Урачыстая сустрэча з нагоды 25-годдзя выдавецтва «Чатыры чвэрці» адбылася ў Мастацкай галерыі Міхаіла Савіцкага. Выдавецтва працуе над выданнем кніг, якія лічацца знакавымі ў нацыянальным кнігавыданні і зрабілі ўнёсак у адраджэнне духоўнай і нацыянальнай культуры.
Стваральнікам і кіраўніком выдавецтва, на працягу ўсяго яго існавання, з’яўляецца Ліліяна Анцух. Пад яе кіраўніцтвам у свет выйшла больш як 800 кніг агульным тыражом каля 500 тысяч экзэмпляраў. Гэта літаратурна-мастацкія выданні класікаў і сучасных літаратараў, мастацкія альбомы, каталогі выставак, фотаальбомы, падручнікі і навучальныя дапаможнікі, навукова-папулярныя кнігі для дарослых і дзяцей і інш.
— Шматлікія праекты, створаныя выдавецтвам, увайшлі ў скарбніцу нацыянальнага кнігавыдання. Шмат з іх адзначаны найвышэйшымі ўзнагародамі, у тым ліку на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі». Толькі за апошнія 4 гады — 7 дыпломаў найвышэйшай якасці. Мне асабіста прыемна, што выдавецтва «Чатыры чвэрці» — гэта не проста камерцыйная структура. Яно выконвае дзяржаўныя функцыі, сярод якіх — падтрымка пісьменнікаў: як маладых, так і сталых, — адзначыла ў віншавальным слове начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Паўлава. — Дзякуючы плённай працы калектыву выдавецтва выходзіць серыя «Бібліятэка Саюза пісьменікаў Беларусі». Да таго ж выдавецтва ўдзяляе вялікую ўвагу сумесным праектам па выпуску друкаванай прадукцыі да розных нацыянальных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў.
Адзін са знакавых праектаў, які ажыццяўляўся з пачатку 1990-х гадоў на той час пад патранатам Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, — серыя кніг-альбомаў, аб’яднаных агульнай назвай «Нашы духоўныя каштоўнасці». Ён увайшоў у гісторыю беларускага кнігавыдання як помнік праваслаўнай духоўнай культуры мяжы XX—XXI стагоддзяў.
— Плён выдавецтва — гэта высокая кніжная культура, высокае мастацтва, высокая духоўнасць. Кожная серыя, кожнае асобнае выданне — гэта вынік працы і аўтараў, і ўсяго калектыву, які ўражвае і натхняе, — падкрэсліў дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка. — Таму, несумненна, кожны чытач краіны знойдзе сярод кніг выдавецтва тое, што яму спадабаецца.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/naviny