Дэпутаты Магілёўскага гарсавета зацвердзілі асноўныя паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і прынялі бюджэт Магілёва на 2019 год.
Як агучвалася на сесіі, вялікіх паступленняў у гарадскі бюджэт не чакаецца, таму трэба па максімуме зніжаць затраты, каб захаваць тую стабільнасць, якую атрымалася дасягнуць у мінулым годзе. Зыходзячы з прагназуемага даходу ў суме 363,8 мільёна рублёў, расходная частка бюджэту Магілёва на 2019 год зацверджана ў суме 362,7 мільёна рублёў. Асноўныя сродкі — прыкладна 85 % бюджэту традыцыйна пойдуць на ахову здароўя, адукацыю, жыллёва-камунальную гаспадарку.
З абласнога бюджэту прадугледжана фінансаванне будаўніцтва важнага для горада аб'екта — новай школы ў адным з маладых мікрараёнаў Казіміраўцы. Не менш важны аб'ект для Магілёва — вяслярная база, на завяршэнне будаўніцтва якой доўгі час не хапала грошай. Прынятае рашэнне перапрафіляваць гэты аб'ект пад шматфункцыянальны фізкультурна-аздараўленчы комплекс з будаўніцтвам басейна, памяшканняў для заняткаў спортам, фітнесам, цяжкай атлетыкай. Таксама прадугледжана фінансаванне шэрагу іншых спартыўных аб'ектаў. Напрыклад, плануецца завяршыць рэканструкцыю тэніснага «Космас-корта».
Усяго на апошняй у мінулым годзе сесіі Магілёўскага гарсавета было разгледжана 24 пытанні.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-voblasc