беларускую мову камедыі рускага драматурга Аляксандра Астроўскага «Свае людзі — памяркуемся». Яе не абышлі ўвагай мінскія тэатры. Ды вось пра непастаўленыя арыгінальныя творы Івана Васільевіча нельга сказаць, што яны высокіх мастакоўскіх якасцяў. Цяжка даваць ім і поўную ацэнку. У асобных выпадках тэкст захаваўся не цалкам. Часам сустракаецца некалькі варыянтаў пэўных эпізодаў. Які з іх важнейшы, вызначыць нялёгка.
Прычыну незавершанасці гэтых рукапісаў вытлумачыць нескладана. Апошнюю кропку ў іх І. Козел не паставіў. Меркаваў пры з’яўленні мажлівасці сёе-тое ўдасканаліць, дапрацаваць. Магчыма, у нечым нават змяніць асобныя акцэнты. З-за гэтага гаворкі пра тое, каб названым творам даць сцэнічнае жыццё, ісці не можа. Іншая справа — п’еса «Краіна фарбаў», рукапіс якой таксама захоўваецца ў архіве-музеі літаратуры і мастацтва.
Жанр п’есы пазначаны як драматычная казка ў трох дзеях, з пралогам і эпілогам. Пісалася яна з разлікам на тэатр юнага гледача. Дарэчы, з ёю, як і з творамі, што мелі шырокі рэзананс, можна пазнаёміцца ў кнізе п’ес І. Козела «Над хвалямі Серабранкі», якая пабачыла свет у 2005 годзе. Яе падрыхтаваў, уклаў і напісаў прадмову «У пошуку папарацькветкі» Міхась Казлоўскі. У гэтым зборніку «Краіна фарбаў» была апублікавана ўпершыню.
Сам факт з’яўлення такога выдання ўнікальны. Яго выпусціла маладзечанская друкарня «Перамога». Фінансавую падтрымку аказаў тагачасны аддзел культуры Маладзечанскага райвыканкама. Парупіліся і супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Каб жа і ў іншых раёнах так дбалі аб прапагандзе твораў пісьменнікаў-землякоў!
Чытаць п’есу «Краіна фарбаў» — вялікае задавальненне. І ў папярэдніх творах І. Козела, засведчу гэта яшчэ раз, шмат месца адведзена гумару, досціпу, трапным народным выслоўям і параўнанням. Але ў творы, адрасаваным дзецям, іх куды болей. Што ні казачны персанаж, вымаляваны так, нібыта знаходзіцца з табой поруч. Каторага з іх ні возьмеш, прываблівае: сабака Шарык, мышка Сівушка, Шэры Дзяцел, ён жа Дрозд Драздовіч.
Асабліва запамінальным атрымаўся кот Баюн, ці, як яго яшчэ завуць, Марцін Мурлыкавіч. Яшчэ той хітрун! Каго заўгодна гатовы абвесці вакол сваіх лап. У сэнсе пальцаў. Да кожнага стараецца знайсці падыход. Дзе хітрасцю, дзе падманам. А то і з усмешачкай. Як, напрыклад, тады, калі хоча злавіць мышку: «Ды ты мяне не бойся, Сівушка. Я кот мірны. Я кот траваядны, можна сказаць. Я харчуюся толькі каўбаскай, пячэннем, цукеркамі і іншай траўкай-мураўкай. Так што хадзі бліжэй».
Разам з персанажамі гэтай п’есы-казкі лёгка трапіць у дзівоснае каралеўства. Кіраўнікі яго незвычайныя, больш нідзе такіх не напаткаеш: кароль Цыркуль, каралева Фіялетавая Ручка. Гэткае ж дзіўнае і акружэнне: герцаг Жоўты Пэндзаль, граф Зялёны Аловак, маркіз Чырвона-Сіні Аловак. Напрошваецца пытанне, а што ж такое краіна Фарбаў? А гэта ў творы — свайго роду інтрыга. Па ходзе дзеяння ўсё становіцца зразумелым.
П’еса «Краіна фарбаў» так і просіцца на сцэну Тэатра юнага гледача. Магчыма, як і шмат гадоў таму «Папарацькветка», яна магла б стаць свайго роду візітоўкай. Адкрывала б кожны чарговы тэатральны сезон. Успрымалася б і данінай павагі І. Козелу. Дый напамінкам пра тое, што айчынныя сцэнічныя набыткі куды большыя, чым падаецца на першы погляд. Толькі наша пастаянная няпамятлівасць перашкаджае ашчадна карыстацца тым, што ёсць.
Безумоўна, калі брацца за пастаноўку «Краіны фарбаў», не абысціся без пэўнай адаптацыі гэтай п’есы да сучасных рэалій, да сённяшняга дня. Ёсць у творы тое, што трэба скараціць. Нешта патрабуе карэкціроўкі. Не лішне пазбавіцца і празмернай дыдактыкі, калі асобныя выхаваўчыя моманты падаюцца надта прамалінейна. Але над усім гэтым пераважае іншае, што, дарэчы, увогуле было характэрным для І. Козела: сакавітая мова, выкарыстанне прыказак, прымавак.
У «Краіне фарбаў» навідавоку яшчэ і цудоўнае веданне дзіцячай псіхалогіі. Міжвольна напрошваецца параўнанне гэтай п’есы, як і іншых твораў Івана Васільевіча, са свайго роду лекамі для душы. Такое «лекаванне», думаецца, невыпадковае. Перад тым, як пачаць настаўнічаць, а потым і завочна паступіць на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры, І. Козел некаторы час вучыўся ў Мінскім медыцынскім інстытуце. Значыць, недзе на генным узроўні ў яго засталося жаданне лячыць людзей. Хай сабе не ад фізічных хвароб, што прыносяць нямала пакут, але і ад душэўнай немачы, у якой таксама мала прыемнага. Пазбавіцца ж гэтага можна і праз літаратуру, у прыватнасці, праз драматургію. Асабліва тады, калі яна такая высокамастацкая, як творы І. Козела.
На жаль, ён напісаў не так шмат. Прычына ў тым, што пражыў толькі крыху больш як сорак гадоў. Развітаўся з гэтым жыццём трагічна і недарэчна 30 студзеня 1970 года. Аднак у літаратуры (не сакрэт) важная не столькі колькасць, колькі якасць. Таму ў гісторыі беларускай драматургі назаўсёды прапісаліся яго п’есы «Папараць-кветка», «Над хвалямі Серабранкі». Папараць жа хоць і рэдка цвіце, квецень яе заўсёды такая жаданая, вабная.
Алесь МАРЦІНОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/litaratura