Пры падрыхтоўцы беларуска-расійскага пагаднення аб узаемным прызнанні віз бакі змаглі знайсці разумны баланс кампрамісаў. Такое меркаванне журналістам выказаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, перадае БЕЛТА [1].
"Гэта баланс кампрамісаў. Розныя варыянты былі, але я лічу, што ў канчатковым выніку дасягнуты прымальны для ўсіх бакоў варыянт", - заявіў міністр.
Паводле яго слоў, для беларускага боку было галоўным, каб грамадзяне трэціх краін маглі бесперашкодна праязджаць сумесную граніцу. "У нас ёсць агульная граніца ў рамках Саюзнай дзяржавы, яе ахова забяспечваецца надзейным чынам. З'яўляючыся транзітнай дзяржавай, мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб наша сумесная граніца была не перашкодай, а забяспечвала магчымасць свабоднага перамяшчэння. Нам здаецца, што гэта пагадненне дае такую магчымасць", - сказаў Уладзімір Макей.
Як было заяўлена ў канцы лістапада, Беларусь і Расія ўзгаднілі ўсе пытанні па падрыхтоўцы пагаднення аб узаемным прызнанні віз. "Усе тэхнічныя моманты ліквідаваны. Сёння высокая гатоўнасць да падпісання гэтага дакумента", - паведаміў журналістам намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі - начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Мікалай Мельчанка.
Работа над праектам дакумента прадаўжалася паўтара года. Яго плануецца падпісаць на пасяджэнні саюзнага Саўміна, якое адбудзецца 13 снежня ў Брэсце.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/politics/view/makej-v-soglashenii-s-rossiej-o-vzaimnom-priznanii-viz-najden-balans-kompromissov-328678-2018/
[2] https://zviazda.by/be/tags/viza-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/rasiya