За гэты час лаўрэатамі стала больш за 200 чалавек. Сёлета павялічылася і колькасць пераможцаў. Калі напачатку было дзевяць чалавек, то зараз прызнанне атрымалі 14 прадстаўнікоў творчых прафесій — музыкантаў, артыстаў, пісьменнікаў, мастакоў, журналістаў... Многія з іх прадэманстравалі свае творчыя работы перад пачаткам цырымоніі.
Народны майстар з Іўеўскага раёна Вера Чурэйна прэзентавала ўнікальныя вырабы з саломкі. Звяртае на сябе ўвагу незвычайны бусел на доўгіх нагах. У гэтай рабоце Вера Паўлаўна ўпершыню скарыстала асобы стыль укладкі саломкі — у выглядзе пялёсткаў. На згаданую работу спатрэбілася паўтара месяца, прычым жанчына працуе ўвесь дзень, да позняга вечара. Творы майстрыхі пабывалі на выстаўках у Польшчы, Галандыі, ЗША, Расіі, Украіне, краінах Прыбалтыкі. Вера Чурэйна плануе зрабіць калекцыю капелюшоў і пакінуць у спадчыну сваёй малой радзіме.
— Малая радзіма — гэта і ёсць нашы таленавітыя людзі, і мы імі ганарымся, — падкрэсліў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. — Духоўны пачатак заўсёды меў перавагу ў нашай краіне, у тым ліку і на Гродзеншчыне, і мы захоўваем традыцыі падтрымкі носьбітаў творчасці. Штогод знаходзім новых зорак, якія не толькі самарэалізуюцца, яны радуюць усё грамадства, становяцца прыкладам для моладзі ў адносінах да служэння сваёй зямлі.
У ліку такіх ініцыятыўных людзей — клубны работнік, кіраўнік узорнай студыі танца Верцялішкаўскага цэнтра культуры Станіслаў Марозаў. Летась ён арганізаваў і правёў найбуйнейшы ў Гродзенскім раёне танцавальны фестываль, на які з'ехалася каля 600 удзельнікаў. Ён лічыць, што базай для цікавых мерапрыемстваў могуць стаць не толькі культурныя ўстановы гарадоў, але і простыя клубы, дзе існуюць аматарскія калектывы, якія любяць сваю творчасць і дэманструюць годны ўзровень.
Нагадаем, што прэмія за дасягненні ў галіне культуры і мастацтва штогадовага конкурсу ўстаноўлена ў гонар былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама, Героя Беларусі Аляксандра Дубко, а цырымонія ўзнагароджвання праходзіць у дзень яго нараджэння. Ва ўрачыстасці традыцыйна прымае ўдзел удава Эма Нічыпараўна Дубко. А сёлета ганаровымі гасцямі абласнога свята сталі ўдзельнікі народнага сямейнага ансамбля «Сваякі» з Ваўкавыскага раёна. Нядаўна калектыў атрымаў званне лаўрэата прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры «За духоўнае адраджэнне».
Маргарыта УШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/grodna
[4] https://zviazda.by/be/tags/premiya