Перагляд зместу адукацыйных праграм у сферы бізнес-адукацыі прадугледжаны зацверджаным планам работы Рэспубліканскага савета па развіцці бізнес-адукацыі на 2019 год. Такая інфармацыя размешчана на сайце [1] Міністэрства эканомікі.
Праграмы бізнес-адукацыі перагледзяць з улікам распрацаванага ў мінулым годзе прафесійнага стандарту "Кіраванне камерцыйнай арганізацыяй".
Акрамя таго, плануецца скарэкціраваць тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты, якія вызначаюць прававы статус праграм МВА (Executive MBA, Mini MBA), і актуалізаваць адукацыйныя стандарты па групе спецыяльнасцей "Бізнес-кіраванне". Прадугледжана таксама падрыхтоўка канцэптуальных прапаноў па развіцці сістэмы бізнес-адукацыі на сярэднетэрміновую перспектыву для іх далейшага ўключэння ў якасці асобнага раздзела (падпраграмы) у праект праграмнага дакумента па развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі Беларусі на 2021-2025 гады. У планах абмеркаванне пытанняў прававога рэгулявання дыстанцыйнага навучання і прыцягнення міжнароднай тэхнічнай дапамогі для развіцця патэнцыялу сферы бізнес-адукацыі.
Усяго ў бягучым годзе адбудуцца тры пасяджэнні Рэспубліканскага савета па развіцці бізнес-адукацыі, на якіх намечана разгледзець 15 пытанняў.
"Змест плана работы савета на 2019 год сведчыць аб прадаўжэнні раней акрэсленага курсу на мадэрнізацыю сістэмы бізнес-адукацыі і выкарыстанне яе патэнцыялу для вырашэння маштабных дзяржаўна значных задач", - гаворыцца ў паведамленні.
У склад савета па развіцці бізнес-адукацыі ўваходзяць 25 членаў, у тым ліку 14 прадстаўнікоў бізнес-супольнасці і прафесійнай супольнасці ўдзельнікаў рынку бізнес-адукацыі. Савет можна разглядаць у якасці самарэгулюемай арганізацыі ў сферы бізнес-адукацыі, на пасяджэннях якой калектыўна выпрацоўваюцца рашэнні ў інтарэсах дзяржавы, сектара адукацыі і бізнесу.
Спасылкі
[1] http://www.economy.gov.by/ru/news-ru/view/utverzhden-plan-raboty-respublikanskogo-soveta-po-razvitiju-biznes-obrazovanija-na-2019-god-44679-2019
[2] https://zviazda.by/be/tags/biznes
[3] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya