13 снежня ў Навуковай бібліятэцы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта адкрываецца выстава, прымеркаванай да 200-годдзя самага старажытнага часопіса, выдадзенага на тэрыторыі сучаснай Беларусі – "Полацкага штомесячніка" ("Miesięcznika Połockiego"). Яго ў 1818–1820 гадах выдавалі манахі і выкладчыкі знакамітай Полацкай езуіцкай акадэміі.
– Часопіс быў заснаваны філосафам і выкладчыкам акадэміі Вінцэнціем Бучынскім з ініцыятывы рэктара акадэміі Раймунда Бжазоўскага. Меў 6 раздзелаў: літаратуры і вольных навук, маральна-філасофскі, фізіка-матэматычны, гістарычны, крытычны, літаратурных навін. На працягу 1818 года выйшла 12 нумароў штомесячніка. Апошнія два нумары з’явіліся ў 1820 годзе напярэдадні закрыцця акадэміі і выгнання езуітаў з краіны, – расказалі арганізатары.
Адмыслова да гэтай выставы Нацыянальная бібліятэка Беларусі перадала тры асобнікі ўнікальнага выдання. Удзел у адкрыцці выставы і навуковай канферэнцыі, прысвечанай 50-годдзю Навуковай бібліятэкі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, прыме намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. "Для нас вялікі гонар захоўваць кніжную спадчыну Беларусі і рабіць яе даступнай не толькі для нашых чытачоў і наведвальнікаў у Мінску, але праз такія мерапрыемствы прадстаўляць яе ўсім грамадзянам краіны і замежжа", – паведаміў Алесь Суша.
Выстава будзе працаваць з 13 па 20 снежня ў будынку колішняй Полацкай езуіцкай акадэміі (сёння – корпус Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта). Адкрыццё адбудзецца сёня а 15-й гадзіне па адрасе Полацк, вул. Стралецкая, 4, Корпус А, аўд. 110.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/polack
[2] https://zviazda.by/be/tags/vystava