Я любіў слухаць байкі Лёхі. Прыязджаючы ў вёску, заўсёды стараўся сустрэцца з ім. Не кожны раз, прызнаюся, удавалася гэта зрабіць: чалавек ён заняты. Нарасхват. Акрамя таго, што пячнік з добрай рэпутацыяй, ён яшчэ падрабляў качагарам у бальніцы, што ў рабочым пасёлку Ільч, а гэта за некалькі кіламетраў ад нашай Іскані. Свайго транспарту не меў, таму вандраваў па прынцыпе «хто падкіне». А што да яго качагарства, то мяне гэта і наогул здзіўляе: у тым жа пасёлку хіба няма сваіх мужчын, якія бадзяюцца без работы? Фабрыка першаснай апрацоўкі воўны не працуе, выслабанілася багата рабочых рук, а, бачце, Лёха нейкім чынам уцёрся ў качагары перад носам у свайго беспрацоўнага люду. Хоць, здавалася, навошта яму гэты занятак, калі хапае пячных спраў — не адбіцца.
Паспрабуй зразумей гэтага Лёху, па пашпарце — Аляксея Прылепава. Ды што я кажу! Чалавек прайшоў агонь, ваду і медныя трубы, таму ведае, мусіць жа, шмат хадоў і выхадаў. Помню, як некалі не без гонару казаў: «Я па свеце параскідаў столькі кватэр і хат, што табе і не снілася. У Данбасе, калі на шахце рабіў, кінуў — раз! На Калыме — два! А потым яшчэ ў другім месцы на той жа Калыме — тры! І там жа, пад Магаданам, пакінуў дом з суцэльнага лёду. З лёду, а жыць у ім — ого-го як можна! Рай! Пачакай, дзесьці ж там яшчэ было ў мяне законнае жытло?..» Ён не адразу, але прыгадваў, а потым доўга расказваў, як працаваў шафёрам на той Калыме, некалькі разоў нават трапляў у такія жыццёвыя пераплёты, што як толькі жывы застаўся. На тых заснежаных трасах няшчасцяў хапала. Але яму, казаў, кожны раз шанцавала. Відаць, таму, што я дужа моцна хацеў вярнуцца дадому, у сваю вёску, і пажыць хоць трохі яшчэ на роднай зямлі. Бо рана яе пакінуў. А доўг некалі вяртаць усё ж трэба. Яна чакала...
Ён і вярнуўся. Адзін. Без сына і жонкі Раі, якая жыла некалі з ім па суседстве — праз вуліцу. Пераехала ў Магадан да іх пазней і цешча Варка.
Апошні раз мы сустрэліся, калі жылі яшчэ мае бацькі. Гэта амаль трыццаць гадоў назад. Лёха з імі падтрымліваў таварыскія адносіны, часта заглядваў і абавязкова цікавіўся, калі я прыеду. Мабільнікаў на той час не мелася, вядома ж. «Даўно не быў, то скора будзе, — гаварыў на развітанне бацькам Лёха. — Накажаце тады. Хоць ён мяне і сам знойдзе...»
Калі інтарэс меўся з двух бакоў, то як не сустрэцца!
Я ж абавязкова прывозіў з горада свежае мяса, і толькі свінчо, іншы раз і свежую рыбу. Яшчэ і з гэтай прычыны мяне чакаў Лёха. А потым мы дружна сядалі за стол і закусвалі. Стравы для сябе Лёха рыхтаваў сам. Асобна. Ён наразаў дробненькімі кавалачкамі сырое мяса, пасыпаў іх такімі ж дробненькімі кавалачкамі часнаку, паліваў кетчупам, пярчыў-саліў, усё гэта перамешваў і так смачна еў, што аднойчы захацелася і мне паспытаць. Паспытаў: не, не спадабалася. Каб такую страву ўжываць, трэба ж, мусіць, пабываць там, куды закідваў лёс майго земляка, надыхацца тым паветрам.
Лёха, ці Сыраед, як пачаў я называць яго, пайшоў з жыцця ранавата. Мог бы яшчэ пажыць, мог.
А тут нешта закволіўся сярод белага дня, і хоць у той дзень не дзяжурыў у качагарцы, ён усё ж папрасіў, каб яго адвезлі ў бальніцу. Там, кажуць, яму зрабілі ўкол, ад якога ён адразу ж апусціўся на падлогу і больш не падняўся...
Не выратавалі Лёху. Шкада. Вельмі. Мая вёска страціла яшчэ аднаго цікавага, своеасаблівага чалавека.
Не ведаю, як каму, а мне з такімі людзьмі — добра!
Валодзька ўсё яшчэ працаваў, хоць і пайшоў на пенсію. Тым, хто пытаўся, дзе ўладкаваўся, адказваў неахвотна і коратка: «Хаджу праз дзень, дзяжуру. А што мне, дома сядзець?» Яго можна было зразумець — аднаму дома невыносна сумна. Асабліва, калі яшчэ і не працуе тэлевізар. Валодзьку даўно пакінула жонка, сын заходзіць толькі тады, калі таму былі патрэбны грошы. Бацька пабурчыць сабе пад нос і ўсё ж ашчаджае яму некалькі папяровых дзяржзнакаў, сын бярэ і моўчкі знікае. Той, хто ведае, як жыве Валодзька, не хваліць і сына: дапамог бы бацьку хоць парадак навесці ў аднапакаёўцы, калі ў яго самога рукі не даходзяць, там жа няма куды нагу паставіць. Грошы бачыць — сметнік не. Сусед, Васька, неяк прарваўся ў Валодзькаву кватэру (ён строга сочыць, каб ніхто не пераступіў парог) і жахнуўся ад убачанага. Тады ж, паохаўшы і паахаўшы, Васька прапанаваў навесці ў кватэры парадак за дзве пляшкі віна, аднак Валодзька адмахнуўся: «Я сам за дзве зраблю!» Так і робіць.
У тыя дні, калі Валодзька не на рабоце, ён шпацыруе па двары ўзад-уперад — як заведзены. І я нярэдка бачу яго са свайго акна. Хто б ні ішоў, і няважна, у які бок і на якой адлегласці, ён абавязкова паспяшаецца насустрач і ўвесь час, як толькі заўважыць чарговую ахвяру, будзе несці перад сабой на адным узроўні правую руку — як штык на вінтоўцы раней нёс салдат перад атакай. Колькі ж ён робіць поціскаў рук за той час, што дзяжурыць у двары! Бясконца! Камусьці, бачу, брыдка цягнуць сваю руку яму ў адказ, і ён хавае яе за спіну. Валодзька, здагадваюся, не разумее: у чым справа, спадар? Але ён нядоўга застаецца сам-насам. Неўзабаве зноў выстаўляе руку-штык і бярэ напрамак да мужчыны, якога заўважае, але той махае яму, маўляў, няма часу, адчапіся, не падыходзь, і адварочваецца, паскорвае хаду. Аднак жа большасць людзей паддаецца. Нават могуць трапіць на Валодзькаў «поціск» двойчы і тройчы на дні: старэе Валодзька, памяць падводзіць.
Валодзька даўно галіўся, рыжае шчэцце старыць ягоны твар, у вачах няма бляску, бо адкуль яму быць, калі штодня выпівае. Выпівае часта не адзін, а знаходзіць сабе кампанію, і яны з бутэлькай віна атабарваюцца непадалёк у альтанцы і там бавяць час. І што цікава, нават у такія хвіліны, калі заўважае каго Валодзька, выторквае наперад руку і выходзіць з альтанкі, пакідаючы сабутэльнікаў, паціскае зноў некаму далонь. Не баіцца нават, што тыя могуць без яго апрастаць пітво. Паціснуць камусьці руку, аказваецца, нават важней, чым віно! Дзіўна!
Хоць чаму здзіўляцца? Цяпер многае мы прымаем як звычайныя рэаліі жыцця. Раней дзяўчына, якая зацяжарыла, не пабраўшыся шлюбам, саромелася выйсці з хаты, а сёння пра гэта заяўляе на ўвесь белы свет з экрана тэлевізара. Можа і ён хоча быць навідавоку, хоць нечым вызначыцца. Няважна, што і ў межах двара. Так што — даруйце, спадары, не праходзьце міма: Валодзька хоча быць з вамі ўсімі добранькім. А што рукі не мыў і сёння таксама, то пацярпіце крышачку яшчэ: вось калі навядзе парадак у сваёй кватэры, тады заадно і памые.
Некалькі разоў Валодзька, запрыкмеціўшы і мяне, таксама рашуча мяняў напрамак свайго руху, падыходзіў і цягнуў руку. Я спярша адказваў узаемнасцю, а потым усё ж не падаў сваю і прысарамаціў яго. Што ты, браце, кажу, заразу разносіш? Можа, ёсць хворыя сярод тых, каму ты паціскаеш далонь? Ды і табе ж, чуў, рабілі ўжо папрок мужчыны, і не раз: чаго ты лезеш кожны раз са сваёй рукой?! Дай спакойна прайсці! Колькі можна гаварыць! Нагадаў таксама яму, што сусветна вядомы біятланіст Уле-Эйнар Б'ёрндален у час спаборніцтваў нікому не падаваў руку, нават спартсменам: баяўся, каб не падхапіць які-небудзь вірус. Падумай, Валодзька! Зрабі перазагрузку!
Аднак на Валодзьку нічога не дзейнічае. Як цягнуў усім руку, так і працягвае. У тым ліку і мне.
Учора сусед Пятро, гляджу ў акно, ідзе дадому і нясе два пакеты малака — па адным у руцэ. А мне растлумачыў:
— Купіў два, бо гляджу, Валодзька стаіць на сваім пасту, а міма яго не пройдзеш. А так я яму, калі працягнуў мне руку, смела адказаў: бачыш жа, рукі заняты! І прашмыгнуў!..
Жонка, вярнуўшыся з бальніцы, дзе пару тыдняў вырашала праблемы са здароўем, расказала мне наступную гісторыю.
— Цікавая ўсё ж гэтая Якаўлеўна! — сядае яна побач, і я адкладваю ўбок свае справы: трэба паслухаць. Жонка, ведаючы мяне, абы што не будзе апавядаць. — Ці, дакладней сказаць, — дзівачка тая кабета. Як ёсць. Муж яе, значыць, паехаў у санаторый і пазнаёміўся там з жанчынай, тая аднекуль з вёскі, з-пад Рэчыцы. Жыве адна. І муж, трэба аддаць яму належнае, прызнаўся Якаўлеўне, што пакахаў іншую і нават збіраецца рашуча памяняць сваё жыццё — пераехаць на старасці гадоў да яе, новай каханкі. А Якаўлеўна ўгаманіцца не можа: як жа ён паедзе ў вёску жыць, людзі! Там жа, у той бабы, сам казаў, агарод амаль паўгектара, поўны хлеў рознай жыўнасці — парсюк, качкі, куры... Во яшчэ пра карову забылася папытаць. А яму ж, дурню, працаваць нельга!
— Чаму гэта яму нельга працаваць? — пацікавілася адна з насельніц бальнічнай палаты. — Ён, што, не мужчына? Ды, відаць, яшчэ ого які! Калі і ў санаторыі дарэмна часу не губляў! Ты, маладзіца, нешта не дагаворваеш, ці не так?
Якаўлеўна, падалося, нават крыху пакрыўдзілася, пачуўшы такі недавер да яе слоў.
— Чаму гэта я не дагаворваю? — адразу знайшлася яна. — Дагаворваю. Усё, як мае быць. Яму ж, дурню, два клапаны на сэрцы паставілі штучныя, чаму і ў санаторый трапіў. Хто б яго паслаў туды, калі б не быў хворы? А куды ж яна, мымра тая вясковая, цягне яго такога хворага? Я так разумею: толькі на верную смерць. На пагібель.
Нехта з жанчын пажартаваў:
— Дык чаго ты бядуеш? Хай едзе — памрэ, то ў цябе і гара з плячэй: хаваць не трэба самой.
Вось тут Якаўлеўна не на жарт пакрыўдзілася:
— А шкада ўсё роўна гіцля! Жылі ж доўга. Дзеці, унукі, нават і праўнукі ёсць. Не-не, дзеўкі, шкада. Вельмі. Доўгі ж час пад адной коўдрай спалі... за адным сталом елі...
— А я б, каб у мяне такое здарылася, турнула б не задумваючыся! — катэгарычна мовіла Вера. — А то герой! Бачылі яго, нахабніка! З тымі ж клапанамі, а цану сабе якую набівае, паразіт! Пайшоў прэч! Ведаць і чуць пра цябе не жадаю! А цябе, Якаўлеўна, шкада. Падумай, ці трэба табе такое дабро? Ён жа здраднік! Плюнуць у морду яму мала!.. Цьфу!..
Якаўлеўна сядзела на ложку і ківала галавой:
— Шкада, шкада, бабы. Як успомню, што два клапаны штучныя ў яго, як успомню... Прападзе ж у вёсцы. Сядзеў бы ўжо тут, у горадзе... на ўсім гатовым... Я ж табе і прынясу, і падам... Можа, што з галавой у яго здарылася? Мо, да доктара яму трэба?.. Не падкажаце, бабы?..
Бабы, канечне ж, шмат чаго падказалі. Чужую бяду, як кажуць, і рукамі развяду. А калі муж і сапраўды ніводнага разу не наведаў хворую, усе зразумелі: сышоў усё ж, ірад, кінуўся ў блуд!.. Не хлусіць Якаўлеўна.
І вылілі, не шкадуючы, шмат бруду на мужчыну-здрадніка, хоць ён быў і з двума клапанамі, а яе, жанчыну з добрай, па ўсім жа відаць, душой, падтрымалі як маглі. А калі раз-пораз Якаўлеўну ў палаце называлі дзівачкай, тады вочы свяціліся ў яе ледзь бачнымі прамінкамі. Можа, яна і сапраўды такая ёсць? Што, у рэшце рэшт, у тым кепскага? Ды і не гэта важнае сёння для жанчыны. Галоўнае для яе — каб муж, блазнюк, не загавеў на тым чужым агародзе, капаючы бульбу!..
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/vasil-tkachou
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyccyovinki