Зноў лістапад.
Выцягвае з-пад спуду часу ўпадабаны эпізод, уздымае імгненні падзей далёкай гісторыі і жывапісна, вільготнымі туманамі, увасабляе іх у шэрань восеньскіх раніц і вечароў.
Лістапад любіць паразважаць на вечныя тэмы, выбіраць у суразмоўцы восеньскія сэнсы і ставіць напрыканцы аўтограф — распісваецца імжой і здзіўленнем аголеных дрэў.
Праз лістападаўскія проймы дзьме-прадзімае гісторыя.
Адзін лістападаўскі дзень — цёплы, млявы, італійскі — некалі зафіксаваны дбайнай рукой пісара, застаўся ў гісторыі не толькі італійскай, але і беларускай. А сёння яна множыць сябе шматкроць, не раўнуючы, як жоўтая апалая лістота на халоднай рудой глебе.
Пяцьсот год таму, дзявятым лістападаўскім днём, у зале Tinello dei Dottori біскупскага палаца далёкай Падуі Францыск Скарына ў прысутнасці мясцовага кардынала здаў экзамен на званне доктара медыцыны. Першадрукару былі ўручаны дыплом і доктарская мантыя… Адкрываючы пасяджэнне, віцэ-прыёр калегіі доктар свабодных навук і медыцыны Тадэа Мусаці сказаў: «Вашы дастойнасці спадары навукоўцы! Я склікаў Вашы вялебнасці дзеля наступнай прычыны. У Падую прыбыў вельмі вучоны, але бедны малады чалавек, доктар свабодных навук, родам з вельмі далёкіх краін, якія ляжаць на адлегласці чатырох тысяч міль...» (паводле кнігі «Невядомы Скарына» С. Абламейкі).
А пахмурным тутэйшым лістападаўскім васямнаццатым днём, з яго неад’емнай схаладнелай самотай, тыдзень назад адбылася прэм’ера ў гонар таго самага няўрымсты-студэнта.
Свой Францыск Скарына
У рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага опернага тэатра была опера Д. Смольскага «Францыск Скарына»… Партытура сімфоніі У. Дарохіна «Францыск Скарына, жыццё і бессмяротнасць» — у архіве. Хто апошні перагортваў яе старонкі? Красамоўнае «ў кожнага Гогаля павінен быць свой Пецярбург» міжволі дае права на «ў кожнага кампазітара павінен быць свой Скарына». Ён павінен быць — уласны вобраз рэнесанснай асобы.
Так ствараецца Скарыніяна, і «чым больш культурных пластоў у музыцы, тым больш вытанчаных характарыстык». (А. Шнітке). Пласты забяспечваюць вастрыню ўспрымання, значнасць, трываласць. Сучаснае музычнае мысленне хоць і здзіўляе-насцярожвае, але, відавочна, не расчароўвае.
Жыццё Францыска Скарыны — узор недэманстратыўнага патрыятызму, генетычны код культуры і нацыянальнага духу, які нікуды не знікае, нават калі сёння ў пылу пад нагамі. Тут можна стаць побач з самім Скарынам і ва ўнісон з ім прамовіць: «…так і мы, дружа, хіба не можам сярод вялікіх паслужыць людзям мовы нашай, прыносячы ім свае маленькія кніжкі працы, з тае прычыны, што міласцівы Божа з той мовы на свет пусціў…»
Скарынава жыццё — падарожжы… Ім, падарожнікам, Еўропа адкрывала свае таямніцы.
Узыходзіла новая эпоха — вірыла і выпраменьвала таленты. Геніі зрушвалі свет.
Святло нараджала святло, як Полацак — Францыска Скарыну.
Кракаў для яго выдзьмуў агонь ведаў.
Падуя карнаваліла маладым шчасцем, надзеяй, верай і безліччу магчымасцяў, якое можа прапанаваць Адраджэнне.
Вільня гарэла. І спрэчкамі з Парацэльсам, і спусташальнымі пажарамі. Вільня здранцвела халодным целам Маргарыты.
Масква чырванела спаленымі Скарынавымі кнігамі — таямнічая русінская мова засталася неразгаданай.
Прытуліла Прага. У каралеўскім садзе каралеўскі садоўнік гадаваў кветкі тугі, адзіноты і болю.
Найвышэйшага гатунку зносіны
Кнігі, якую ніхто не чытае, няма. Опера, якую ніхто не слухае, з’яўляецца толькі фізічным аб’ектам. Культура без нагляду, якая сама па сабе, сыходзіць у андэграўнд. Гэта зразумела: калі няма ўмоў для культурных працэсаў, дынамікі, эксперыментаў, пошукаў, памылык — культура сыходзіць. Яе месца займае чужародная, запазычаная культура. Свая канае «Бандароўнай». Пустазелле з суседняга поля беспакарана перапаўзае на незанятую нікім тэрыторыю і з асалодай мацуецца дарэмным.
Музыка — знак. Музыка — вобраз. Экспрэсіўны музычны жэст, кароткая фраза абуджаюць дух, часам прыводзяць да шоку. Напэўна, так і павінна быць. Публіка любіць узрушэнне, публіка прагне эмоцый і новых энергій. Традыцыя. Мэйнстрым. Авангард. Кантрапункт кантрастаў. Таму цікавасць — заканамерная рэакцыя на рэчаіснасць, звычны рытм дыхання. Каб жыць. Каб існаваць. Каб не прапасці. Нявыкананы твор замірае ў шуфлядзе спалоханай лісіцай. Губляе сілу моманту і актуальнасць, марудна пераходзіць у катэгорыю «музыкі будучыні» з прывіднай надзеяй на «лепшы час». Няспраўджанае паглынае забыццё, калыхаецца неабуджанай матэрыяй у касмічным малацэ няздзейсненага.
Некалі стымулам для кампазітарскай дзейнасці была пераважна цікавасць опернай публікі да новых твораў. Менавіта задавальненнем такой цікавасці-патрэбы была азначана дзейнасць тэатральных імпрэсарыа.
Сёння не так. Слухач памяняўся. Імпрэсарыа зніклі. Іх функцыі цяпер выконваюць энтузіясты. Пашанцавала, калі імпрэсарыа яшчэ і дырыжор. Ён жа энтузіяст. Ён жа апантаны новай музыкай. Натхняльнік. Падбухторшчык. Аўтарытэт. Прафесар. Народны артыст Беларусі Міхал Казінец. Прыдуманы ім лістападаўскі фэст «Музычны марафон» з нагоды свайго 80-годдзя абвастрае нерв сёлетняй музычнай восені. Амбітная, зайздросная, не для кожнага «пад’ёмная» ідэя. «Манфрэд» П. Чайкоўскага, Скрыпічны канцэрт Ё. Брамса з адным з найлепшых выхаванцаў Акадэміі музыкі скрыпачом Арцёмам Шышковым, гала-канцэрт з лепшымі спевакамі айчыннай опернай сцэны. І — прэм’ера. Імя Францыска Скарыны — на афішы. Музычнае ўвасабленне Скарынавых дарог, сем сцэн жыцця, рытм і стракатасць пейзажаў рэнесанснай Еўропы. Жыццё як найлепшае здзяйсненне сябе.
Ніхто так не ўмее сябраваць з беларускім кампазітарам, як дырыжор Міхал Казінец. У дачыненні да іх Казінец нібы ўслед за Бенджамінам Зандэрам, дырыжорам Бастонскай філармоніі, не саромеецца «выпраменьваць энтузіязм». «Збірае» музыку, калі зімовы світанак сініць шыбы, і нясе ў абдымках новую партытуру, захінуўшы яе ад недарэчных позіркаў і дробных спакусаў.
Прыхільнік і паслугач музыкі Бетховена і Чайкоўскага дырыжор Міхал Казінец не ставіць партытуры сімфоній на паліцу. Яны «просяцца» назад, на пісьмовы стол, у рукі, у абдымкі. Так чыстае сумленне сілкуецца спрадвечным, каб спрыяць нараджэнню новага: «…хто промню дапамог усмешку вызнаць, той назаўсёды застанецца знакамітым, асмеліўшыся на зямлю рай перанесці…» (Джамбатыста Марына).
Тут Міхаіл Казінец падобны да Ігара Стравінскага, які таксама ніколі не спыняў свой прафесійны жыццёвы інтэнсіў, не баяўся мяняцца, вучыцца, цікавіцца і ультрасучаснай, і старадаўняй музыкай. З Бруна Вальтэрам дырыжор сінхронна пагаджаецца: «папса — лепшы спосаб трымаць нас за быдла».
Але больш М. Казінец падобны да сябе. Яго рэальнасць — вечнасць Скарынавай кніжыцы пад пахай. Такі знакавы беларускі архетып, якім не прамінуў натхніцца і захапіцца Якуб Колас: «…і на ягаднік пагоніць, і па бары на верасы пусціць, і ўсе лужкі перабярэ!..» Хто ж спыніць таго беларуса, які захоча перамогі?
Прэм’ера араторыі «Скарына. Вяртанне», увасобленая Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі (мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор А. Анісімаў), Дзяржаўнай акадэмічнай капэлай імя Р. Шырмы (мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор В. Янум), салістам — рок-музыкантам Янам Жанчаком, — неаспрэчная перамога. Перамога над забыццём, над «лісіцай у шуфлядзе», над звычнай беларускай «млявасцю і абыякавасцю да жыцця», над шэранню лістападаўскіх вуліц і такіх самых, мышынага колеру, сцэнічных куліс глядзельнай залы.
Ліхтар высока над жыццём
Сімфанічны аркестр — з’ява-цуд у маруднай плыні чалавечай эвалюцыі. Цуд, невычарпальны па рэсурсах, здольны да самаадраджэння. Дзейсна-стваральная сіла: сумяшчэнне літаратурнай дакладнасці з каларыстыкай жывапісу на нематэрыяльным узроўні. Ліхтар над чалавечым жыццём. Агромністы крышталь, здольны ўвабраць у сябе ўсе пералівы святла незавершанага касмічнага пейзажу і адбіць яго срэбрам разнастайнай шматварыянтнасці. Магчымасць тлумачэння цуду нулявая.
Нехта падвесіў гэты ліхтар высока над жыццём не без дай прычыны. Сімфанічны аркестр у рэжыме гучання — як штохвілінная зменлівасць, лёгкае, узаемнае пранікненне Часу і Вечнасці, як касмічны танец мінулага, сапраўднага і будучыні. І музыка з тых энергій, з тых старонак партый і партытур няспешна, нібы па сходах, саступае ў зямное, даступнае, становіцца адчувальнай і зразумелай, з пазнакай нетутэйшасці.
Безліч вобразаў. Жыцця не хопіць на дыялог з імі. Змогі хапае хіба на неспатольнае жаданне адчуваць сябе прыналежным да высокіх сфер і спраўджваць прагу жывога сэрца быць у абдымках дзейснай культуры.
Калі сто чалавек, кожны з якіх індывідуальнасць, злучаюцца ў адзінае гукавое поле, гэта прабівае наскрозь. Музычная матэрыя, вытканая з мноства сілавых ліній і памкненняў, з рознавектарных і супярэчлівых энергій, злучае ў адно кампазітара, салістаў, слухача, яднае завершанасць драматургічных акалічнасцяў.
У жанры асабістай падзякі
Марына Новік — скрыпічнае solo ў прэм’ерным здзяйсненні араторыі «Скарына. Вяртанне». Выкананне роўнае нараджэнню. Захапленне роўнае захопу. Асэнсаванне праз матэрыю бягучага моманту. Адно з магчымых выяўленняў таго, як мяняецца свет. Улічаная складанасць — сучасная музыка — супярэчлівая прыгажосць, заканамерная нязручнасць. Гегеліянская традыцыя інтэпрэтацыі мастацтва як мэтанакіраванага працэсу руху, з перавагай «вялікіх тэндэнцый». Агромністае збудаванне не з каменю, не з дрэва, не з травы, а амаль з яе водару.
Абуджэнне стоеных да пары энергій, вібрацыйных віхураў; бездакорнае дасланне. Музыка як мастацтва гуку. Рэдкая здольнасць. Выканальніцкае аўтарства — калі лёс музычнага твора ў руках выканаўцы і «чым была б музыка без тых, хто надае ёй жыццё і эмоцыі, хто робіць яе вядомай і любімай?..» (Эжэн Ізаі). Непазбаўленая дзіва відавочнасць: множнасць вымярэнняў ніхто не адмяняў, і гэта гучыць у геаметрычнай вышыні, разрастаюцца і цвітуць шматмерныя гукавыя сады?
Жыццё, падоўжанае створанымі шэдэўрамі, кароткае толькі па гарызанталі. Перашкоды не спыняюць, а адкрываюць далягляды. Імгненні пачынаюць падпарадкоўвацца. Прыкметай сілы становіцца абыякавасць да перашкодаў.
***
Сур’ёзны спектакль — рызыка. Спроба мастацкага выказвання на сур’ёзную тэму — рызыка. Гульня ў паддаўкі з гледачом выключаецца. Наадварот: суцэльная безабароннасць і аголенасць нерва. Яшчэ і не спектакль, а толькі ўвасобленая музыкай манументальнасць ідэі, якая супадае з часам і сэнсам…
І застаецца нязменнай прага пісаць, кожны дзень вяртацца да лістоў партытуры, кожную раніцу пачынаць з позірка на ўчарашні незавершаны такт, аркуш, які так падобны на чаканне твайго любімага ката: сцішаны і чуйны мяккі камяк да першага паварота ключа ў сенцах. Жыццё звужаецца да гэтай стракатай-паласатай старонкі партытуры, якая дзівосным чынам, па невядома якіх законах, раптам з аднамернай робіцца пластычнай, бесцырымонна пераступае парог дазволенага, уваходзіць у межы іншыя, у прастору бясконцую, гнуткую, згодлівую, дзе ўсё, што лічыцца недасяжным і бязглуздым, раптам робіцца неабходным і адзіна слушным.
Нялёгка замешваецца экзістэнцыяльнае цеста.
Чым мераць эпоху? Чым, калі дыстанцыя не ўсталявалася, а змест эпохі — значны — выспявае зараз, сёння, у гэта самае імгненне. Хаця… адкуль яму, значнаму, узяцца? Уся надзея на Ньютона і на яго меркаванне, што метэарыт — дурная прыдумка, бо метэарытам проста няма адкуль падаць...
Але ж… Але ж прэм’ера адбылася: у цэнтры Еўропы — насупраць плошчы Якуба Коласа...
Ларыса СІМАКОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/muzyka