Па інфармацыі "Прэсбола" [1], новая хваля дамоўных матчаў у беларускім футболе, аб якой праваахоўнікі паведамілі напярэдадні, тычыцца гульняў ва ўсіх трох дывізіёнах, а таксама двух паядынкаў 1/16 фіналу Кубка краіны.
Па звестках "Прэсбола", у аператыўнай распрацоўцы прысутнічаюць сустрэчы з удзелам чатырох каманд вышэйшай лігі, аднак куды больш канкрэтыкі - у лізе першай, дзе дзіўных матчаў набярэцца з дзясятак. Сумна, што ў новай гісторыі, верагодна, фігуруюць некаторыя з тых, хто праходзіў у той ці іншай якасці ў мінулых справах пра дамоўныя матчы. Тады АБФФ за "дамоўнікі" пажыццёва дыскваліфікавала 12 чалавек, двое былі абвешчаныя персонамі нон грата.
Таксама можна меркаваць, што ў гульнях першай лігі, якія знаходзяцца ў распрацоўцы, фігуруюць клубы, да якіх ужо меліся афіцыйныя прэтэнзіі з боку АБФФ. І калі ў бліжэйшы час на парадку дня апынецца пытанне аб вакансіях у вышэйшай лізе, то не ўсе каманды, якія прэтэндуюць на павышэнне ў класе, змогуць рэалізаваць гэта права.
Па інфармацыі "Прэсбола", адным з матчаў, якія трапілі ў поле зроку праваахоўнікаў, мог аказацца і валейбольны паядынак мужчынскіх каманд "Камунальнік" (Магілёў) - "Марка" (Віцебск). Першая партыя засталася за магілёўцамі (25:23), тры астатнія выйгралі госці (25:21, 26:24, 25:20).
Спасылкі
[1] https://www.pressball.by/news/football/316001
[2] https://zviazda.by/be/tags/damounyya-matchy
[3] https://zviazda.by/be/tags/abff
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-futbol